Ганна Шапуцька паскардзілася ў пракуратуру на «Поедем поедим» і Папярнянскі сельвыканкам

Каардынатарка грамадскай ініцыятывы «За ўратаванне мемарыяла Курапаты» лічыць, што ў сельвыканкаме няпоўна і неаб'ектыўна разгледзелі матэрыялы справы аб правядзенні ў рэстаране 1 чэрвеня дзіцячага свята. 

Ганна Шапуцька (злева) на Варце ў Курапатах. Фота Алены Ляшкевіч

Ганна Шапуцька (злева) на Варце ў Курапатах. Фота Алены Ляшкевіч

Як ужо пісаў «Новы Час», пасля таго, як 1 чэрвеня ў рэстаране з боку Курапатаў грамадскія актывісты зафіксавалі шумнае свята з аніматарамі і выклікалі з гэтай нагоды міліцыю, іх і дырэктарку «Поедем поедим» Святлану Дубкову запрасілі на пасяджэнне адміністрацыйнай камісіі ў Папярнянскі сельвыканкам, каб разабрацца ў сітуацыі. Неўзабаве пасля гэтага Ганна Шапуцька атрымала адказ з сельвыканкама, дзе было сказана, што адміністрацыя рэстарана не парушыла заканадаўства. У адказе в.а. старшыні сельвыканкама Святлана Ракецкая спаслалася на Пастанову Міністэрства культуры № 15 2004 года аб зонах аховы мемарыялу Курапаты, хаця яна перастала дзейнічаць пасля ўступлення ў сілу Пастановы № 70 ад 2014 года. Да таго ж ніхто не адмяняў накладзеныя ПДП абмежаванні на працу рэстарацыі ў сувязі з сакральным характарам мемарыялу Курапаты. 

Ганна Шапуцька вырашыла абскардзіць рашэнне Папярнянскага сельвыканкама ў пракуратуры. Яна лічыць, што разгляд матэрыялаў справы адміністрацыйнай камісіяй Папярнянскага сельвыканкама быў няпоўным, неаб'ектыўным, аднабаковым, бо:

- не былі агучаныя матэрыялы справы;
- адсутнічала адказчык па гэтай справе дырэктар рэстарана «Поедем поедим» Дубкова С.А. (сыйшла да таго, як камісія перайшла да разгляду сітуацыі са святкаваннем);
- не былі апытаныя сведкі правапарушэння;
-не былі даследваныя фота і відэаматэрыялы, прадстаўленыя камісіі;
-не была даследваная заканадаўчая база;
-былі парушаныя прынцыпы адкрытасці і галоснасці пры прыняцці канчатковага рашэння.

«Лічу, што дадзенае пасяджэнне адміністрацыйнай камісіі насіла фармальны характар і прывяло да ўшчамлення маіх законных правоў і інтарэсаў, акрамя таго, так і не была дадзена ацэнка супрацьпраўнай дзейнасці адміністрацыі рэстарана “Поедем поедим”, парушальнікі засталіся беспакаранымі», — перакананая грамадская актывістка.

Яна зазначае, што адміністрацыя рэстарана ігнаруе той факт, што ўстанова знаходзіцца ў зонах аховы (зоне рэгуляванай забудовы) мемарыяла Курапаты і наўмысна парушае ўсе абцяжарванні, накладзеныя ПДП на гэты зямельны ўчастак, а таксама Кодэкс аб культуры (арт. 105, 110), Пастанову Савета Міністраў №69 ад 30 студзеня 2019 г. «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 верасня 2018 г. № 675», іншыя заканадаўчыя акты. Усё гэта з'яўляецца падставай для прыцягнення да адказнасці адміністрацыі рэстарана.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!