Футбол, як і Беларусь, больш не будзе ранейшым

У нядзелю сапраўдныя беларусы ганялі ва ўсю моц па зацярушаных снегам вуліцах, мабільна пазбягалі непажаданых спатканняў з сілавікамі — і гульцы клубаў вышэйшай лігі тэарэтычна моглі б узяць у пратэстах удзел, бо ў іх ужо зімовыя вакацыі.
Фота прэс-службы ФК «Шахцёр». Футбалісты «Шахцёра» радуюцца выйгрышу чэмпіянату

Фота прэс-службы ФК «Шахцёр». Футбалісты «Шахцёра» радуюцца выйгрышу чэмпіянату


Фактычна ж чакаць ад большасці з іх грамадзянскай актыўнасці даўно не прыходзіцца. Узгадаваныя на бюджэтных харчах, яны нібыта жывуць у сваім плюшавым свеце. Ну, дый ладна.

Нацыянальнае першынства фінішавала ў суботу. Чэмпіёнам нечакана стаў «Шахцёр» — упершыню за апошнія 15 гадоў. Фаварыт БАТЭ другі сезон запар застаўся без залатых медалёў, і што асабліва прыкра — з вельмі цьмянымі перспектывамі наконт далейшага існавання.

Як казалі ў старажытнасці, sic transit gloria mundi. Што ў перакладзе азначае — самі вінаватыя.

Усё было ў руках барысаўчан. Перамагай у Мінску мясцовае «Дынама» — і замаўляй чэмпіёнскі кардэбалет на цэнтральнай плошчы свайго павятовага горада. Пад гэтую справу нават у Доме футбола вырашылі пабаяцца бога і скасавалі частку дыскваліфікацыі Ігара Стасевіча — капітана і лідара БАТЭ. «Жоўта-сінія» ў выніку змаглі разлічваць амаль што на наймацнейшы склад, але рады мінчанам так і не далі.

Матч завяршыўся бляклай нулявой нічыёй, а барысаўчане на полі выглядалі так, нібыта напярэдадні ўручную, корпаючыся на каленях, выбралі сорак сотак бульбы. Вочы не гараць, ногі набрынялі стомай, сэрца б’ецца толькі думкай адной — хутчэй бы ўсё гэта скончылася. Яно і скончылася, і яшчэ добра, што «па нулях». Бо «Дынама» мела шанцы перамагчы — каб у сярэдзіне першага тайма рэалізавала пенальці. Аднак варатар Антон Чычкан выратаваў — зрэшты, плёну з таго каманда так і не здабыла.

Ледзьве рухаючыся ў Мінску, БАТЭ цешыўся надзеяй на паралельную рэчаіснасць. Тая клакатала ў Салігорску, дзе годна і адважна «Мінск» даваў адпор «Шахцёру». Двойчы вёў у ліку, потым доўга трымаў нічыйныя лічбы на табло — і ўсё гэта было на карысць барысаўчан. І ўсё-ткі пад самы фініш гарнякі даціснулі няўрымслівых сталічнікаў. Перамогу яны вырвалі на 92-й хвіліне, пасля чаго стала зразумела, што свайго каманда ўжо не аддасць.

Такая была галівудская закрутка ў барацьбе за золата — і такая развязка на карысць Салігорска, дзе пра чэмпіёнства марылі ажно паўтара дзясяткі гадоў. З тых самых часоў, калі ў 2005 г. «Шахцёр» стаў найлепшым у краіне нават з адрывам, датэрмінова.

Заліхвацкі трылер выдалі і барацьбіты за бронзу. Брэсцкае «Дынама» чаплялася за апошні невялікі шанц і сваю справу зрабіла — натаўкла ў карак «Нёману», што завітаў у госці. Дзякаваць за тое цяпер ужо экс-чэмпіёнам доўга-доўга будуць у Жодзіне. Менавіта такі вынік у Брэсце склаўся на карысць «Тарпеда», праліўся бальзамам на душу іх трэнера Юрыя Пунтуса і яго хлопцаў. Яны ў Віцебску здабылі цяжкую вікторыю, забіўшы рашаючы гол напрыканцы гульні. Што ж, тым радасней было пасля фінальнага свістка адхлёбваць «бронзавае» шампанскае, балазе яно яшчэ не скончылася ў Беларусі.

Але завяршыўся сезон. Наперадзе хіба што пераходныя матчы — у іх месца ў вышэйшай лізе будуць дзяліць «Слуцк» і «Крумкачы». Першы — як трэцяя з канца каманда мацнейшага дывізіёну, другія — як трэцяя каманда дывізіёну 2. Тое яшчэ наперадзе, а пакуль — кароткія высновы з таго, што было, і лаканічны экскурс у будучыню, якая, мякка кажучы, не абяцае беларускаму футболу занадта хлебнага дабрабыту.

Тыдзень таму мы паведамлялі, што няўдача БАТЭ ў барацьбе за золата з вялікай верагоднасцю стане «чорнай меткай» для клуба. Не стане крыніцы заробку праз Лігу чэмпіёнаў — узнікне рызыка аднойчы пакласці зубы на паліцу. Гэтай трывогай цяпер і жывуць барысаўскія заўзятары, і ў ёй няма перабольшання.

Тое ж самае, здаецца, чакае і брэсцкае «Дынама» — і такі паварот мы таксама акрэслілі. І вось ужо развіталіся з камандай лідары Арцём Мілеўскі і Павел Савіцкі — і гэта толькі першыя ластаўкі, якія пакідаюць берагі Буга. Берагі тыя больш не будуць кісельнымі, гэта значыць, што за сціплыя грошы ў Брэсце застануцца толькі сціплыя гульцы. З адпаведнымі мэтамі-задачамі — зусім не напалеонаўскімі.

Ну, і ўвогуле фінансавыя пытанні множацца так імкліва — хоць зараз замаўляй пахавальныя вянкі. Немаведама што будзе з «Іслаччу», усе гульцы якой (за выключэннем маладых) напісалі заявы аб сыходзе. Хмары на гарызонце «Гарадзеі» і «Слуцка» — сумныя наступствы гучнай і крымінальнай «цукровай справы». Плюс навічок лігі — рэчыцкі «Спадарожнік» — мяркуючы па ўсім, на вышэйшым узроўні так і не згуляе. Проза жыцця: раптам выявілася, што лішніх грошай на футбол у спонсара няма.

«Што будзе заўтра?» — пытанне, якое хвалюе футбол ужо сёння. Зрэшты, не толькі футбол. Уся Беларусь, цяжарная пераменамі, здранцвела ў чаканні. Ці загляне сонца ў наша ваконца?


ЧЭМПІЯНАТ БЕЛАРУСІ
ВЫНІКІ 30-га ТУРА
28.11. СЛАВІЯ (Мазыр) — ЭНЕРГЕТЫК-БДУ (Мінск) — 2:1 (Жук, 88, 90 — Малькевіч, 76, аўтагол). ДЫНАМА (Брэст) — НЁМАН (Гродно) — 3:1 (Гардзейчук, 22, Мілеўскі, 67, Быкаў, 94+ — Юзэпчук, 21, аўтагол). ІСЛАЧ (Мінскі раён) — ГАРАДЗЕЯ — 2:2 (Юсаў, 35, Карповіч, 50 — Махамед-Джухары, 7, С. Архіпаў, 23). ДЫНАМА (Мінск) — БАТЭ (Барысаў) — 0:0. ВІЦЕБСК — ТАРПЕДА-БЕЛАЗ (Жодзіна) — 2:3 (Матвеянка, 14, Чарвякоў, 79 — Д. Анцілеўскі, 8, Габрыэл Рамас, 51, Велоза, 86). ШАХЦЁР (Салігорск) — МІНСК — 4:2 (Кендыш, 24, А. Архіпаў, 72, 97+, Бягуноў, 92+ — Жэрдзеў, 18, Шрамчанка, 52). БЕЛШЫНА (Бабруйск) — РУХ (Брэст) — 3:7 (Лявіцкі, 10, 68, Рэкіш, 83 — Садоўскі, 19, з пенальці, 21, 44, 70, В. Анцілеўскі, 24, Шаўчэнка, 63, Пятрэнка, 75).





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: