Фотафакт: СК пачаў рассылаць адмовы ва ўзбуджэнні крымінальных спраў

Следчы камітэт пачаў рассылку адмоў ва ўзбуджэнні крымінальных спраў па факту гвалту і катаванняў у дачыненні да мірных удзельнікаў пратэстаў. 
Крыніца фота: Center_by

Фота адказа СК апублікаваў у twitter былы лагойскі ратавальнік Юрый Крывашэй.

У адмове, якую падпісаў следчы І. Караткевіч, гаворыцца, што рашэнне прынялі на падставе п. 2 ч. 1 арт. 29 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Гэты пункт азначае «адсутнасць у дзеянні складу злачынства».

Юрыя Крывашэя затрымалі 11 верасня, калі ён з жонкай і чатырохмесячным дзіцем ехаў на сваёй машыне ў краму, піша Свабода. Інспектар ДАІ папрасіў яго выйсці з аўтамабіля, пасля чаго мужчыну зацягнулі ў бусік некалькі чалавек у чорнай форме, масках і без апазнавальных знакаў. У аўтамабілі яго пабілі і завезлі ў аддзяленне міліцыі. Там ён некалькі гадзін ляжаў з рукамі за спінай у падвале. Потым мужчыну прынеслі падпісаць заяву на звальненне з Міністэрства надзвычайных сітуацыяй і асудзілі на 10 сутак. Яму заявілі, што ён адмаўляўся паказаць інспектару ДАІ дакументы і праехаць у РАУС для высвятлення асобы. Крывашэй кажа, што не ўдзельнічаў ні ў якіх акцыях, якія праходзілі ў горадзе, але актыўна выступаў у гарадскім тэлеграм-канале і чаце аб мясцовай ДАІ. Пасля вызвалення мужчына засведчыў сляды ўдараў і напісаў заяву ў Следчы камітэт. 



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: