Галоўрэд Tut.by: «Доступ да інтэрнэт-рэсурсу можа быць заблакаваны ў любы момант»

Выступаючы сёння ў Беларускай асацыяцыі журналістаў, галоўны рэдактар Tut.by Марына Золатава пракаментавала рашэнне Міністэрства інфармацыі аб прыпыненні выпуску сеткавага выдання Tut.by. 
«Рашэнне Мінінфарма — лагічны працяг тактыкі ўладаў, якую яны абралі ў дачыненні да ўсіх сродкаў масавай інфармацыі. Зачыстка інфармацыйнага поля», — заявіла Марына Золатава.

— Для нас яны выбралі не фармат блакавання, а абмежаванне доступу журналістаў да месцаў, дзе яны могуць атрымліваць і перадаваць інфармацыю, — падкрэслівае галоўрэд Tut.by.

Яна распавяла, што ў канцы 2018 года ў рэдакцыі разважалі пра тое, ці варта атрымліваць рэгістрацыю сеткавага выдання. Вырашылі, што статус дае больш, няхай і ўзнікае вялікая адказнасць. Выбралі легальны статус, таму што ён мог даць большы доступ у тыя дзяржорганы, Куды раней не пускалі.

Да гэтага 18 гадоў Tut.by, як і многія інтэрнэт-СМІ, працаваў без рэгістрацыі ў якасці сродку масавай інфармацыі.

— Падчас і пасля выбарчай кампаніі вялікае значэнне мае тое, у якіх умовах ты працуеш на акцыях пратэсту. Людзі ў аліўкавай форме, у балаклавах іх [журналістаў Tut.by] будуць успрымаць як удзельнікаў акцый пратэсту. Суды, суткі і г.д. Мы не будзем рызыкаваць у такой сітуацыі і адпускаць журналістаў у полі.

Марына Золатава адзначыла, што наяўнасць афіцыйнага статусу тым не менш не з'яўляецца абаронай. Яна ўспомніла нядаўнія прыклады затрыманняў журналістаў і якія прайшлі над імі, суды з абвінаваўчымі прысудамі за ўдзел у масавых акцыях.

— Гэта абсурдна, несправядліва, абуральна, — пракаментавала Золатава затрымання журналістаў і суды над імі. Што тычыцца рашэння Міністэрства інфармацыі аб прыпыненні выпуску сеткавага выдання, то рэдакцыя мае намер абскардзіць гэтае рашэнне ў судзе.

— Інакш як зачысткай інфармацыйнага поля я назваць гэта не магу. Доступ да інтэрнэт-рэсурсу можа быць заблакаваны ў любы момант. Такой магчымасці не выключаем.

Пра тое, што Мінінфарм прыпыняе выпуск сеткавага выдання Tut.by з 1 кастрычніка, стала вядома 29 верасня з загаду міністра Ігара Луцкага. У дакуменце гаворыцца, што міністр інфармацыі Ігар Луцкі загадвае прыпыніць выпуск сеткавага выдання Tut.by з 1 кастрычніка па 30 снежня 2020 года. Па загадзе міністра, Tut.by страціць статус СМІ. Пры гэтым ён па-ранейшаму будзе працаваць як інтэрнэт-рэсурс.


Паводле onliner.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: