Ганне Севярынец не працягнулі кантракт у гімназіі. Праз верш пра Колю

«[Дырэктар] сказаў, што як настаўнік я маю права на думкі наконт сістэмы адукацыі, але я не маю права як настаўнік крытыкаваць уладу, што наша задача — абслугоўваць ідэалогію, якая ёсць. І пакуль я не выказвалася на адрас першай асобы, то гэта разумелі, а цяпер не разумеюць», — распавяла «Свабодзе» Ганна Севярынец.

Ганна Севярынец працуе ў Смалявіцкай раённай гімназіі. Кажа, што дачыненні з кіраўніцтвам заўсёды былі добрыя.

«Як дырэктар навучальнай установы я прымаю рашэнне, працягваць ці не працягваць кантракт, — адказаў "Радыё Свабода" дырэктар Смалявіцкай раённай гімназіі Дзяніс Дубаневіч на просьбу пракаментаваць сітуацыю з Ганнай Севярынец. — Больш нічога на гэты конт каментаваць не буду».

Верш Ганны Севярынец «А я за вас не галасавала ніколі» быў апублікаваны на сайце Радыё Свабода 6 чэрвеня.

5-гадовы працоўны кантракт Ганны Севярынец заканчваецца 17 жніўня.

«Я доўга думала, ці рабіць гэтую сітуацыю публічнай, — тлумачыць Ганна, чаму рашылася расказаць пра гэта. — Але пасля я зразумела, што калі нічога не скажу і проста ў верасні перайду на іншую працу, то дзецям ці мала што скажуць — «звольнілася, знайшла лепшае». Толькі гэтая думка мяне насамрэч прымусіла выказацца, бо я разумею, што назад дарогі няма. На жаль, бо я б, вядома, да дзяцей вярнулася. Але я проста не хачу, каб дзеці думалі, што я іх «прамяняла на нешта».

Яна кажа, што пасля таго, як людзі даведаліся пра яе звальненне, прапановы працы паступаюць. «Але для мяне тут галоўнае, каб дзеці разумелі, што я іх не кінула», — тлумачыць Ганна Севярынец.

Ганна Севярынец — настаўніца, пісьменніца, даследніца, аўтарка некалькіх кніг з гісторыі беларускай літаратуры.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: