Футбольны клуб «Крумкачы» абвесціў аб змене назвы

Клуб спадзяецца, што заўзятары зразумеюць гэты крок, і звяртаецца да ўсіх з просьбай дапамагчы ў выбары новай назвы, піша Радыё Свабода.

championat.com

championat.com

«Сёлета мы выканалі задачу — зрабілі крок наперад, выйшлі ў першую лігу. І гэта новы выклік, які мы прымаем з вашай падтрымкай і дапамогай. У сваю чаргу, абяцаем не спыняцца — паспрабуем і далей радаваць вас новымі перамогамі і дасягненнямі», — гаворыцца ў звароце «Крумкачоў».
Клуб тлумачыць, што «будаўніцтва немагчыма без перабудовы, а часам і разбурэння». І першы сур’ёзны крок, які ФК «Крумкачы» хоча зрабіць — змяніць назву.

«Мы доўга думалі і разважалі на гэту тэму, перш чым прыйсці да такога рашэння. І сёння яно наспела. Мы жадаем і павінны захаваць пераемнасць нашага брэнда, але рэаліі такія, што на шляху стварэння сур’ёзнага прафесійнага клуба неабходна "казку ператварыць у рэчаіснасць"», — гаворыцца ў звароце.

Сёлета рашэннем Беларускай федэрацыі футболу (БФФ) «Крумкачы» былі дыскваліфікаваныя з вышэйшай лігі: мінскай камандзе адмовілі ў ліцэнзіі за «сістэматычныя парушэнні» патрабаванняў рэгламэнту — парушэнне тэрмінаў падачы дакументаў і зрыў працэсу ліцэнзавання.


У «Крумкачоў» змяніліся заснавальнікі, каманда заявілася ў другую лігу, заняла па выніках сезону другое месца і атрымала падвышэнне ў рангу. Але легалізавацца ў першай лізе, дзе патрабаванні рэгляменту больш жорсткія, чым у аматарскім футболе, аказалася не так проста: клуб з такой назвай ужо існуе, рэгістраваць новы федэрацыя не збіраецца.

Футбольны клуб «Крумкачы» заснаваны 20 сакавіка 2014 году. Каманда паслядоўна прайшла ўсе прыступкі — аматарскую другую лігу, паўпрафесійную першую, а ў 2016-м ужо праводзілі дэбютны сезон у кампаніі наймацнейшых удзельнікаў чэмпіянату Беларусі. Аднак неўзабаве паўсталі фінансавыя праблемы: «Крумкачы» аказаліся адзінымі ў элітным дывізіёне, хто не меў дзяржаўнай падтрымкі. За імі не было ні гарадскіх адміністрацый, ні буйных прадпрыемстваў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!