Гамяльчаніна пачалі судзіць за «тры ўдары нагой» міліцыянту падчас аднаго з маршаў

Суд Цэнтральнага раёна Гомеля пачаў разглядаць справу 24-гадовага Паўла Ларчыка. Яго вінавацяць паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядае суддзя Алеся Осіпава.
Паўла вінавацяць у гвалце над міліцыянтам — інспектарам Чыгуначнага АУСа Паўлам Шапавалавым на маршы пратэсту 20 верасня 2020 года. Згодна з абвінавачаннем, калі Шапавалаў затрымліваў Ларчыка, хлопец «нанёс тры ўдары нагой Шапавалаву — у апошняга былі крывападцёкі».

Абвінавачаны пацвердзіў, што 20 верасня разам з палітвязнем Аляксеем Губічам браў удзел у маршы пратэсту і меў дзяржсцяг узору 1994 года, рухаўся ў складзе калоны, паведамляе «Гомельская Вясна». Міліцыянты гаварылі праз гукаўзмацняльнік, што акцыя незаконная, перакрылі счэпкай рух, але натоўп прайшоў скрозь яе. Пасля гэтага пачаліся затрыманні ўдзельнікаў марша.

«Я быў побач з натоўпам, мужчына працягнуў руку, я яе ўзяў, — распавёў Павел Ларчык. — Але нехта схапіў мяне з-за спіны: гэты мужчына спрабаваў мяне скруціць. Я не бачыў, хто гэты чалавек і ці быў ён у форме. Я страціў раўнавагу і ўпаў на спіну. Нехта схапіў мяне за вопратку — я стаў вырывацца. Мяне цягнулі за ногі — я хацеў вызваліць нагу ад захопу. Я адчуў што датыкнуўся да кагосці, але гэта быў не моцны ўдар. У мяне былі доўгія валасы, яны закрылі твар, я не бачыў, ці былі ў форме тыя, хто мяне цягнуў. Бачыў на відэа затрымання, што брыкаўся секунд пяць.

Я лічу, што ўсё было маёй вялікай памылкай, што так усё адбылося. Прашу прабачэння перад Шапавалавам. Раскайваюся. Пасля гэтага паехаў дадому, катаўся па горадзе. Мяне затрымалі на шляху ў Мінск: думаў, што будзе адказнасць за брыканне, і з’ехаў».

Пацярпелы Павел Шапавалаў кажа, што з 8-й раніцы 20 верасня быў на ахове грамадскага парадку ў камізэльцы «Інфармацыйная група», у яго быў гукаўзмацняльнік: праз яго міліцыянт агучваў, што мерапрыемства несанкцыянаванае, за яго прадугледжаная адказнасць.

«Але ўдзельнікі не рэагавалі, ішлі далей, — распавёў Павел Шапавалаў. — Калі ўдзельнікі прарвалі ачапленне АМАПа, пачаўся сумбур. Абвінавачаны выглядаў знешне інакш, у яго быў заплечнік, а на ім — сцяг узору 1994 года. Калі ён пайшоў да амапаўца, я падбег да яго і схапіў за тулава, пасля адчуў удар ззаду па нагах і ўпаў на дарогу. Ён ляжаў на спіне, я трымаў яго ногі, ён наносіў удары — два ці тры. У яго былі доўгія валасы, ён мяне не бачыў. Я стаў яго затрымліваць, бо Ларчык пайшоў у бок амапаўца, які стаяў спінай. Іншыя пратэстоўцы абвінавачанага адцягнулі.

Ларчык запомніўся, бо там былі толькі тры чалавекі са сцягамі, у абодвух сяброў — Ларчыка і Губіча — былі доўгія валасы ў хвасце. Я не магу сказаць, ці бачыў мяне абвінавачаны. Не ведаю, якое пакаранне павінны панесці Ларчык — як вырашыць суд. Маральную шкоду я не маю намеру спаганяць».


Сведка па справе — Аляксандра Турчына. Яна распавяла, што ў той дзень убачыла скопішча людзей на вуліцы Пушкіна, якое «не кожны раз бачыць», таму пачала здымаць тое, што адбываецца. Яна не цікавілася гэтым відэа, пакуль у сацсетках не ўбачыла просьбу даслаць відэа за гэты дзень, у каго яно ёсць: яна перадала знятае відэа супрацоўнікам праваахоўных органаў.

Згодна з высновамі медэксперта, у Шапавалава «меліся падцёкі, ранкі на галаве, якія ўтварыліся не менш чым ад трох траўміруючых уздзеянняў тупым прадметам». Пашкоджанні не пацягнулі за сабой кароткачасовага разладу здароўя і нязначнай страты працаздольнасці. Таксама агучана, што «не ўяўляецца магчымым» сказаць, ці маглі цялесныя пашкоджанні ўтварыцца пры абставінах, пазначаных Шапавалавым, таму што ён ў сваіх паказаннях не дэталізуе, у якія вобласці галавы наносіліся пашкоджанні.

Разгляд справы працягнецца другога ліпеня а 10-й гадзіне. Будуць прагледжаныя матэрыялы справы, пройдуць спрэчкі бакоў.

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: