Ганна Севярынец: Калі б яны не білі, не катавалі і не забівалі людзей, ці жылі б яны цяпер так, як яны жывуць?

Старшыня мінскага АМАПу, паскардзіўся ў эфіры СТВ: «Байцам атраду міліцыі асаблівага прызначэння сёлета жыццё ператварылі ў пекла». Пра тое, хто насамрэч ператварыў жыццё амапаўцаў у пекла, у блогу на «Радыё Свабода» разважае настаўніца, пісьменніца, даследчыца беларускай літаратуры Ганна Севярынец
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

І гэта праўда. Лепей не скажаш.

Бо гэта сапраўды пекла — калі ты, малады хлопец, значна маладзейшы за сваіх камандзіраў, міністраў і прэзідэнтаў, кожны дзень думаеш: а што будзе потым? Яны не сыдуць, дык памруць, а я тады куды?

Бо гэта сапраўды пекла — калі ты, малады хлопец, не можаш выйсці ў краму без балаклавы, на піва ў парк без страху, у кіно без аховы.

Бо гэта сапраўды пекла — калі з табой не вітаюцца аднакласнікі і колішнія сябры, а суседзі не едуць з табой у ліфце.

Гэта нішто іншае, як пекла, калі ты кожную раніцу праглядаеш тэлеграм-каналы: што і хто яшчэ зліе ByPol.

Сапраўднае — перабіраць наноў і наноў падзеі той ночы і ліхаманкава думаць: а ці не пазнаюць мяне потым на відэа?

А ці не трапіў я дзе на камеры? А ці праўда не зліюць — менавіта мяне, першага альбо адзінага з усіх, бо кагосьці ж зліюць, кагосьці ж прынясуць у ахвяру, кімсьці ж будуць гандляваць дзеля грошай ад Еўропы ці нават ад Расіі (чулі, як сёння рускія сказалі: гэта не нашыя метады? Гэта што ж значыць? Нам цяпер і туды — ніяк?)

Страшнае, ненавіснае, не надта зразумелае слова «люстрацыя» (дулю вам, дубінку ў дупу, а не люстрацыя, змагары чортавы), а што як будзе? А што як будзе люстрацыя? Праваліцеся вы к чортавай мацеры са сваёй люстрацыяй, дайце заснуць!

А яно не спіцца. Не спіцца. Бо жыццё АМАПу пераўтварылі ў пекла. У пекле не спіцца.

А яшчэ хлусяць, што атрымліваем шалёныя грошы. Задушыцеся вы гэтымі грашыма. Мы не атрымліваем шалёных грошай.

Мы цяпер і за бясплатна нікуды ня рыпнемся — куды?

І дзеці саромеюцца цяпер у садку сказаць, што тата ў АМАПе працуе. Даўно забаранілі такое гаварыць. І жонка нікому не кажа.

І на вёску не паедзеш. І маці выйсці на вуліцу баіцца.

І выйсця ніякага няма.

Пекла — гэта якраз і ёсць тое самае, калі няма выйсця. Калі ты нават разумееш усё — а няма. Сціснуў зубы — і наперад, у самае пекла. Бо за спінай таксама яно.

Так, таварыш Балаба. На жаль, жыццё АМАПу ператварылі ў пекла.

Вы хацелі, каб мы іх пашкадавалі? Я моцна шкадую. Мне вельмі, вельмі, ад усяго сэрца шкада маладых, прыгожых хлапцоў, якіх некалі люлялі на руках мамкі, якія кахалі дзяўчат, якія раздзяваліся ўлетку на пляжы — і мінакі з захапленнем глядзелі на біцэпсы і трыцэпсы. Такога ў іхным жыцці не будзе ўжо ніколі.

А цяпер, калі сказаная гэтая праўда, знайдзіце ў сябе сілы і адкажыце на лагічнае пытаньне. Хто ператварыў іхнае жыццё ў пекла? Па чыім загадзе яны сталі парыямі сярод людзей? І калі б яны не білі, не катавалі і не забівалі людзей, ці жылі б яны цяпер так, як яны жывуць?

Вунь расійскі амапавец схадзіў да пабітай ім жанчыны з кветкамі ў рэанімацыю. Мы ж разумеем, і вы, і я: наўрад ці ён так моцна раскаяўся, каб ажно з кветкамі цягнуцца да нейкай там. Проста ён не хоча, каб ягонае жыццё ператварылася ў пекла. І начальнік ягоны, мяркуючы па ўсім, не надта хоча.

І нашы не хацелі б, напэўна. Але пекла на тое і пекла. Не хочаш, а трапіш. І выйсця адтуль няма.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: