У Гомелі сабралі 700 подпісаў за ўшанаванне месцаў пахванняў сталінскіх рэпрэсій

Подпісы накіраваныя мясцовым уладам.
Фота з суполкі кампаніі «Забітыя і забытыя» ў фэйсбуку

Фота з суполкі кампаніі «Забітыя і забытыя» ў фэйсбуку

У Гомелі ў межах грамадскай кампаніі «Забітыя і забытыя» (дзеля ўшанавання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій) скончыўся збор подпісаў пад петыцыяй з прапановай правесці археалагічныя раскопкі на месцах масавых пахаванняў у Шчакатоўскім і Бутулінскім лесе (на выездзе з Гомеля, справа і злева ад Чарнігаўскай шашы) і ўсталяваць мемарыял у памяць аб знішчаных людзях. 700 подпісаў былі сабраныя праз сайт petitions.by і ў папяровым варыянце і накіраваныя ў Гомельскі аблвыканкам, гарвыканкам, Пракуратуру Гомельскай вобласці, Следчы камітэт і КДБ.

У выпадку атрымання фармальнага адказу, ці адпіскі, ці адмовы актывісты маюць намер працягваць ліставанне з чыноўнікамі наконт магчымага ўшанавання ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў.

«З агульнай практыкі ўжо вядома, што КДБ і ўлады ў адказ на такія звароты кажуць, што ім невядомыя месцы масавых пахванняў ахвяр сталінскага тэрору 1937 – 38 гадоў, — каментуе каардынатарка кампаніі «Забітыя і забытыя» Ларыса Шчыракова. – Але ж мы ў Гомелі маем вынікі раскопак 1995 года, якія былі праведзеныя археолагамі па ініцыятыве пракуратуры горада. Тады былі раскапаныя тры расстрэльныя яміны, дзе знаходзіліся парэшткі 150 чалавек з прыкметамі гвалтоўнай смерці. Усе знаходкі археолгалі датавалі канцом 30-х гадоў. Бясспрэчна, што гэта месца ў Шчакатоўскім лесе – адно з месцаў масавага знішчэння людзей. Мы настойваем, каб яму быў нададзены ахоўны статус і там былі ўсталяваныя памятныя знакі альбо мемарыял».

Як варыянт актывісты разглядаюць таксама магчымасць усталявання ў Гомелі памятных знакаў, помніка, мемарыяла рэпрэсаваным без прывязкі да месцаў знішчэння.

«Для ўшанавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій патрэбна толькі добрая воля гарадскіх чыноўнікаў, — кажа ўдзельнік кампаніі, праваабаронца Беларускага Хельсінкскага Камітэта Віктар Адзіночанка, – Калі ўлады не пагодзяцца ўшанаваць месцы пахаванняў ахвяраў тэрору, мы будзем прасіць аб выдзяленні месца пад манумент, а грошы можна будзе паспрабаваць сабраць праз ахвяраванні. На ім можна напісаць нават і канкрэтныя прозвішчы людзей, прынамсі тых, якія пазначаныя ў афіцыйным выданні — кнізе «Памяць» — як «расстраляныя ў Гомелі».

Грамадская кампанія «Забітыя і забытыя» ўзнікла ў Гомелі напрыканцы мінулага года. Актывісты кампаніі займаюцца зборам інфармацыі з навуковых, газетных публікацый і ад сваякоў рэпрэсаваных. 8 лютага ў межах кампаніі адбылася сустрэча – дыскусія з удзелам даследчыка камуністычных рэпрэсій гісторыка Ігара Кузнянцова. З мэтай прыцягнення ўвагі мясцовай супольнасці да праблемы актывісты зладзілі фота – акцыю на месцы знішчэння людзей у Бутулінскім лесе (валанцёры трымалі партрэты рэпрэсаваных у Гомелі людзей). Напрыканцы студзеня бягучага года гомельская грамадская кампанія далучылася да агульнабеларускай кампаніі па ушанаванні ахвяраў камуністычных рэпрэсій «Забітыя, але не забытыя».

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: