Акумулятарны завод не зробіць шкоднага ўплыву на здароўе?

Узвядзенне завода пачалося ў свабоднай эканамічнай зоне "Брэст". Будуе завод ТАА "АйПаўэр" — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык будаўніцтва — кітайскае ТАА "Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя".

“З разгляду праекта акумулятарнага завода відаць, што прадпрыемства не зробіць шкоднага ўплыву на здароўе насельніцтва Берасця і Берасцейскага раёна”, — заявіў на прэс-канферэнцыі 11 студзеня галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Берасця і Берасцейскага раёна Генадзь Радчанка.

Паводле яго слоў, пры выдачы станоўчага заключэння на будаўніцтва завода чыноўнікі кіраваліся санітарнымі нормамі і правіламі, а таксама патрабаваннямі да арганізацыі санітарна-ахоўных зон прадпрыемстваў.

Для прадпрыемстваў па вытворчасці свінцовых акумулятарных батарэй санітарна-ахоўная зона складае 500 метраў. Згодна з дакументамі, найбліжэйшы населены пункт — вёска Хабы Берасцейкага раёна — знаходзіцца на адлегласці 750 метраў ад завода. Садаводчыя таварыствы — 1.200 метраў, вёска Шчэбрын — 1.800 метраў. На прадпрыемстве прадугледжаныя лакальныя ачышчальныя збудаванні, сістэмы вентыляцыі”, — сказаў Радчанка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што канчатковае заключэнне адносна аб’екта будзе выдадзенае пасля завяршэння будаўніцтва.

На прэс-канферэнцыі адзначалася, што праект прайшоў экспертызу ў рэспубліканскім цэнтры дзяржаўнай экалагічнай экспертызы пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Станоўчае рашэнне аб будаўніцтве завода выдадзенае таксама Берасцейскім райвыканкамам, СЭЗ „Брэст”, Дзяржбуднаглядам.

У Беларусі жорсткія ўмовы для адкрыцця прадпрыемстваў такога профілю, — сказаў дырэктар акумулятарнага завода Сяргей Мельнікаў. — І мы іх выконваем, каб пабудаваць не толькі завод, але і пашыраць бізнес. На гэтай жа базе разглядаем будаўніцтва дадатковых магутнасцяў па выпуску акумулятараў цягавай і індустрыяльнай групы, якія ў нашу краіну імпартуюцца”.

Узвядзенне завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” ў свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. Будуе завод ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык будаўніцтва — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”.

На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

6 студзеня ў Берасці актывісты пачалі збор подпісаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Жыхары горада і найбліжэйшых вёсак лічаць, што гэтае прадпрыемства пагражае іх здароўю.

Паводле слоў аднаго з удзельнікаў збору подпісаў блогера Сяргея Пятрухіна, зварот будзе накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта, Палату прадстаўнікоў, Брэсцкі аблвыканкам і абласны савет дэпутатаў.   БелаПАН

www.racyja.com, belapan.com



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!