Галадоўка як выйсце. Выхад з галадоўкі

Пісаў пра сваю галадоўку ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) ў Брэсце. Вам, паважаныя чытачы, важна ведаць таксама, як з яе выходзіць. І проста таму, што веды на тэму чалавечага здароўя нялішнія, і таму, што заракацца ад такога не варта, асабліва ў наш беларускі час.
ІЧУ Ленінскага РАУС Брэста

ІЧУ Ленінскага РАУС Брэста

Нагадаю: «ліст з-пад рэпрэсіі» быў напісаны, фактычна, з ІЧУ Ленінскага РАУС Брэста. Туды мяне пасадзілі, адвольна затрымаўшы за фатаграфаванне. У адну з лістападаўскіх нядзель 2020 зрабіў фота каларытнага дзядулі з кветкамі на вуліцы Савецкай. Акурат у гэты час «сілавікі» рабілі аблаву, не вагаючыся забралі падазронага ім фатографа і даставілі ў азначанае ІЧУ. Уначы сядзельцам камеры даліся ў знакі клапы. Калі ранкам пра гэта было сказана службоўцу, той не знайшоў нічога лепшага, як звінаваціць мяне, хто казаў, у тым, што… прынёс крывасмокаў я сам (?!). У адказ я заявіў пра галадоўку, хоць і не еў ад учорашняга, на той дзень, абеду. Галадаваў тры дні.

Галадаванне як медыцынскі сродак


Увогуле галадаванне мае свае плюсы, яно паказана і прымяняецца ў медыцыне — строга з рэкамендацыі і пад наглядам лекара. Памяншаецца маса цела, спальваецца лішні тлушч. З арганізма выводзяцца шлакі. Мабілізуюцца прыхаваныя сілы арганізма. Але і мінусаў столькі, што пальцаў на руках не стане — давядзецца падключаць ногі.

Палітычнае галадаванне

Галадаванне было ўлюбёным інструментам самавыяўлення і барацьбы за правы чалавека ленінскіх бальшавікоў. І — часам яны дасягалі сваёй мэты! У нашых, беларускіх умовах, з Леніным на кожнай цэнтральнай плошчы любога мала-мальскага горада і не толькі, у нашых умовах — ці варта галадаваць, каб выявіць пратэст?

Беларускае палітычнае галадаванне

У Беларусі апазіцыянеры галадавалі нярэдка. Зацятыя галадоўкі пратэсту практыкаваў нядаўна памерлы на 78-м годзе жыцця капітан другога рангу ў адстаўцы Валер Шчукін. Галадавалі апазіцыянеры Вячаслаў Сіўчык, Анатоль Лябедзька, Максім Вінярскі (10 содняў, «сухая»), Сяргей Каваленка, маладафронтаўцы ў 2006 годзе (21 чалавек), актывісткі руху «Маці 328» (22 содняў). Нарэшце, больш за 6 содняў галадаваў гэтай восенню юрыст Каардынацыйнай рады Максім Знак. Спыніў галадоўку, калі адчуў, што здароўе не спраўляецца больш.

Галадоўка з пратэсту цяпер?


Ці варта галадаваць з пратэсту? Сыходзячы з аргументаў здаровага сэнсу, або па-народнаму, клёку, дык не. Працытую архітэктара Віктара Антонавіча Бобрука, які атрымаў за недазволеную хаду па вуліцах і плошчах Брэста сумарна 45 содняў арышту: «Ваша здароўе спатрэбіцца яшчэ і вам, і беларускаму народу». І сапраўды, вага вагой, шлакі шлакамі, але рэальна шкодзіш сабе.

На трэція содні арганізм фактычна пачынае з’ядаць сам сябе. Тлушч так, спальваецца, але… Перастройка біярэактара на іншую тэхналогію нясе масіўныя выдаткі. Дадаткова нагружаюцца сэрца, пячонка і ныркі. Можа пачацца арытмія.

Па-другое, пачынаецца адток карысных бактэрый. Гэта…, выбачайце, але гэта відавочна. Зеленкаватая такая вадкасць. Бо адкуль узяцца цвёрдаму — яго ж не было на ўваходзе. Як вядома, чалавек — гэта хадзячы біярэактар. Ад 2 да 4 кілаграмаў бактэрый у нашым страўніку і кішэчным тракце дапамагаюць нам расшчапляць залучаную ў праран стрававальных каналаў і паражнін біялагічную тканку. У выніку галадавання, асабліва «сухога», мікрафлора губляецца, наступае дызбактэрыёз, найсур’ёзнае разбалансаванне чалавечага біярэактара. Пагаршаецца стан слізістай абалонкі, якая адзіна абараняе нас ад атручвання праз кантакт з праглынутай мёртвай арганікай, якая, як і ўсё мёртвае, атрымала ўжо імпульс да гніення.

Па-трэцяе, нястача энергарэсурсу адбіваецца на самаадчуванні. Чалавек відавочна слабее. Запавольваецца рэакцыя, гэта значыць, менш эфектыўна працуе мозг. Няйначай, слабее таксама і імунная сістэма.

Як правіла, галадаванне ў тутэйшых ізалятарах супрэжанае з інтэнсіўным «пасіўным» курэннем. Бо курцоў не выводзяць, і тыя смаляць у камерах — дым трубой. А тытунь вельмі шкодны, асабліва тым, у каго слізістая абалонка яшчэ не загрубела, не засмалілася. Атрута ўцягваецца на «раз, два». Атрымліваецца дадатковае катаванне са смяротнаю пагрозай.

Ёсць яшчэ многа пунктаў, але нават пералічаныя змушаюць патрабаваць ад адміністрацыі ІЧУ, каб магчымы быў нагляд лекара. Бо галадаваць ніхто забараніць не можа, а знаходжанне ў стане не асуджанага нават яшчэ, толькі падазраванага ў адміністрацыйным усяго толькі правапарушэнні ну вельмі цяжка супрагаецца са смерцю, якая, як вядома, незваротная.

Разам з тым зазначу, што парог чуллівасці ў розных людзей розны. Калі аднаго спадзвігнулі на галадоўку хамства ахоўніка, абцяжаранае клапамі і\або вошамі\мышамі, то першацвету-дзявулі дастаткова будзе абсалютна бесчалавечнага «туалета», які, насуперак нашай беларускай традыцыі гадзіць у гордай і засяроджанай самоце, адкрывае працэс ва ўсе бакі камеры, адгароджваючы невысокай (менш за метр) сценкай толькі адзін. А гукі, а пах… І потым: мы ўжо ведаем, што пагарджаны Захад нават забойцам прадастаўляе камфортныя прыбіральні. Карацей, тое яшчэ катаванне.

Падвяду рысу пад матывацыямі да пратэснай галадоўкі тут і цяпер. Лічу, што матывы да заяўлення галадоўкі маюць быць спаважнымі, раўналежнымі рызыкам. Аднак яны вельмі індывідуальныя, бо ў нас у кожнага свой парог чуллівасці. Разам з тым, галадоўка бывае адзіным спосабам заявіць сваё непрыманне накідванага гвалту. А ён у нас, як бачым, перасягнуў ужо нейкія рэальныя ўявы і набліжаецца да ўзораў гітлераўскай Германіі часоў станаўлення там фашызму.

Выхад з голаду


Адгаладалі, колькі далі рады або колькі было магчыма. Выхад з галадоўкі, як паказаў уласны досвед, больш цяжкі і рызыкоўны за ўваход у яе.

На чацвёрты дзень галадавання, ужо на волі, я пачуваўся шмат лепш, чым амаль 50 гадоў таму, калі галадаваў студэнтам. Злёгку «плыла» галава, крыху хістала, а так… Прагуляўся нават у краму. Лёгка падымаўся на свой паверх.

«У парадку» — гэтае самаадчуванне падманула. На другі ўжо дзень пачаў, памалу, прысядаць пры цвёрдай ежы. Бульбачка, потым і мяско… Арганізм упітваў усё як шалёны. Вадкага, па памяці, стараўся таксама шмат спажываць. Ды цвёрдая ежа… Няйначай шлакі з яе прывялі да галаўнога болю. Не праходзіла цвёрдае належны кантроль і ачыстку. Значны дысбактэрыёз прывёў да яшчэ большых праблем. Цяпер кажу сабе, што якіх тры-пяць дзён трэба было прабаўляцца булёнчыкамі-супчыкамі, кашкамі-размазнямі. Аднавіць «штат» бактэрый, наноў прывучыць арганізм да страўлення ежы, не самога сябе.

Нельга сказаць нічога абсалютна напэўна, бо адсутнічае медыцынская гісторыя гэтага рызыкоўнага мерапрыемства.

Так што змагаймася і перамагайма, але абы не саміх сябе, не сваё здароўе.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: