Ганна Шапуцька: Змаганне не спыняецца за кратамі

Актывістку Курапацкай варты Ганну Шапуцька затрымалі 31 кастрычніка разам з мужам Віктарам і паплечнікам Рыгорам Асаулам. 2 лістапада іх асудзілі на суткі, прычым, Ганна атрымала самае жорсткае пакаранне — 15 содняў адміністрацыйнага арышту. Пасля вызвалення Ганна Шапуцька распавяла пра свой шлях па маршруце «Курапаты-Акрэсціна-Жодзіна».

Затрыманне


Курапаты перад Дзядамі. Вечарэе. Прыціх Курапацкі лес, не чутна ні подыху сосен, ні птушыных спеваў. Пасля Талакі Крыжовы Шлях і западзіны прыбраныя, падрыхтаваныя да сустрэч з нашчадкамі, усё неяк урачыста, адчуванне супакою. Мы запалілі знічкі і ідзём на Курапацкую варту да рэстарацыі «Поедем поедим», пабудаванай вандаламі ў ахоўнай зоне мемарыяла Курапаты, у 50 метрах ад месца масавага знішчэння дзяржавай Сталіна тысяч і тысяч нашых суайчыннікаў. Ідзём, разважаем, як жа правільна сказаў Уладзімір Караткевіч: «Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае, асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў».

На жаль, людзі не жадаюць глядзець праўдзе ў вочы. Ім прасцей абмежавацца, схавацца за плотам рэстарацыі, ладзіць вяселлі, скакаць на батутах, піць, гуляць, смажыць шашлыкі. Угаворваць свае сумленне, што забівалі ж у 50 метрах ад рэстарацыі, што толькі адзін разок пагуляем і больш не паедзем. Аў гэты час Зло прарастае праз іх сэрцы, душы, і дазвол піць і гуляць побач з чалавечым могільнікам пераўтвараецца ў дазвол забіваць. І ўжо кроў новых ахвяраў льецца на шматпакутнай Беларускай зямлі, паўстаюць новыя мемарыялы, да якіх адныя нясуць кветкі і знічы, а другія разбураюць і танчаць ужо на іх. Як спыніць гвалт, як зрабіць так, каб людзі пачалі чорнае называць чорным, а белае белым….

Прыйшлі да рэстарацыі Смерці, так яе называюць у народзе, дасталі ўлёткі, узнялі БЧБ сцягі, бо БЧБ сцяг — сцяг Перамогі над Смерцю, у чырвоным колеры якога кроплі крыві, у тым ліку, курапацкіх ахвяраў. Не прайшло і паўгадзіны, як мы ўбачылі, што на вялікай хуткасці на нас нясецца белая легкавая машына. Падумалася, што чарговыя вандалы спяшаюцца на гулянку ў рэстарацыю. Рыхтуемся да размовы, працягваем улёткі. Машына рэзка спыняецца, з яе куляй вылятаюць трое мужчынаў у масках і балаклавах і, не прадставіўшыся, не папярэдзіўшы ні аб чым, крычаць: «Вы затрыманыя, сядайце ў машыну!» Зрываюць сцягі, запіхваюцца разам з намі ў салон, іх трое і нас трое. І мы нясёмся разам з імі ў іншую рэальнасць — рэальнасць рэпрэсаванай Беларусі. Здаецца, час спыніўся і ўсё блізкае і любімае засталося недзе ў іншым вымярэнні. У галаве адна за адной праносяцца думкі, як жа не ў час гэтае затрыманне: зяць у шпіталі з ковідам, дачка цяжарная з двума малымі дзеткамі на руках, 93-гадовая матуля мужа чакае заўтра нас у вёсцы. Напэўна, нельга быць гатовым да затрыманняў, хоць і думаеш пра іх магчымасць пастаянна. Але ж праз некалькі хвілінаў ты прымаеш новую рэальнасць, пачынаеш дзейнічаць у іншых умовах. Я паспела скінуць смс дачцэ і сяброўкі пра нашае затрыманне. Дзякуй Богу, усе праблемы вырашыліся годна і добра.



Прывезлі ў Савецкі РУУС. Дворык. Сценка. Стаім тварам да сценкі, рукі за спінай, цёмна, у вокнах дамоў запалілася святло. Думаецца, як жа ўсё добра бачна з гэтых акон. Напэўна, 9-11 жніўня шмат хто з жыхароў бачыў і чуў, як катавалі тут людзей. У мяне не было ніякіх сумневаў адносна таго, што з намі будзе. Перажывала, каб не білі мужчын. Але ж міліцыянты настроены былі не агрэсіўна, ім быццам няёмка было перад намі, напэўна не так проста затрымліваць жанчын і мужчын узросту сваіх бацькоў, магчыма, каманды «фас» не было. Адабралі рамяні, шнуркі, скралі сцягі і БЧБ шалік (у адным з пакойчыкаў я заўважыла на падлозе цэлы стос БЧБ сцягоў), адкаталі адбіткі пальцаў, фота. Неяк усё марудна і доўга. Размова з міліцыянтамі ішла вакол іхняга лёсу пасля адхілення Лукашэнкі ад улады. Яны вельмі баяцца за свае сем’і і за свае жыцці, разумеюць, што міліцыя пераўтварылася ў бандфармаванні, у гвалтаўнікоў і забойцаў, але ж апраўдваюць сябе: маўляў, яны толькі выконваюць загад. Размова не клеілася. І ўсе былі радыя, калі нарэшце нас павезлі на Акрэсціна.

Везлі ў звычайным бусіку, праз вокны якога мы любаваліся вечаровым Менскам, бо, забягаючы наперад скажу, што з акон Акрэсціна і Жодзіна не бачна нічога.
На Акрэсціна нас хутка засялілі па камерах. І гэта была ўжо новая рэальнасць, новая старонка жыцця, даволі цікавая.


Курапацкая варта на Акрэсціна

Нас чацвёра ў камеры. Знаёмімся. Дзве жанчыны затрыманыя пасля выканання «Магутнага Божа» ў Оперным, яны з «Вольнага хору». Адна з іх, Наталля, працуе ў дзяржфілармоніі, у яе прыгожы чысцюткі, нябесны голас. Яе сяброўка — свякроў нашай опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук. Яшчэ адна дзяўчына затрыманая як адміністратар тэлеграм-канала дворыка каля «Рыгі». Агульную мову знаходзім адразу. Дзелімся навінамі. Фактычна з першых хвілін дамаўляемся працягваць справу «Вольнага хору» тут, за кратамі. І неўзабаве ў нашым выкананні загучалі «Купалінка», «Магутны Божа», «Пагоня». Вязні суседніх камер віталі нашыя спевы апладысментамі і воклічамі «Жыве Беларусь!».

«Жыве Беларусь» тут паўсюль: на сценах, на кубках, на турэмных талерках. Здавалася, мы ў самым сэрцы змагання. Не пакідала адчуванне містычнага, асабліва калі ведаеш, што ў жніўні тут лілася кроў, гучалі крыкі, панаваў боль, страх.

Я хутка ачуняла. Мне не было ні страшна, ні няўтульна. Курапацкая Варта перанеслася на Акрэсціна. Я была сярод сваіх. Змаганне не спыняецца за кратамі. Гэта факт.

«Запіскі кантрабандыста»

Тым не менш, паціху ў сэрца закраўся сум і адчай, бо не ведала, што там на волі, як дачка. Паспрабавала перабіць сум чытаннем. У камеры на Акрэсціна было некалькі кніжак, на беларускай мове была адна — «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» Сяргея Пясецкага (запіскі кантрабандыста). Захапіла. У кнізе былі парады, як паводзіць сябе падчас доўгага зняволення. Самае галоўнае — не пускаць сум у сваю душу, бо ён з’ядае чалавека хутка. Трэба распрацаваць рэжым на ўвесь дзень і яго прытрымлівацца, як бы цяжка ні было, рабіць усе дробныя справы, як самыя важныя і неабходныя. З гэтага моманту я так і рабіла. Складала сабе рэжым фактычна пахвілінна і прытрымлівалася яго. Час ляцеў. Вельмі дапамагалі нашыя вольныя спевы. 

Суд

Арыштаваныя, але не асуджаныя вязні, без шнуркоў і рамянёў стаяць тварамі да сценаў. Наглядчык-мацюгальнік пакрыквае на іх здалёк, каб рукі за спінай трымалі. Міліцыянты-сведкі разам з начальнікам стаяць побач і адчуваюць сябе не ў сваёй талерцы, ім няўтульна, але ж трэба адыграць сваю ролю сведкаў-абвінаваўцаў. Людзей аднаго за адным запрашаюць у маленькі пакойчык, дзе на стале стаіць комп, а з экрана глядзіць на цябе суддзя. Яго задача разыграць прадстаўленне хуценька і адправіць цябе назад у камеру, абцяжаранага 15 соднямі арышту. Судовая расправа над правам, але ж абстаўленая так, што інакш, як цыркам гэта не назавеш.

— Пригласите свидетеля, — кажа мой суддзя С.В. Шаціла начальніку міліцыянтаў.

Заходзіць мужчына гадоў пад 50, кепка нацягнутая на лоб, каб вачэй не было бачна, на твар насунутая маска. Кажа: я сведка, прозвішча Бельскі Н.А., мне 22 гады. Спрабуе сфармуляваць фразу аб маім затрыманні.
Я, як сядзела побач з ім, так і выбухнула смехам, аж суддзя па той бок экрана ўздрыгнуўся і заклікаў мяне да парадку. Тым не менш, суддзя прызнаў у 50-гадовым мужчыне 22-гадовага пацана. Чым увагнаў у чырвоную фарбу міліцыянтаў і выклікаў чарговы выбух смеху ў залі. На такой вясёлай ноце і скончылі прадстаўленне пад назвай «суд». Суддзя вынес мне 15 сутак і я, сказаўшы ім усім «Ганьба», пайшла назад у камеру. На душы было светла, спакойна: перад прысудам мяне адвялі ў карцар. Там быў прымацаваны да сценкі ложак, маленькі табурэт прышрубаваны да падлогі, з боку прыбіральня і маленечкае акенца. Сэрца мае ледзь не спынілася, бо на маленькім табурэце я пабачыла надрапаны і адпаліраваны надпіс «Малады Фронт». Я ўявіла хлопцаў і дзяўчат маладафронтаўцаў, якія тут пабывалі не аднойчы, і мне стала наогул лёгка і вольна. Не разбіць, не стрымаць! Жыве Беларусь!

Фальсіфікацыя справы

На трэці дзень да нас у камеру перавялі дзвюх дзяўчат, затрыманых падчас акцыі. Маладзёны схаваліся ў пад’ездзе аднаго з дамоў ад АМАПу і святлашумавых гранат, але ж сталіністка-бабуля здала іх на расправу. Адна з дзяўчат — высокая прыгожая Вольга плакала. Пад ціскам супрацоўнікаў міліцыі, баючыся за сваіх бацькоў і брата, Вольга прызнала сваю віну ў тым, што не рабіла — кідала камяні ў Цэнтральны РУУС. Вольгу некалькі разоў вазілі на допыт, прыязджалі і на Акрэсціна, запісвалі на відэа і пасля паказвалі на БТ. Разам з Вольгай цягалі двух хлопцаў з суседняй камеры. Адзін з іх Эрык Арлоў з Купалаўскага тэатру. Хлопцы наогул адмаўляліся размаўляць з супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

Распавяла Вользе пра справу Святаслава Барановіча, які таксама напачатку следства сведчыў супраць сябе, растлумачыла, наколькі важна зараз адмовіцца ад паказанняў пад ціскам, распавесці пра ўсё ў СМІ, праваабаронцам, тлумачыла, што ціск на бацькоў будзе яшчэ большы, калі яна будзе баяцца і агаворваць сябе. Вольга згадзілася, але ж было бачна, што яна не разумее да канца цынізм сілавікоў, гатовых пасадзіць невінаватую дзяўчыну за краты. Дзякуй Богу, справу перадалі ў СК і Вользе далі адваката, якая параіла ёй тое ж самае. Ды і паказала на мапе, што Вольга фізічна знаходзілася зусім у іншым месцы, далёка ад будынка Цэнтральнага РУУСа, і ніяк не магла кідаць у яго камяні. Вольга крыху ачуняла. Баялася вельмі, што яе могуць затрымаць і пасадзіць на Валадарку па гэтай крымінальнай справе. Спадзяюся, што яе ўсё ж вызвалілі, і сфальсіфікаваная справа развалілася.

Этап у Жодзіна

У чацвер увечары я атрымала перадачку на Акрэсціна. Вялікі дзякуй дачцэ, сябрам, валанцёрам, бо не было ж сабой ні запасной бялізны, ні зубной шчоткі, ні тым больш начной маскі на вочы — святло ў камеры не выключалася і заснуць было цяжкавата. Вельмі не хапала пітной вады, вада на Акрэсціна з-пад крана вельмі дрэннай якасці, таму, канешне, перадачак чакаюць усе вязні. Але ж не ўсе атрымліваюць, бо адміністрацыя турмы ладзіць масавае этапаванне ў Баранавічы, Жодзіна як раз у чацвер, калі родныя стаяць у вялізных чэргах з перадачкамі. Гэта катаванне і вязняў, і іх родных, гэта здзек з чалавечай годнасці і мелкая помста мелкіх людзішак. Забягаючы наперад скажу, што ў жодзінскай турме маю перадачку наогул скралі. Дачка ехала, везла, перадала, а мне так ніхто яе і не аддаў, як кажуць хлопцы, «скрысятнічалі» супрацоўнікі. Але на Акрэсціна мне пашанцавала, і на этап у Жодзіна я паехала падрыхтаваная.

У пятніцу раніцай пагрукаліся ў дзверы камеры і аб’явілі, што этапуюць. Праз паўгадзіны нас, 20 чалавек, чатыры з якіх жанчыны, размясцілі па чатыры чалавекі ў закратаваныя камеры аўтазаку. Два здаравенных дзецюка-ахоўніка разваліліся на лаве насупраць нас, паўтыкаліся насамі ў свае тэлефоны, час ад часу лаючыся матамі на вязняў, каб не размаўлялі. Даехалі даволі хутка. У Жодзіна нас правялі па катакомбах-тунелях, і канваір у балаклаве равеў на хлопцаў матам. Было адчуванне, быццам мы апынуўся на здымках фільма. Што я змагла ацаніць — гэта моц камунікацый пад жодзінскай турмой. На няўстойлівую псіхіку, думаю, гэта ўздзейнічае. Але ж я назірала за ўсім з вялікай цікавасцю.

Нас даволі хутка развялі па камерах, і я апынулася на першым паверсе аднаго з корпусаў турмы ў камеры на 10 чалавек. Па перыметры пяць двухпавярховых металічных ложкаў, пасярэдзіне да падлогі прышрубаваны стол і дзве лавы, прыбіральня з аднаго боку, закрытая белым спанбондам (дзяўчаты змайстравалі), насупраць шафа з асабістымі рэчамі -- прадуктамі, сродкамі гігіены, кнігамі, часопісамі. За сталом сядзелі дзяўчаты і вельмі ветліва на нас глядзелі.

І тут былі ўсе свае, палітычныя, і тут паўсюль і навокал «Жыве Беларусь!». 

Беларуская мова. Сустрэчы

Пасля затрымання я адразу для сябе вырашыла размаўляць толькі па-беларуску, што б там ні адбылося. Ніхто не выказваў негатыву, наадварот, дзяўчаты выбачаліся, што не размаўляюць самі, ахоўнікі ставіліся нармальна.

І як жа прыемна было, калі пачуўся лязг металічных завалаў, адчыніліся дзверы камеры і зайшла танюткая дзяўчынка ў доўгай-доўгай фіялетавай сукенцы. Быццам праменьчык сонейка завітаў да нас у хату. Крок наперад і мы абдымаемся. Мы ведаем адна адну, мы не аднойчы сустракаліся ў Курапатах. Аксана, каталіцкая верніца, выкладчыца, перакладчыца, журналіст і любімая выхавацелька майго ўнука Дамініка. Яе затрымалі на Курапацкім Маршы, яна здымала на відэа затрыманні людзей і сама стала ахвярай. Аксана прыгожа размаўляе па-беларуску, і я адчула палёгку.

Праз некаторы час да нас ізноў пагрукаліся. І праз хвіліну мы знаёмімся з нашымі легендарнымі музыкамі-барабаншчыцамі Кацярынай і Алінай, якіх затрымалі разам з усёй камандай і інструментамі на рэпетыцыі перад Маршам. Я проста не магла паверыць сваім вачам, што ўсе гэтыя людзі сабраліся тут, побач са мной. Пытанне існавання «Вольнага хору» ў нашай камеры ў Жодзіна вырашылася адразу. Дзяўчаты падхапілі ініцыятыву, нашыя вечаровыя спевы не спыняліся, супрацоўнікі не перашкаджалі нам, рэпертуар налічваў больш за 20 песень. Вольны Дух панаваў у жодзінскай турме.

У нас выпрацаваўся рэжым, дзякуючы якому дні ляцелі даволі хутка. Кацярына ведала фітнес для твару, займалася адзінаборствамі. Мы з задавальненнем далучыліся да яе штодзённых трэніровак, і яны сталі неад’емнай часткай нашага жыцця. Гэта вельмі дапамагала і стымулявала. Аксана прынесла з сабой кнігу Горвата «Радзіва “Прудок"».

Ніколі не адчувала такой асалоды ад чытання, смакавала кожнае слова, кніга перанесла мяне ў тую рэальнасць, дзе былі мае родныя, было ўсё тое, што я так люблю, кніга злучыла мяне з імі. Цудоўная кніга.

Не хапала інфармацыі з волі. Мы не ведалі, што там адбываецца, хваляваліся за Маршы, за Варту, вельмі хацелася, каб не спыняліся пратэсты. У камерах ніхто спыняцца не збіраўся, хоць былі дзяўчаты, што адбывалі содні па другому разу. Адзінае, што магло прыпыніць наш удзел, — гэта абмежаванні па крымінальных справы і здароўе. У нядзелю ўвечары мы ўжо разумелі, што чарговы Марш адбыўся, што людзей было вельмі шмат. Аўтазакі з затрыманымі ехалі і ехалі ўсю ноч, пасля яшчэ і дзень панядзелка. Хлопцаў-дзяўчат групамі ставілі ўздоўдж сцен на першым паверсе, і мы чулі, як яны дыхалі, бо дзверы, хоць і металічныя, але ж прапускаюць усе гукі. Адным этапаваным шанцавала і засяленне адбывалася спакойна і хутка. На другіх супрацоўнікі лаяліся матам, прымушалі станавіцца на калені. Усё залежала, як я зразумела, ад суправаджаючых канваіраў. Чула, як называлі прозвішча Андрэя Ягорава, падумала, фактычна ж другі раз запар арыштавалі хлопца. Чула, як нехта патрабаваў ад супрацоўнікаў не ўжываць нецэнзурную лексіку, што было вельмі рызыкоўна ў дадзеных умовах. Аднойчы прывезлі затрыманых днём, і вельмі агрэсіўна да іх ставіліся. Мы не вытрымалі крыкаў ахоўнікаў і пачалі спяваць «Магутны Божа» — малітву, каб спыніць гэтую хвалю агрэсіі. Хутка пачуўся моцны грук дручком у нашы дзверы, маўляў, спыняйце свае спевы. «Мы молімся», — адказала я і мы працягнулі спяваць. За дзвярыма супакоіліся, сцішыліся.

ГУБАЗіК

У Жодзіна да вязняў прыязджалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Аднойчы адчыніліся дзверы нашай камеры і зайшоў малады афіцэр у форме, з медалямі. Нас пашыхтавалі ўздоўж ложкаў і пачалі перапісваць прозвішчы. На просьбы назваць сябе — маўчанне і ігнор. Пасля з-за дзвярэй паказаўся твар чалавека, якога адна дзяўчына апазнала, як супрацоўніка ГУБАЗіКа. Ён быў разам з чалавекам у аліўкавай форме і з цікавасцю назіраў за намі, спрабаваў жартаваць, яму было весела. Праз некаторы час на размову выклікалі па чарзе музыку Кацярыну і прыхільніцу анархісцкага руху 22-гадовую Карыну. Карына сустракалася з гэтым чалавекам не першы раз. Ён вельмі жорстка і балюча яе затрымліваў, калі яна сустракала сваіх сяброў з жодзінскай вязніцы. Дзякуючы гэтаму чалавеку, яна і апынулася за кратамі. Ён прыйшоў да Карыны з пагрозамі, што яна адсюль не выйдзе, прыйшоў з відэа, на якім закатаваны, збіты актывіст і журналіст Мікола Дзядок нешта казаў на камеру. Прыйшоў паздзекавацца, атрымаць асалоду, працягнуць катаванні дзяўчыны.

З Кацярынай ён паводзіў сябе па-іншаму, спрабаваў выклікаць станоўчыя эмоцыі, давер. Але ж Кацярына ў жніўні дапамагала валанцёрам на Акрэсціна і бачыла на свае вочы збітых, згвалтаваных людзей. Яна эмацыйна сказала супрацоўніку ГУБАЗіКа: маўляў навошта збівалі, гвалтавалі, а зараз хочаце спыніць пратэсты. Працяг размовы мы ўжо пачулі ў калідоры, калі той аджартоўваўся: вы ж, Кацярына, там не былі і не ведаеце пра што кажыце. Кацярына ў слязах спрабавала яму давесці, што ведае. А я запытала, а ці быў ён сам там, ці ведае пра што кажа? Ён адказаў, што быў. Нашыя дзяўчаты сказалі яму: добра, што самі прызналіся, мы гэта запомнім. Пасля вызвалення я даведалася. як жорстка затрымлівалі Міколу Дзядка, як не менш жорстка абышліся з Ігарам Аліневічам, раней затрыманым Аляксандрам Францкевічам. Даведалася, што фабрыкуецца страшная справа супраць анархістаў, і нам усім трэба пільна сачыць за лёсам хлопцаў і не пакідаць іх сам насам з гэтай антычалавечнай сістэмай.

Шмат можна распавядаць пра зняволенне. Столькі цудоўных людзей, столькі гісторый, столькі ўражанняў. Самай маладой з нас было 18, самая старэйшая я — мне 56. Сярэдні ўзрост зняволеных дзяўчат 28-30 гадоў, усе маладыя, прыгожыя, ініцыятыўныя, крэатыўныя, уважлівыя і салідарныя. Я вельмі ўдзячна ім усім за гэтыя 15 содняў. Веру, што ўсе яны будуць вольнымі і шчаслівымі і мы абавязкова пераможам!

БЧБ сцяг. Вызваленне


«Шапуцька з рэчамі на выхад», — абрадаваў мяне ахоўнік.

Развітваюся з дзяўчатамі, іду за наглядчыкам у кабінет і спыняюся: на падлозе паміж сталамі супрацоўнікаў турмы ляжыць БЧБ сцяг. Яны ўважліва глядзяць на мяне, кажуць праходзьце, распішыцеся. Кажу, каб паднялі сцяг і не глуміліся над ім, бо ім самім, іх дзецям, унукам пасля будзе сорамна за падобныя ўчынкі. Але ж маўчанне ў адказ і вочы ў стол. Акуратна абышла сцяг, не наступіўшы на яго, распісалася ў паперах і выйшла з пакоя за суправаджаючым. Я ўжо чула расповеды дзяўчат аб падобных вычварэннях у турмах і РУУСах, у аўтазаках. Гэтая чорная зграя можа фізічна таптаць наш Сцяг, але ж знішчыць яго не ў іх сілах. У сэрцы гучалі словы верша Някляева:

«Лунае нескароны, на векавых вятрах, наш, ад крыві чырвоны, ад болю белы сцяг, наш бел-чырвона-белы, нябёсны, вольны, смелы, наш Сцяг!»

І вось я побач са сваімі роднымі, сябрамі. Усё будзе добра. Змаганне працягваецца.

Жыве вольная наша Беларусь! Жыве еднасць і салідарнасць!


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: