«Францішак прасіў, каб тата з намі пайшоў на вуліцу». Севярынец у турме сустрэўся з жонкай і сынам

Паводле Вольгі Севярынец, наведванне магілёўскай турмы стала для сына праблемным досведам. Пра гэта жонка палітзняволенага распавяла «Свабодзе».

Павел Севярынец у магілёўскім судзе. 25 траўня 2021

25 траўня старшыня аргкамітэта БХД быў асуджаны на 7 гадоў зняволення праз абвінавачанне ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.

Пасля суду Вользе далі 2 гадзіны на спатканне з мужам — сустрэчу праз шкло з размовай праз тэлефон. На спатканне Вольга ўзяла 3-гадовага сына Францішка, якога Павел не бачыў з 7 чэрвеня мінулага года, калі яго затрымалі непадалёк ад свайго дома пасля мітынгу ля Камароўскага рынку.

Паводле Вольгі Севярынец, яны з мужам не гаварылі пра прысуд і працэс, а засяродзіліся на агульных сямейных справах.

— Францішак ужо добра гаворыць, і яны з Паўлам размаўлялі праз слухаўку. Сын рэагаваў, адказваў, усміхаўся і потым вельмі прасіў тату, каб ён з намі пайшоў на вуліцу пагуляць. Але неяк яму патлумачылі, што сёння не атрымаецца, — сумна ўспамінае Вольга.

Што гаварыў Павел Францішку, Вольга не чула, але пра некаторыя рэчы цяпер можа здагадацца.

— Раптам Францішак з прагулкі прынёс мне кветкі. Пытаюся: «Хто цябе навучыў?» — дык ён кажа, што тата. То-бок гэта Павел навучыў яго дарыць маме кветкі, — смяецца Вольга.

Паводле Вольгі, наведванне магілёўскай турмы стала для іх сына і праблемным досведам.

— Пачаў гуляць у турму. Да нас заходзіць суседка, дык зачыняе за ёй дзверы і кажа: «Усё, ты у турме». Не ведаю, што з гэтым рабіць, — дзеліцца Вольга Севярынец.

Пра настрой Паўла Вольга кажа гэтак:

— Ён унутрана сабраны, спакойны. Сказала б, што частка яго ўжо жыве ў турме, мяркую, абдумвае тое, што там будзе. Але застаецца па-ранейшаму духоўна моцным, як крэмень. Перадаваў усім, хто яго падтрымлівае, вялікі дзякуй, — паведаміла Вольга Севярынец пра сустрэчу.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: