«Хай падумае і ацэніць свае паводзіны». У МУС пракаментавалі дэпартацыю прэс-сакратара АГП

У МУС лічаць, што прэс-сакратар АГП Ганна Красуліна «павінна падумаць і сама ацаніць свае паводзіны». Пра гэта журналістам заявіў Аляксей Бягун, начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС.
13 лістапада Ганну Красуліну выклікалі ў РУУС Маскоўскага раёна Мінска, дзе ўручылі апавяшчэнне аб высылцы з Беларусі тэрмінам на адзін год. Пакінуць краіну яна павінна была да 30 лістапада 2018 года. Прычына ў тым, што Красуліна неаднаразова — тройчы — прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці, з іх двойчы — за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, адзін раз — за неаплачаны ў аўтобусе праезд. Усе штрафы актывістка пагасіла, але ў паведамленні было сказана: «Выслаць ў інтарэсах грамадскай бяспекі». Красуліна — грамадзянка Расіі, але яе сям'я, дзеці і бацькі, жывуць у Беларусі.

Зараз дэпартацыя прыпыненая, бо прэс-сакратар АГП падала скаргу ў суд.

— Я не магу каментаваць, але хай яна падумае сама і ацэніць свае паводзіны, — адзначыў начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун. — Калі чалавеку адзін, другі раз «стукаюць па носе» за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, то чалавек, калі ён не грамадзянін краіны, але хоча быць грамадзянінам, павінен натуралізавацца. Калі ён не натуралізаваўся і з'яўляецца замежным грамадзянінам, то павінен разумець, на што ён мае права, а на што не.

Па словах суразмоўцы, у гэтым годзе з Беларусі выслалі каля 2500 іншаземцаў. Прычыны для гэтага розныя. У асноўным — нелегальнае прыбыццё, крымінальныя злачынствы, кіраванне ў нецвярозым стане.


Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!