Галоўны патолагаанатам Беларусі забіраў 10% заробку санітараў

Галоўны патолагаанатам Міністэрства аховы здароўя Беларусі Аркадзь Пучкоў штомесяц забіраў 10% заробку санітараў. Гэты факт быў агучаны на судовым працэсе, які 22 студзеня пачаўся ў судзе Ленінскага раёна Мінска. Цяпер Пучкоў ужо былы галоўны патолагаанатам. Яго затрымалі на працоўным месцы ў чэрвені 2018 года падчас перадачы яму хабару. Дзеянні абвінавачанага кваліфікуюцца як атрыманне хабару службовай асобай у асабліва буйным памеры.
Фота: sb.by

Фота: sb.by

Раней Следчы камітэт распавёў, што са студзеня 2002 года па чэрвень 2018-га Пучкоў рэгулярна атрымліваў незаконныя грошы ад прадпрымальнікаў і за гэта дапускаў іх гандляваць трунамі, крыжамі ў краме рытуальных прыладаў, аказваць паслугі па перавозцы цел памерлых на могілкі. Памер хабару складаў каля 10% ад кошту тавару, пастаўленага ў краму бюро. За перавозку цел памерлых браў 100 долараў за адзін аўтамабіль. Хабар ад заробку санітараў таксама складаў 10%. Гаворка ішла пра 24 эпізоды супрацьпраўнай дзейнасці, агульная сума хабараў і адкатаў склала больш за 390 тысяч рублёў. Было заяўлена, што карупцыйнай дзейнасцю Аркадзь Пучкоў займаўся 17 гадоў.

Гэтыя факты выкладзеныя ў абвінавачванні, якое ў судзе прачытаў дзяржаўны абвінаваўца. Санітары, каб разлічваць на працягненне кантракту, пачалі плаціць "падатак" у 2004 годзе. Адзін з іх за тры з паловай гады перадаў начальніку не менш за 6 тысяч рублёў.


Паводле euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: