Галоўны рэдактар «Газеты Выборчай» Адам Міхнік напісаў ліст начальніку СІЗА № 1 наконт Андрэя Пачобута

Адам Міхнік, галоўны рэдактар аднаго з найбуйнейшых польскіх выданняў «Газэта Выборча», які быў палітвязнем у часы, калі яго краіна была падкантрольная СССР, напісаў адкрыты ліст на Wyborcha.pl начальніку СІЗА №1 Мінска Андрэю Цэдрыку.

Адам Міхнік


У гэтай установе амаль два месяцы ўтрымліваўся Андрэй Пачобут, шматгадовы карэспандэнт «Газеты Выборчай». Яму і яшчэ чацвярым актывістам недзяржаўнага «Саюза палякаў» выстаўленае абвінавачанне ў «распальванні нацыянальнай варажнечы». Напярэдадні стала вядома, што яго перавялі з СІЗА №1 Мінска ў Жодзіна. Журналіста прызналі палітвязнем, піша «Радыё Свабода».

«У СІЗА №1, якое вы ўзначальваеце, ад 25 сакавіка знаходзіцца наш калега, карэспандэнт “Газэты Выборчай” Андрэй Пачобут, — піша Адам Міхнік, хоць, як стала вядома 18 траўня, журналіста перавялі ў турму Жодзіна. — Яго справа і абвінавачанні, у чым мы глыбока ўпэўненыя, маюць прыроду беспадстаўных і незаконных палітычных рэпрэсій, накіраваных супраць сумленнага і дастойнага даверу журналіста і ў цэлым супраць прадстаўнікоў польскай меншасці ў Беларусі. Такім чынам, гэтыя рэпрэсіі адпавядаюць рысам этнічнай чысткі, з’явы, якая павінна быць расследаваная згодна з міжнародным правам».

Звяртаючыся да Андрэя Цэдрыка, рэдактар Міхнік выказвае разуменне, што начальнік СІЗА не мае ўплыву на характар абвінавачанняў Андрэю Пачобуту, на ход расследавання або магчымы вердыкт. Аднак пры гэтым ён адказны за лёс вязняў падчас іх зняволення.

«Тое, што адбываецца падчас арышту з Андрэем Пачобутам, закранае не толькі нас, яго калег па рэдакцыі, але і журналісцкую супольнасць ва ўсёй Польшчы. Пачобута ведаюць, шануюць і паважаюць. Доказам гэтага — у 2011-м ён прызнаны польскім журналістам года, што ў нашай краіне ёсць найвышэйшай журналісцкай узнагародай. Нягледзячы на інфармацыйную блакаду, мы ўважліва сочым за лёсам калегі падчас яго зняволення. Калі высветліцца, што яго правы як вязня парушаюцца, мы здольныя ўзняць грамадскі рэзананс у Польшчы ды іншых краінах, а таксама звярнуцца да міжнародных інстытутаў, каб дабівацца пакарання вінаватых», — напісаў галоўны рэдактар «Газэты Выборчай» Адам Міхнік.

25 сакавіка сілавікі прыйшлі ў кватэру да журналіста Андрэя Пачобута, актывіста непрызнанага ўладамі «Саюза палякаў». Тры гадзіны доўжыўся ператрус у рамках крымінальнай справы паводле ч. 3 арт. 130 «Распальванне расавай, нацыянальнай варажнечы». Санкцыя артыкула прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў.

Новы адрас для лістоў Андрэю Пачобуту: следчая турма №8. 222163, Жодзіна, вул. Савецкая, 22А.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: