Ганна Севярынец: «Мы ўсё робім правільна»

Для даследчыкаў трыццатых гадоў мінулага стагоддзя нічога незвычайнага ў публікацыі «прызнальных паказанняў» зняволеных няма, піша Ганна Севярынец на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Сённяшняя агульная рэакцыя на відэа з катаваным — яшчэ адзін наш крок наперад, вялікі і вельмі важны крок. Рэакцыя дарослага пасталеўшага грамадства.

Для даследчыкаў трыццатых нічога такога гэткага ў падобных рэчах няма. Мы такое чыталі дзясяткамі і сотнямі, і для гісторыкаў такія тэксты — заўсёды толькі нагода адшукаць нейкую фактаграфію, імёны, дэталі, і ніяк не нагода даць ацэнку маральным якасцям галоўнага героя. Але такія тэксты калі і публікуюцца, то з вялікай асцярожнасцю, а некаторыя не публікуюцца зусім, хаця яны ў нас і ёсць.

Гэта быў яшчэ адзін урок і яшчэ адна прышчэпка нам на будучыню. Мы ўсё робім правільна.

Некаторыя асаблівасці прызнальных паказанняў беларускіх літаратараў трыццатых

Уладзімір Дубоўка ў асноўным гаварыў выключна пра сябе, пра сваё памылкі і хібы. Літаральна некалькі імёнаў згаданыя там у негатыўным кантэксце, але гэта ўсё імёны тых, хто і так ужо сядзіць даўно і па вялікіх тэрмінах.

Алесь Дудар з трыбухамі здае сябе, Зарэцкага і Вольнага, прычым тут жа, у паказаннях, піша, што яны ўтрох дамовіліся здаваць адзін аднаго па поўнай, што бачна і па паказаннях Зарэцкага і Вольнага. Адначасова ён выгароджвае Купалу, Маракова, Вішнеўскую, кшталту таго, што «ў Купалы не бываў» (хаця бываў), «Маракова ў разлік не бралі» (бралі), «яна была страшна здзіўленая, што я маю такія перакананні» (не здзіўленая).

Адам Бабарэка па сваёй звычцы дае грунтоўны аналіз сітуацыі, эвалюцыі поглядаў грамадства, вытокаў і наступстваў, але нікога не здае.

Мікола Улашчык проста падпісаў усё, што за яго напісалі следчыя. Выглядае, што нават не чытаючы і не паправіўшы ані аднаго слова.

Міхась Багун на першым допыце заяўляе, што нідзе не быў, ні ў чым не ўдзельнічаў. Да пратакола другога допыту далучаны чысты ліст без тэксту і подпісаў. Пратакол трэцяга пачынаецца са словаў «признавая свою вину и осознавая невозможность дальнейших запирательств...». Далей тэкст пад капірку з астатнімі.

Але самыя фантастычныя прызнанні даваў крытык Макар Шалай. Я сама гэты пратакол не бачыла, але шмат чула пра яго з розных крыніц. Нібыта Шалай шчыра і радасна сазнаўся на дзесяць старонак, як яны з таварышамі планавалі адарваць частку Беларусі і перадаць яе Індыі.

Дзе можна пачытаць: паказанні Дубоўкі — ёсць у сеціве і ў кнізе «Уладзімір Дубоўка. Ён і пра яго», паказанні Дудара — у кнізе Ул.Міхнюка «Арыштаваць у высылцы» і ў Выбраных творах (абедзве ёсць на Камунікаце), Бабарэкі — у двухтомніку ягоных архіваў (ёсць на сайце Arche), Улашчыка — у кнізе «Даць народу гісторыю». Багун, Шалай, Вольны, Зарэцкі — паказанні і пратаколы допытаў не друкаваліся.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: