Футбол вырашылі «раскулачыць»

«Ты бачыш на мне гэтыя порткі? Гэта велікодныя порткі! Раней я надзяваў іх толькі на Вялікдзень, але цяпер нашу кожны дзень…» 
Фота прэс-службы ФК «Шахцёр»

Фота прэс-службы ФК «Шахцёр»

Словы ільфа-пятроўскага Фунта сёння дарэчныя, як яйка да Хрыстова дня. Бо акурат пад велікодныя святы беларускія футбалісты згулялі чарговы тур першынства краіны, а незадоўга да таго даведаліся, што ўлюбёная дзяржава наважылася моцна іх пакрыўдзіць — адным махам падрэзаць матэрыяльныя выгоды. Не, нацягваць апошнія нагавіцы гэта хлопцаў не прымусіць, але адчувальна зацягнуць паясы давядзецца. І заадно — задумацца пра далейшае існаванне ў прафесіі.

Такое настае жыццё. Грошай на футбол у краіне не хапае. Тыя, хто падпісваў ліст праўладных спартсменаў, павінны прыняць новыя стандарты з непадробнай удзячнасцю.

У Гродне спее адстаўка

Што да гульняў сёмага тура, то яны зноў цалкам упісаліся ў нашу сёлетнюю лінейную рэчаіснасць. Мы ўжо падкрэслівалі: беларускі футбол цяпер прадказальны, як рэакцыя міліцэйскага патруля на любую БЧБ-расфарбоўку на шыбах шматпавярховіка. Мінулыя выходныя гэта толькі пацвердзілі.

«Шахцёр» перамог і застаўся на першым радку табліцы. БАТЭ перамог і застаўся на другім. Мінскае «Дынама» таксама не схібіла, і яно цяпер трэцяе. Калі ў вас ёсць азарт і лішнія грошы, то можаце занесці іх у бліжэйшы букмекерскі шапік — ды паставіць на тое, што гэтая тройка ды ў гэтым парадку захаваецца да фінішу. Добрая верагоднасць, што ўвосень вы выйграеце — і крыху паправіце свае фінансавыя справы. Пры ўмове, зразумела, што за паўгода ўкладанні не зжарэ бязлітасная інфляцыя.  

Прайграла «Смаргонь», прайграў «Спадарожнік» — унізе табліцы таксама ўсё стабільна. І зусім бы ўжо было самотна навічкам вышэйшай лігі, каб не занядужаў раптам «Нёман». Летась гродзенцы цудоўна гойсалі па футбольных палях і ледзьве не вырвалі медалі. Аднак у гэтым чэмпіянаце нешта адразу пайшло не так. Чаму? Мо карма адгукаецца? Бо ў чарзе на падпісанне праўладнага ліста «нёманцы» аказаліся ці не першымі — падтрымкай дзейснага курса пахвальна адзначыліся клубнае кіраўніцтва і трэнерскі штаб. А мо банальнае «пахмелле»? Бо год таму занадта ўжо высока ўзляцела каманда — вось зараз кіслароднае галадаванне і гне яе долу.

Як бы тое ні было, але галоўны трэнер «Нёмана» ўжо абвясціў пра сваю адстаўку. «Я прыняў такое рашэнне…» — сказаў Ігар Кавалевіч пасля паразы ад «Іслачы». Яшчэ як прыйдзецца — пасля сямі тураў у гродзенцаў аніводнай перамогі і і апошняе месца ў пелетоне.

Скарачэнне заробкаў

А цяпер пра галоўнае — пра што гудуць нашы футбольныя кулуары ўжо каторы дзень. Пра грошы, якіх стане значна меней, бо так вырашылі партыя і ўрад. Бо такая — калі паглядзець у корань — эканамічная сітуацыя склалася ў бесперапынна квітнеючай Беларусі.

Наконт урада, дарэчы, аніякага перабольшання. Рашэнне «раскулачыць» футбалістаў прынята менавіта на ўзроўні Саўміна і апублікавана на адпаведных інтэрнэт-пляцоўках за подпісам прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі. Раней у тым жа кірунку спрабавала корпацца федэрацыя, але, відаць, яе высілкі не падаліся наверсе пераканаўчымі. І тады за рычагі пацягнула дзяржава.

У чым сутнасць абвешчанай «харчразвёрсткі»? Не будзем катаваць чытача лічбамі, выдзелім галоўнае. Яно палягае ў тым, што высокім рашэннем усталёўваюць столь заробкаў. То-бок чырвоную рысу, перасякаць якую забаронена. Менш плаціць можна, болей — …тады, паводле нашай гуманнай логікі, можна аднойчы дачакацца ў госці прадстаўнікоў дзяржкантролю. З усімі выцякаючымі наступствамі.

Ключавая лічба новай, «аптымізаванай», сістэмы аплаты працы футбалістаў — каля васьмі тысяч рублёў. Дый на яе змогуць з чыстым сумленнем арыентавацца толькі гульцы тых клубаў, якія ў мінулым чэмпіянаце сталі прызёрамі (наўпрост цяпер гэта «Шахцёр», БАТЭ і жодзінскае «Тарпеда»). Астатнім наканавана зменшыць апетыты яшчэ болей. І чым ніжэй у табліцы фінішаваў клуб год таму, тым прапарцыянальна больш сціплым будзе для такога фонд заробкаў.

Выключэнне прадугледжана толькі адно — для футбалістаў зборнай. Такі пачэсны статус дасць дазвол працадаўцу на максімальны заробак у памеры 15 тысяч рублёў.

Што адметна: аналагічныя меры стрымання будуць тычыцца іншых гульнявых відаў спорту — уключна з хакеем. Што адметна ўдвая: падпісаная прэм’ерам Галоўчанкам пастанова датаваная 20 сакавіка і «набывае моц пасля яе афіцыйнага апублікавання». Гэта значыць, што проста пасярод сезона клубам патрэбна ўціскаць гульцоў па важным грашовым пытанні.

Дык хіба гэтага мала?

Маладасведчанага чытача, вядома, надта здзівяць нават гэтыя скарочаныя сумы. Маўляў, як так — ажно восем тысяч? Тры тысячы долараў? За што? Каму? Тым майстрам скуранога мяча, лепшыя з каторых здатныя толькі на тое, каб атрымаць ад бельгійцаў восем безадказных галоў?

І галоўнае — гаворка ж ідзе пра бюджэтныя сродкі, грошы падаткаплацельшчыкаў. Дык чаго іх у такой колькасці ўкідваюць у футбол, з якога мала карысці, а не аддаюць, напрыклад, у медыцыну ці адукацыю?

Ну што сказаць... Такая вось яна — сістэма нашага «рыначнага сацыялізму». З аднаго боку, каб канкураваць, трэба адпавядаць сусветным футбольным трэндам. А там футбалісты — людзі заможныя. З іншага боку, на Захадзе футбол сам зарабляе — і сам жа заробленым распараджаецца. Зарабляе — на рэкламе, квітках і «мерчы», на тых жа тэлевізійных правах. Адпаведна, і хапае з таго на астранамічныя заробкі для рухавікоў дый простых супрацоўнікоў індустрыі.

У Беларусі ж рынка няма — і не толькі ў спорце. Зарабіць футболам немагчыма, бо ўсё спрэс дзяржаўнае: тэлебачанне, стадыёны, наогул самі клубы. Што тады застаецца? Правільна: па-багатаму чэрпаць з бюджэту, абдзяляючы іншых і спараджаючы ў грамадстве вядомыя класавыя пачуцці.

З гэтага гледзішча ўрадавае рашэнне можа ўспрымацца і як адзіна правільнае. Прынамсі, сярод беларусаў заўсёды хапала тых, хто адносна футбалістаў выказваўся з катэгарычнасцю ката Матроскіна: маўляў, дарма мы іх кормім. І ў гэтым сапраўды ёсць рацыя, бо, скажам, у «Шахцёры» сёння нікога не здзівіш месячным заробкам у раёне 10–20 тысяч долараў. Не здзівіш гэтым нават мясцовых гарнякоў з «Беларуськалія», з чыёй цяжкай працы на шырокую нагу жыве тая самая каманда, што мінулым летам ганебна вылецела з еўракубкаў пасля паразы ад сціплага суперніка з невялікай малдаўскай вёскі.

То-бок, па змесце ўлады, магчыма, кіруюцца слушнымі матывамі — тым больш час такі, што заўтра, можа, будзем лічыць капейкі. Але ж па форме, як ні паглядзі, атрымліваецца спрэс крыва. Хацелі як найлепш — атрымліваецца як заўсёды.

Якія будуць наступствы?

Найлепшыя (і, значыць, высокааплатныя) гульцы вышэйшай лігі за кропкавымі выключэннямі сканцэнтраваныя ў чатырох клубах: у «Шахцёры», БАТЭ, мінскім «Дынама» і брэсцкім «Руху». Брэстаўчан тут адразу варта вынесці за дужкі, бо клуб належыць бізнесоўцу Аляксандру Зайцаву — уласнасць прыватная, таму дзяржаўнае рэгуляванне заробкаў яго не датычыцца.

А вось астатняя тройца — тая самая «мэтавая аўдыторыя», па якой новыя правілы мусяць ударыць балюча. Бо рэзаць заробкавыя ведамасці тут трэба найбольш жвава і радыкальна. Самае надзённае (калі звяртацца да формы) — як гэта зрабіць пасярод сезону? Вельмі хутка і імгненна, без усялякіх прынцыпаў паступовасці і іншых буферных перыядаў? Кантракты падпісаныя самае позняе зімой і дзейнічаюць. Усе паперы зарэгістраваныя і маюць канкрэтныя тэрміны. Улазіць у гэтую бухгалтэрыю ў разгар чэмпіянату з хірургічным інструментам і бальшавіцкім імпэтам — іскры паляцяць непазбежна. І калі вядучыя клубы не знойдуць шляхоў неяк абыйсці новыя нарматывы (такое таксама імаверна ў нашых спецыфічных прававых рэаліях), то гарантаваныя канфлікты, карупцыйныя рызыкі і іншыя незваротныя наступствы.

Самае відавочнае з наступстваў — банальны сыход лепшых гульцоў і асабліва легіянераў. Тых, каго не ўсцешыць столь у тры тысячы долараў — і каму за мяжой могуць плаціць болей. А могуць шмат дзе: Расія (другі дывізіён), Украіна, Казахстан, сярэдняй рукі заходнія чэмпіянаты… Дзе-нідзе сёння нават у Латвіі могуць прапанаваць годны кантракт, і туды апошнім часам беларусы пацягнуліся жвавым ланцужком. Пацягнуцца, калі што, і цяпер — і нашы майстры, і тым больш легіянеры, перад якімі ўвогуле адкрыты ўвесь свет.

Ну а рэзкае збядненне беларускага першынства на гучныя імёны потым абавязкова адгукнецца ў еўракубках — і гэты водгук мала каму спадабаецца. Дый сама вышэйшая ліга праз такое ўзрушэнне моцна здрыганецца, збялее і страціць нават той невялікі рэйтынг, які зарабіла цягам апошніх дзесяцігоддзяў.

Але што ж ты зробіш — грошай няма, а на дрэвах яны не растуць. І ў кішэнях велікодных штаноў таксама самі па сабе не з’яўляюцца.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: