Футбольныя і не толькі пытанні лістапада

Да сканчэння футбольнага сезона застаецца адзін дзень. У суботу ў сямі гарадах краіны адбудуцца матчы апошняга, 30-га, тура нацыянальнага чэмпіянату, пасля чаго стадыёны закрыюць на зіму.
Фота pressball.by. Старшыня БФФ Уладзімір Базанаў: год нявырашаных задач

Фота pressball.by. Старшыня БФФ Уладзімір Базанаў: год нявырашаных задач

Гэта ў беларускага пратэснага руху няма ні пачатку, ні канца — ні добрага, ні дрэннага надвор’я. Футбольнае першынства, як санкцыянаванае мерапрыемства, стартуе і фінішуе строга па графіку.

Галоўнае пытанне, што застаецца адкрытым, фармулюецца коратка, як слоган «Жыве Беларусь». Хто гэтым разам стане чэмпіёнам краіны? Пытанне не галоўнае, але таксама цікавае, — хто атрымае бронзавыя медалі, а з імі — і квіток у Лігу Еўропы на наступны год? Напярэдадні чарговага нядзельнага маршу не прапусціце футбольную суботу. Тут вас не будуць пакаваць па артыкуле 23.34, не будуць частаваць дручкамі па філейных частках і ганяць «ва ўсю мошч» па дварах і пад’ездах. Але дзень таксама мусіць напоўніцца адрэналінам і відовішчамі, якія забудуцца яшчэ не хутка.

Павярнуўся — праехаў у пастарунак

Зрэшты, наконт пакавання ў эпічныя бусікі — гэта яшчэ як пашанцуе. Напрыклад, у мінулую нядзелю ў патрыярхальнай Гарадзеі некалькі чалавек вырашылі праверыць сістэму на пільнасць — і сістэма не спасавала. Перад пачаткам матча перадапошняга тура з брэсцкім «Дынама», калі зайграў дзяржаўны гімн, заўзятары павярнуліся спінай да поля і заклалі рукі за галаву, нібыта затрыманыя ў тэрытарыяльным РУУС.
Затрыманымі яны неадкладна і сталі. Пільныя людзі ў пагонах звезлі хлопцаў у нясвіжскі пастарунак, дзе, аднак, іх не пакінулі начаваць. Выклікалі на наступны дзень па пазове — і пасля прафілактычнай гутаркі адпусцілі з мірам, і нават пратаколы не склалі. Гульні мужчыны не ўбачылі, але і тое, што не былі пасаджаныя на колькі дзён на казённыя харчы, ужо добра. І на тым дзякуй, як кажуць.

Брэст, дарэчы, выйграў той матч, прычым буйна — 4:1, аднак плёну з таго — як з казла малака і кефіру. Песня «Дынама» ўжо захлынулася — чэмпіёнскі тытул каманда не абараніла. З гэтым яшчэ можна было б неяк жыць, бо з кім не бывае. Аднак жа справа ў тым, што пытанне жыцця наогул перад клубам зімой можа паўстаць ва ўсёй страшэннай вастрыні.

Чуткі пра тое, што гаспадар «Дынама» — набліжаны да ўладаў бізнесовец Аляксандр Зайцаў, — паступова страчвае інтарэс да даражэзнага праекта, луналі ў нашым футбольным соцыуме ўвесь год. На тыдні ж яны набылі красамоўную інфернальную канкрэтыку. Медыя паведамілі, што бліжэйшым часам клуб страціць дзіцяча-юнацкі падмурак — акадэмію, створаную якраз па ініцыятыве Зайцава.

Планы на ўласную футбольную школу былі грандыёзныя — зрабіць з часам так, каб «Дынама» абапіралася на сваіх гадаванцаў, як які-небудзь галандскі «Аякс». І тым самым падкрэслівала сваю аўтэнтычнасць — і, што важна, абыходзілася без буйных выдаткаў на легіянераў. У акадэмію ўбухалі шмат грошай, стварылі філіі ў іншых рэгіёнах — і тут раптам вось такі пшык. Як прадвеснік таго, што ў будучым годзе чэмпіён–2019 — той самы, што раскідваўся грашыма налева і направа, запрашаў да сябе Марадону і лётаў на гасцявыя гульні самалётам, — вернецца да існавання на падножным корме. Як у дазайцаўскія часы, калі ў «Дынама», здаралася, не знаходзілася сродкаў на 3G-мадэм для анлайн-трансляцый.

Што ж будзе з дынамаўскай акадэміяй? Гэты сцэнар таксама, хай і неафіцыйна — агучаны. Нібыта яна пяройдзе да другой брэсцкай каманды — «Руху», якой Зайцаў апякуецца паралельна і негалосна.

БАТЭ ці «Шахцёр»?

Між тым, «Рух» гуляў у мінулым туры з «Шахцёрам». І, саслабелы ад каронавіруса (у камандзе з кавідам шмат гульцоў), аддаў салігорцам перамогу. Занадта радавацца гарнякам не давялося, бо перамог і БАТЭ — разнёс ушчэнт «Белшыну», якая разам са «Смалявічамі» корпаецца ўнізе табліцы і ў наступным сезоне будзе барахтацца ў другім дывізіёне.

Лідары выйгралі — і адклалі вырашэнне «залатога» пытання на апошні гульнявы дзень. Гэта будзе кульмінацыя чэмпіянату, і проста цяпер аддаць камусьці перавагу немагчыма.

Так, інтрыга шугае агнём, і адно ачко гандыкапа аніяк не супакойвае Барысаў. Яму патрэбна перамагаць, аднак змагацца давядзецца не са здыхляком з іншай вагавой катэгорыі. На гарызонце ў БАТЭ мінскае «Дынама» — тое самае, што напрыканцы сезона дае дразда і захоўвае шанцы на трэцяе месца. Да таго ж, гэта вядомае беларускае «класіка», вынік якога ніколі нельга прадказаць. У першым крузе, напрыклад, дынамаўцы ў Барысаве ўпэўнена раскалашмацілі гаспадароў і перамаглі 2:0. Што перашкаджае паўтарыць тое ж самае заўтра на галоўным стадыёне краіны? Ці хаця б згуляць унічыю, што для БАТЭ таксама стане катастрофай.
Бо ў «Шахцёра» фініш непараўнальна больш просты. У сваім родным Салігорску раскурочыць «Мінск», які ўсе свае задачы ў гэтым годзе вырашыў, — хіба біном Ньютана для суіскальніка чэмпіёнскага тытула? Хаця гарантаваць, канешне, нічога нельга. Салігорцы — якраз з той пароды каманд, якія могуць, даруйце, накласці ў порткі ў самы непадыходзячы момант. Бо кішка тонкая — і яна не раз ужо падводзіла, так што ўсё можа здарыцца і заўтра ў Салігорску.

Што да бронзавых медалёў, то яны спакушаюць адразу чатырох — «Нёман», «Тарпеда»-БелАЗ і абодва «Дынама». Тут закрутка такая, што без паўлітровай шклянкі не разбярэшся. Само па сабе сенсацыйна тое, што на ўзнагароды да апошняга прэтэндуюць Гродна і Жодзіна. Бо на пачатку сезона здавалася, што шанцы гэтых каманд на п’едэстал прыкладна такія ж, як у Ганны Канапацкай выйграць прэзідэнцкія выбары. Але ж глядзі ты — яны здолелі. І ў суботу будуць біцца адчайна, бо іншай магчымасці ўвайсці ў гісторыю можа не быць.

Ключавая падзея ў гэтай інтрызе — бітва ў Брэсце, дзе супраць «Дынама» выйдзе «Нёман». Аднак і тарпедаўцам будзе не соладка — ім ехаць у Віцебск, дзе нікому не бывае лёгка.

Хто адкажа за правалы?

Тым часам, нягледзячы на адкрытыя пытанні, ужо можна рабіць несуцяшальныя высновы. Хто б ні выйграў чэмпіянат, стратэгічна сітуацыю ў беларускім футболе гэта не зменіць. А сітуацыя гаротная — год адыходзіць у гісторыю пад пахавальны марш Шапэна. Куды ні кінь, усюды клін — і правал за правалам.

«Новы Час» пра гэта ўжо пісаў. І што нацыянальная зборная, маркотна саступіўшы ў Тбілісі, страціла рэальны шанец патрапіць на чэмпіянат Еўропы. І пасля нават не знайшла суцяшэння ў Лізе нацый, дзе таксама «зліла» рашаючы матч. І што клубы сінхронна — і недапушчальна рана (за ўмоўным выключэннем брэсцкага «Дынама») — павыляталі з еўракубкаў, як той корак з бутэлькі сідру. І маладзёжная зборная свой адборачны турнір ушчэнт заваліла. І ў стасунках з каронавірусам не хапала паслядоўнасці і зашкальвала колькасць кіданняў з крайнасці ў крайнасць. І суддзі традыцыйна шкодзілі, узрываючы футбольны соцыум скандальнымі памылкамі ў прынцыповых гульнях…

І ў тым соцыуме, дарэчы, спакваля размылася элементарная прафесійная салідарнасць і карпаратыўная этыка. Бо, з аднаго боку, клубы, а з другой — федэрацыя, што чамусьці вырашыла кіраваць метадамі безапеляцыйнага дыктату. Вось да яе — федэрацыі — бадай, і назапасіліся сур’ёзныя пытанні.

Адміністрацыя Уладзіміра Базанава прыйшла ў Дом футбола ў сакавіку мінулага года. Два сезоны мінулі з таго часу — і, мякка кажучы, неяк нябачна зрухаў да лепшага. Таму пра адказнасць гаворка напрошваецца сама сабой. Урэшце менавіта новае кіраўніцтва аддала зборную ў рукі малавопытнага трэнера Міхаіла Мархеля, і з ім каманда са свістам праляцела міма ўсіх мэтаў і мараў.

Цяпер Мархеля з вялікай верагоднасцю адправяць у адстаўку. Але ці стане гэта ахвяра адзінай — і ці не патрапіць пад «скарачэнне штату» ўласна кіраўніцтва федэрацыі?

Канешне, у гэты момант такое пытанне гучыць заўчасна. Не кажучы пра тое, што фармальна камандоры БФФ падпарадкоўваюцца не дзяржаве, а УЕФА, і іх выбарныя паўнамоцтвы заканчваюцца толькі ў 2023 годзе. Але ў нашых епархіях, вядома, свае статуты — і часта дастаткова красамоўнага намёку зверху, каб тэктанічныя кадравыя працэсы распачаліся нібыта самі па сабе.

Зразумела, там, наверсе, няма задавальнення ад таго, што футбол не толькі не здолеў стаць опіумам для народа, а роўна наадварот. Заўзятары сваіх «футбалёраў» крыюць на чым свет стаіць, ці ўвогуле страцілі да іх усялякі інтарэс. І калі раптам Лукашэнка вырашыць «ператрахнуць» Дом футбола, то гэта дакладна будзе папулярны крок, які беларуская тарсіда ўхваліць.

Зрэшты, зараз яму наўрад ці да футбола — бо звонку ціснуць санкцыямі, а знутры пратэстамі, якія не спыняюцца ўжо больш за тры месяцы. Аднак нешта ўсё ж падказвае: напрыканцы года ў аўгіевы футбольныя канюшні можа завітаць буйная і прадстаўнічая рэвізія.

ЧЭМПІЯНАТ БЕЛАРУСІ

ВЫНІКІ 29-га ТУРА

22.11. СМАЛЯВІЧЫ — СЛАВІЯ (Мазыр) — 0:3 (Слюсар, 5, Тлупаў, 90, Жаўнераў, 92+, аўтагол). БАТЭ (Барысаў) — БЕЛШЫНА (Бабруйск) — 5:0 (Мукам, 39, Скавыш, 56, з пенальці, 57, Няхайчык, 73, Міліч, 91+). ГАРАДЗЕЯ — ДЫНАМА (Брэст) — 1:4 (Сайчыч, 53 — Гардзейчук, 50, Лапцеў, 64, Мілеўскі, 79, Наёк, 90). НЁМАН (Гродна) — СЛУЦК — 1:0 (Кадзімян, 29). МІНСК — ВІЦЕБСК — 2:2 (Еўдакімаў, 6, Ал.Васільеў, 17 — Клапоцкі, 43, Чарвякоў, 92+). РУХ (Брэст) — ШАХЦЁР (Салігорск) — 1:2 (Садоўскі, 14 — Анціч, 8, Архіпаў, 21). ЭНЕРГЕТЫК-БДУ (Мінск) — ДЫНАМА (Мінск) — 2:3 (Бакіч, 11, 48 — Клімовіч, 8, 13, Шыкаўка, 41, з пенальці). ТАРПЕДА-БЕЛАЗ (Жодзіна) — ІСЛАЧ (Мінскі раён) — 2:0 (Анцілеўскі, 45, з пенальці, Габоўда, 60).

30-ты тур. 28.11. Славія — Энергетык-БДУ, Дынама Бр. — Нёман, Іслач — Гарадзея, Дынама Мн. — БАТЭ, Віцебск — Тарпеда-БелАЗ, Шахцёр — Мінск, Белшына — Рух, Слуцк — Смалявічы.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: