Ганна Севярынец: Наступны прыпынак — Курапаты

Настаўніца, даследчыца беларускай рэпрэсаванай літаратуры, пісьменніца Ганна Севярынец выказалася ў сваім фэйсбуку пра 231 падазраванага па крымінальнай справе, затрыманага на ўчорашнім маршы супраць тэрору.

Ноч расстраляных паэтаў у Курапатах 29 кастрычніка 2020 года. Фота Яны Трусіла

«Ну што можна сказаць з нагоды крымінальных спраў, заведзеных учора на шараговых удзельнікаў мірнага пратэсту. На высокай хуткасці мы прамінулі з вамі 1930-1934 з пераследам актывістаў і масавымі высылкамі, прамінулі 1935 з татальным ідэалагічным ціскам, праімчалі 1936 з масавымі арыштамі — і выйшлі роўненька ў 1937 з маштабнымі, цалкам сфальсіфікаванымі крымінальнымі справамі супраць вялікіх груп не надта звязаных паміж сабой асобаў. Наступны прыпынак — Курапаты. Адзінае, што аддзяляе нас ад гэтай ямы — мужнасць нашых асобных учынкаў. Вага кожнага, нават самага маленькага, але ўчынка. Чым іх будзе болей — тым меней будуць сядзець нашыя вязні. Чым іх будзе меней — тым болей будуць сядзець. У перамозе я не сумняюся. Кошт прамаруджаных хвілін трывожыць», — напісала Ганна Севярынец.

Як сёння паведаміў Следчы камітэт, пасля нядзельнага маршу следчыя распачалі крымінальную справу па арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). 231 затрыманы ўчора стаў падазраваным па гэтым артыкуле.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: