Ганна Севярынец: У школе, акрамя ведаў і навыкаў, ёсць месца толькі любові да сваёй зямлі

Гісторыя са звальненнем настаўніцы і літаратуразнаўцы Ганны Севярынец са Смалявіцкай раённай гімназіі не магла застацца незаўважанай.  Хоць сама гераіня не хацела рабіць яе публічнай і напісала пра гэта ў фэйсбуку ў закрытым допісе «для сяброў». Але вельмі хутка нарадзілася агромная хваля салідарнасці з Ганнай Севярынец, тут жа пасыпаліся прапановы працы, у тым ліку на пасадзе міністра адукацыі ў незалежнай Беларусі.
Ганна Севярынец

Ганна Севярынец

Настаўнік года Смалявіцкага раёна – 2019, даследчыца творчасці рэпрэсаваных беларускіх літаратараў, пісьменніца Ганна Севярынец адпрацавала ў Смалявіцкай раённай гімназіі шэсць гадоў. Яна ўмее і любіць працаваць з дзецьмі — і яны адказваюць ёй узаемнасцю. Як былая яе студэнтка, магу без сумневу сказаць, што Ганна Канстанцінаўна — выкладчык ад Бога. Яна ставіцца да вучняў, як да роўных, і заўжды шчырая з імі — за гэта яны яе і любяць.

Але нехта ўсё ж не змог дараваць настаўніцы шчырасць, і калі яе крытыку беларускай сістэмы адукацыі яшчэ неяк трывалі, то напісаны ёй верш, прысвечаны афіцыйнаму кіраўніку краіны і яго сыну Колю, відаць, стаў апошняй кропляй.

«Новы Час» пагутарыў з Ганнай Севярынец пра прычыны і наступствы таго, што адбылося.

— Наколькі нечаканай стала для вас гэтая сітуацыя? Вы калі-небудзь увогуле думалі пра тое, што з вамі могуць не працягнуць кантракт?

— З аднаго боку, я разумела, канешне ж, што паводжу сябе рызыкоўна, але, ёлкі-палкі, ну жыццё ж адно, і палова ягоная пражытая, ну нельга ж жыць і баяцца! Тым больш, што неяк было ўсё ўраўнаважана: я прыношу гімназіі перамогі і дыпломы, яны мне не замінаюць выказвацца. Было, што і больш рэзка, чым з гэтым вершам. Дык я здзівілася, канешне. Але падпісала адразу.

— Як думаеце, гэта было асабістае рашэнне дырэктара?

— А я спытала ў яго: ён сам ці яму патэлефанавалі. Сказаў, што гэта выключна ягонае рашэнне. Я магу паверыць. Мы і раней некалькі разоў мелі гутарку наконт таго, ці мае права настаўнік не падтрымліваць кіраўніка дзяржавы. Ну такая ў чалавека цвёрдая пазіцыя. У мяне такая самая цвёрдая — але супрацьлеглая.

— А што вы ўвогуле думаеце наконт ідэалогіі ў школе? Ці месца ёй там?

— Я думаю, што ў школе, акрамя ведаў і навыкаў, ёсць месца толькі аднаму: любові да сваёй зямлі, яе культуры, гісторыі і будучыні. Калі гэта ідэалогія, то на такую я згодная.

— Пытанне, напэўна, з галіны фантастыкі: калі б раптам дырэктар змяніў сваё рашэнне і прапанаваў вярнуцца — вы б прынялі прапанову?

— Я думала пра гэта, і я б вярнулася — мне трэба хаця б выпусціць 11 клас. Уявіце сабе, які капец — год да тэставання, яны ні на курсы не ездзілі, ні рэпетытараў не бралі, спадзеючыся на мяне, і што цяпер? Ды што там рэпетытар, я ж кожнага з іх ведаю «па костачках», з шостага класа вяду, хто лепей за мяне іх навучыць? Але гэта толькі — калі вяртацца пераможцай на маіх умовах. На чужых — не.

— Вы ўжо некалі праходзілі праз такое, калі вас звальнялі па ідэалагічных прычынах?

— Мне прыпынялі двойчы абарону дысертацыі. Адпаведна дзвюм Паўлавым «хіміям» (Ганна — сястра апазіцыйнага палітыка Паўла Севярынца. — НЧ.). Чамусьці два разы дата экспертнага савета супадала з арыштам, ну, і ўсё. А звальняць пакуль не звальнялі.

— Хай гэта будзе першы і апошні раз. Вам у каментарах прагназуюць у будучыні пасаду міністра адукацыі. Як ставіцеся да гэтага?

— Калі б мне гэта прапанаваў той кандыдат, за якога я цяпер моцна перажываю і якога хацела б падтрымаць на магчымых свабодных выбарах — пайшла б.

— Што вам дае падставы спадзявацца на магчымасць свабодных выбараў у Беларусі?

— Што дае падставы? Сляпая ірацыянальная вера ў перамены, што ж яшчэ.

— Падсумоўваючы, што для вас значыць сітуацыя, якая склалася і салідарнасць, што ўзнікла ў адказ на ваша звальненне?

— Сёння цэлы день тэлефануюць і калегі, і выпускнікі, падтрымліваюць. Ведаю, што хадзілі да дырэктара бараніць мяне. Ведаю, што ў шоку бацькі. Я не адчуваю сябе зацкаванай ахвярай. Усё добра. Пасмяялася, калі мне патэлефанавалі дзеці, якія скончылі гімназію два гады таму і сур'ёзна спыталіся, каму яны могуць паскардзіцца.

Зараз маю ўжо прапановы супрацы з самых розных бакоў, нават нечаканых. Да верасня вызначуся. І веру, зноў да ірацыянальнага, што да верасня наогул можа змяніцца ўсё.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: