Ганна Севярынец: хачу папярэдзіць малады пратэст — нас будуць раз'ядаць знутры, мы мусім быць пільнымі

Вядомая беларуская выкладчыца, журналістка і пісьменніца деліцца прадчуваннямі адносна будучыні беларускага пратэсту.

— Ну што ж. Паспрабую напісаць адзін пост ад імя чарапахі Тарцілы, — напісала Ганна Севярынец на сваёй старонцы ў фэйсбуку. — За беларускім пратэстным рухам я назіраю не першы год, як вы разумееце, і назіраю знутры — не таму, што заўсёды актыўна ўдзельнічала, а таму што гэты рух пранізвае наскрозь нашу сям'ю.

І я даўно ўжо чакала, калі ж пачнуцца спробы спецслужбаў забрацца ў цяперашні нованароджаны рух знутры, каб па старой, даўно адпрацаванай схеме яго раз'есці рукамі саміх жа пратэстоўцаў.

Старая апазіцыя, нажаль, даўно была, як шашалем, паедзена гэтай метадычнай, каранямі ў СССР, працай, а вось новы пратэст — не, бо абсалютная большасць актывістаў прыйшла ў рух літаральна з вуліцы, і была неапрацаваная. Але цяпер я хачу папярэдзіць малады беларускі пратэст і падзяліцца сваімі шматгадовымі назіраннямі: як нас будуць раз'ядаць знутры і ў якіх месцах мы ўсе мусім быць пільнымі.

Паколькі ў новых пратэстах практычна няма правакатараў і агентаў — а тыя, што ёсць, добра вядомыя старым пратэстоўцам і таму трымаюцца на ўзбочыне — то адна з працоўных схем будзе такой.

Які-небудзь харошы і простадушны чалавек распачне публічны крыжовы паход супраць кагосьці са знакавых фігур пратэсту. Ну там грошы, альбо які-небудзь двухсэнсовы ўчынак. У залежнасці ад медыйнасці гэтага харошага чалавека альбо адразу, альбо праз некаторы час пачнуць падцягвацца спецыфічныя каментатары (у ранейшых рэаліях — публіцысты альбо аратары) з простымі, кандовымі аргументамі кшталту: «усе яны проста піляць бабкі», «гэта ўсё заходняе/усходняе бабло», «яны проста дзеляць партфелі», «яны прыдуць да улады і ўсіх прымусяць размаўляць па-беларуску» і гэтак далей. Адбудзецца пераход на асобы, найбольш слабыя з дыскутантаў — усе харошыя людзі, між іншым — пацягнуць гэтую аргументацыю па сваіх стужках. Іншыя харошыя людзі з «асадачкам у сэрцы» пачнуць высвятляць абставіны ў героя дыскурса. Той не заўсёды ўцямна адкажа — з розных, часцей за ўсё не злачынных прычын. І пайшло-паехала. Давер зруйнаваны, сумневы пасеяныя, людзі перасвараныя. І ўсё сваімі рукамі.

Я не думаю, што цяпер час і арганізоўваць, і весціся на любыя бульбасрачы ўнутры пратэстнага руху. Пасля перамогі ўсё гэта будзе не позна зрабіць. У любым выпадку цяпер няма магчымасці ані разабрацца, ані атрымаць доказы, ані сабраць інфу. Усе пытанні паміж сабой варта высвятляць непублічна.

Наша моц у адзінстве, і рэжым гэта добра ведае. Адзінства, што б не было. Іначай будзе як тады. Некалькі хваляў пратэстных рухаў былі раз'едзены ўшчэнт менавіта такім чынам.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: