Ганна Севярынец: «Я баюся ісці ў школу»

Вось ужо які год на апошніх тыднях жніўня я хварэю — без відавочных прычын, незразумела чаму. Зусім як тыя малодшыя школьнікі, што мараць захварэць, каб не хадзіць у школу. Так, я баюся туды ісці — апошнія некалькі год, піша Ганна Севярынец на Радыё Свабода.

 

Ілюстрацыйнае фота www.svaboda.org

Я не баюся дзяцей, не баюся ўрокаў, не баюся пісаць планы і правяраць сшыткі, не баюся рана ўставаць, не баюся вазіць дзяцей па музеях і тэатрах, я баюся зусім іншага. 

Напрыклад, я гвалт як баюся запаўняць журнал.

У мінулым годзе мяне тройчы дэпрэміравалі за журналы. То я паблытаю даты, то запішу сапраўдную тэму ўрока, а не па праграме, то скарачу «КД» замест «кантрольны дыктант» ці «СПП» замест «сложноподчиненное предложение», і прыйдзе праверка і ажно падскача: «А што гэта Севярынец сабе дазваляе?! Яна ж не першы год працуе, што гэта за СПП? Трэба скарачаць як «сложн. подч. предл».!

І я ж стараюся: застаюся нават пасля ўрокаў, каб прыгожанка, як след, пазапісваць свае журналы, але ж не. То адзнакі за дыктоўкі пастаўлю ў суседнюю калонку замест роднай, то за верш на памяць у адну дату замест розных (мне так зручна, я тады бачу, хто вучыў, а хто яшчэ не, але нельга — у адну, бо праверка тады пытаецца: «Вы што, увесь урок слухалі вершы?! Гэта такі ў вас быў урок?!»

«Запаўненне журналаў — гэта ваш функцыянал, — кажуць мне. — Калі вы не ўмееце запаўняць журнал, вы профнепрыдатная. Вось я не ўмею секчы дровы — дык я ж не іду ў лесарубы. А вы чамусьці, не ўмеючы запаўняць журнал, у настаўнікі пайшлі».

Яшчэ я баюся праверак. Усіх — і ўнутраных, і знешніх. Мне ёсць чаго баяцца: акрамя няправільных журналаў, маю яшчэ адзін грэх: няправільныя сшыткі. Я там пішу дзецям вялікія адказы і пытанні, малюю смайлікі і стаўлю клічнікі і пытальнікі, дазваляю ім пісаць рознымі чарніламі і заводзіць сшыткі любых колераў. Калі дзеці пытаюцца ў мяне: «А як падпісваць, злева, справа ці па цэнтры?» — я ім кажу: «Ды дзе пажадаеце».

Я не тое каб хацела спрачацца з праверкамі, крый божа. Я проста не магу знайсці ў сабе ўнутранай сілы патрабаваць ад дзяцей падпісваць сшыткі з нейкага загадзя вызначанага боку. А яшчэ я стаўлю адзнакі злева, а памылкі падлічваю справа. Механічна. А трэба наадварот.
 
Баюся кіраваць навуковым аб’яднаннем вучняў. Тое, што я раблю як ягоны кіраўнік — здабываю архіўныя матэрыялы, прыдумваю тэмы, запрашаю гасцей, важу дзяцей туды і сюды — гэта я раблю так, ад сябе, па прыватнай ініцыятыве, я магу гэтага і не рабіць, але я абавязкова павінна скласці план працы аб’яднання па адзіным для ўсіх шаблоне і напісаць пратаколы пасяджэнняў. Я пішу за год незлічоную колькасць тэкстаў — і я не магу без унутранай барацьбы напісаць чатыры пратаколы «ні пра што».

І што самае крыўднае — я ніяк не магу нікому патлумачыць, што вось гэтае вось усё — і ёсць тая прычына, якая забівае ў настаўніку крэатыў і творчасць. Людзі, якія правяраюць знешні бок настаўніцкай дзейнасці, усе гэтыя журналы і сшыткі — яны неблагія людзі, прафесіяналы сваёй праверачнай справы. Яны сапраўды не разумеюць, што тут такога складанага — запісаць журнал па праграме, завесці ўсім аднолькавыя сшыткі і падпісаць іх па левым баку (ці то па правым?). Як гэта абмяжоўвае творчасць і крэатыў?

Каму і як патлумачыць, што наяўнасць адзінага на ўсю краіну падручніка — абмяжоўвае творчасць і крэатыў. Наяўнасць суворых патрабаванняў да афармлення вучнёўскіх работ на канферэнцыі — абмяжоўвае творчасць і крэатыў. Прымусовы ўдзел у безлічы конкурсаў, якія спускаюцца нам з Мінаду праз аддзел адукацыі — абмяжоўвае творчасць і крэатыў. Дэпрэміраванне — тым больш абмяжоўвае і нічога не вырашае.

 
Але выбар такі: альбо ты атрымліваеш права ісці ў клас да дзяцей, і разам з гэтым правам — вярыгі сістэмы, альбо ты проста звальняешся — і становішся вольным ад вярыгаў. І ад любімай працы адпаведна.

Таму да 1 верасня я, канешне, акрыяю.

 Радыё Свабода


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Александр.
  • 2018-08-27 14:00:32
С какой-то ерунды проблему сотворила.
  • Кастусь
  • 2018-08-28 12:04:58
Баiшся,дык ня iдзi! Чаго ходiш?

Больш цікавага на «Новым Часе»: