Гарадзенцы рыхтуюцца адсвяткаваць Дзень Волі

У Гародні адбылося першае паседжанне грамадскага аргкамітэта па святкаванні 25 сакавіка — Дня Волі. На паседжанні апроч месцаў правядзення свята абмяркоўваліся і выклікі, што паставіла перад арганізатарамі сёлета ўлада.
Мітынг 25 сакавіка 2017 у Каложскім парку. Фота hrodna.life

Мітынг 25 сакавіка 2017 у Каложскім парку. Фота hrodna.life

Распавядае сябра аргкамітэта , кіраўнік партыі БНФ па Гарадзеншчыне Вадзім Саранчукоў:

— Істотнае павелічэнне аплаты паслугаў міліцыянтаў, якое з’явілася ў гэтым годзе. Мы абмяркоўвалі фармат падачы заяўкі ці не падачы — правядзення несанкцыянаванага мерапрыемства. Асноўная частка людзей выказалася за тое, каб правесці святкаванне — фестывальны фармат. Будзем спрабаваць па магчымасці легалізаваць гэтае мерапрыемства. Вырашылі, што правядзём перамовы з гарвыканкамам, звернемся па ўзгадненне месца правядзення. Пакуль што казаць пра канчатковае месца яшчэ рана. Я думаю, што ў гэтым годзе святкаванне будзе як мінімум не горшым, чым у мінулым.

Сяргей Верамеенка, прадстаўнік БХД у аргкамітэце, спадзяецца на выкарыстанне партыйнай сімволікі на гэтым мерапрыемстве:

 Выкарыстанне партыйнай і іншай сімволікі рэгламентуецца Законам аб масавых мерапрыемствах. Таму я не думаю, што будзе штосьці супрацьзаконнае, калі зарэгістраваныя партыі і рухі будуць выкарыстоўваць сваю сімволіку. Тым больш, што ўжо практыка такая ёсць. У мінулым годзе яна была ў Мінску. Як мы бачылі, усё прайшло арганізавана на высокім роўні.

Наступнае паседжанне гарадзенскага аргкамітэта па святкаванні Дня Волі адбудзецца 13 лютага.

Паводле racyja.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!