Футбалістка, звольненая за падтрымку Пратасевіча: прапанавалі напісаць ліст, што я шкадую аб зробленым

Экс-гулец жаночай каманды брэсцкага «Дынама» Вікторыя Сідарчук распавяла «Трыбуне» пра тое, што было пасля яе акцыі ў падтрымку Рамана Пратасевіча.
Адна з лідараў брэсцкага «Дынама» Вікторыя Сідарчук на наступны дзень пасля незапланаванай пасадкі ў Мінску рэйса Афіны — Вільнюс і зняцця з борта журналіста Рамана Пратасевіча, прызнанага палітвязнем, падтрымала затрыманага, — падчас выканання гімна на кубкавым матчы супраць «Нёмана» яна павярнулася спіной туды, куды тварам стаялі сяброўкі і суперніцы.

Больш у заяўку «Дынама» Вікторыя не трапляла, хоць да гэтага праводзіла на полі ў кожны матчы каманды  па 90 хвілін. Праз паўтары тыдні пасля кубкавай сустрэчы ў сацсетках каманды паведамілі, што Сідарчук пакідае «бела-сініх». Пры гэтым у «Дынама» пачаўся кадравы дэфіцыт, перастала хапаць нават 11 футбалістак у заяўку на гульню.

— Неўзабаве пасля твайго ўчынку цябе адлічылі з «Дынама». Як ты пра гэта даведалася?

— На наступны дзень пасля матчу ў мяне быў дзень нараджэння. Мне патэлефанаваў дырэктар «Дынама» [Эрнэст Нікалайчук] і сказаў, што трэба тэрмінова прыехаць у ЦАР (Цэнтр алімпійскага рэзерву) і напісаць тлумачальную, навошта я гэта зрабіла. Не пагражаў, а проста папрасіў растлумачыць у пісьмовай форме. Прыехала, напісала, паразмаўляла з дырэктарам, патлумачыла яму матыў свайго ўчынку. Мяне выслухалі і ўсё.

Неўзабаве паведамілі, што адлічваюць з каманды. Прыйшла праз некалькі дзён на гульню дзяўчат у чэмпіянаце. Там да мяне падышоў дырэктар ЦАР [Васіль Шчагрыковіч] і прапанаваў падпісаць ліст, дзе гаварылася б, што я не хацела гэтага здзяйсняць, шкадую аб зробленым і абяцаю, што такое не паўторыцца. Тады ў мяне нібыта з'яўляліся б шанцы вярнуцца ў каманду. Але пісаць падобнае я не стала. Больш нічога не прапаноўвалі.

— Не было крыўдна, што гуляла за каманду з першага сезона існавання — і тут так да цябе паставіліся?

— Было. Але тут усё зразумела. Людзі перажываюць толькі за сваю будучыню, за сваю пасаду. У нас не такі клуб, які будзе за кагосьці біцца або адстойваць меркаванне сваіх гульцоў. Ты сама «правінілася» — сама адказвай.

— Якая-небудзь рэакцыя была ад каманды? Усё-такі прыбралі аднаго з яе лідараў.

— Блін, нават не ведаю, што табе адказаць. Напэўна, ніяк не адрэагавалі. Так, сказалі: «Бляха», «Гамон», «Як так?». Але такога, што, напрыклад, без мяне не будуць гуляць, я не чула. Галоўны трэнер сказала, што зразумела сэнс майго ўчынку, але не ўбачыла, дзеля чаго я гэта рабіла, што не варта было губіць сябе і сваё жыццё дзеля падтрымкі Пратасевіча, — распавяла Сідарчук.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: