Гарадское жыццё ў эпоху пандэмій. Што бачна з беларускіх вокнаў?

Мінская ўрбаністычная платформа правяла даследаванне пра стаўленне жыхароў Беларусі да віду з ўласнага акна і гарадской прасторы ў эпоху пандэміі.


Даследнікі прааналізавалі адкрытыя крыніцы даных: фатаграфіі з сацыяльных сетак і сайтаў, аб'явы аб нерухомасці і Яндэкс.Карты, якія дазволілі адсачыць індэксы самаізаляцыі і эфекты ад масавай самаізаляцыі з канца красавіка па сённяшні дзень. Важнай часткай даследавання стала апытанне, якое сабрала больш за 500 анкет з розных гарадоў Беларусі, а таксама ўнікальную галерэю з больш чым 400 фота відаў з акна.

Што бачна з беларускіх вокнаў?


Найбольш тыповымі відамі з беларускіх вокнаў сталі тыпавыя панэлькі, старыя дзіцячыя пляцоўкі, трубы прадпрыемстваў, цэнтральныя часткі горада з гандлёвымі цэнтрамі, паркоўкі і гаражы. Элементы прыроды прадстаўлены сярод відаў нераўнамерна; многія віды ўключаюць толькі рукатворнае асяроддзе.
 
Пры гэтым менавіта прырода часцей за ўсё называлася як станоўчы складнік віду з акна. Большасць рэспандэнтаў прызналі віды на будоўлю і запоўненыя машынамі вуліцы прыгнятальнымі, хоць некаторым усё ж падабаецца назіраць за хадой жыцця праз бясконцы паток машын і нават слухаць яго.


Віды з вокнаў як мастацтва!


Беларуская дыджытал-мастачка Караліна Палякова, натхніўшыся фатаграфіямі ўдзельнікаў даследавання #горадувокнах, стварыла калажы "тыповых" беларускіх відаў з вокнаў.


Шмат у чым вопыт каранціну ў беларускіх гараджан быў падобны на досвед іншых краін, але ўсё ж меў важную асаблівасць: у Беларусі самаізаляцыя — гэта рашэнне, а не прымус.


Для многіх беларусаў і беларусак, якія вырашылі заставацца дома, від са свайго акна стаў прычынай думак пра сябе, свае ўспаміны, дзяцінства, мінулае і будучыню — у дадзеным кантэксце акно стала як бы своеасаблівым люстэркам для самарэфлексіі.

Таксама, у адрозненне ад іншых краін, дзе балконы, вокны і дахі сталі інтэнсіўна выкарыстоўвацца як каналы двухбаковай камунікацыі і інструмент самавыяўлення падчас каранціну, — у Беларусі яны не набывалі такога значэння. Гэтая сітуацыя змянілася з пачаткам лета, але па прычынах, якія звязаны з пандэміяй каронавіруса толькі ўскосна.


Як адрэагаваў рынак нерухомасці?


Традыцыйныя крытэрыі выбару жылля пакуль не змяніліся прынцыпова: у якасці такіх часцей за ўсё выступае цана (81%), зручнае транспартнае спалучэнне (81%), лес/парк/сквер паблізу (65%) і планіроўка (51%). Удзельнікі і ўдзельніцы даследавання часта адзначалі, што важны сам арэндадаўца і магчымасць жыць з хатнімі жывёламі. У большасці выпадкаў, пасля куплі ўласнага жылля, патрабаванні да яго дапаўняюцца. Гэтак, з'яўляецца жаданне мець паблізу сквер або невялікі парк, добрых суседзяў, веладарожкі. Від з акна назвалі важным крытэрыем 58% рэспандэнтаў; а ў аб'явах на сайтах нерухомасці сталі часцей з'яўляцца такія фота.

Галоўныя высновы даследавання — коратка:

    • Самаізаляцыя стала для беларусаў і беларусак унікальным вопытам, паколькі запатрабавала змяніць звыклы лад жыцця па ўласным рашэнні.
    • Застаючыся дома, рэспандэнты сталі больш уважліва ставіцца да прасторы побач з домам: тэрыторыі ля пад’ездаў двароў, суседніх будынкаў.
    • Ключавую ролю ва ўспрыманні прасторы каля дома сталі адыгрываць элементы прыроды. Самая стабільная карэляцыя — паміж зелянінай, заходамі і пазітыўнымі эмоцыямі.
    • Пачуцці ад віду з акна маюць выразную сезоннасць: больш пазітыўныя апісанні назіраліся падчас цёплых месяцаў; немагчымасць назіраць змену сезонаў з акна ўсведамлялася як праблема.
    • Акно стала часцей выконваць нетыповыя для сябе функцыі — забаўляльную і рэкрэацыйную.
    • Вясной 2020 акно ў Беларусі не стала новым каналам камунікацыі, а толькі дапамагло прымаць візуальную інфармацыю пра свет.
    • Вопыт знаходжання дома дазволіў многім гараджанам адчуць сябе ў сітуацыі, у якой жывуць некаторыя сацыяльныя групы — напрыклад, людзі з абмежаванай мабільнасцю.

Больш падрабязную інфармацыю з аналітыкай можна прачытаць у поўнай версіі даследавання ў Мінскім урбаністычным часопісе.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: