Гарадзенскаму таксісту, збітаму амапаўцамі, пагражае тры гады зняволення

Гэта адзін з самых працяглых судоў па крымінальнай справе па арт. 364 за апошні час: суд распачаўся яшчэ 5 лістапада і доўжыцца тры з паловай месяцы.

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 22 лютага працягваецца разгляд крымінальнай справы мясцовага таксіста Аляксея Лапы. Мужчыну абвінавачваюць па арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»).

У якасці пацярпелых выступаюць два супрацоўнікі АМАПу — Арцём Логіш і Павел Конан.

Справу разглядае суддзя Дзмітрый Кедаль. Дзяржабвінаваўца — пракурор Георгій Смольскі.

Маніторынг судовага пасяджэння ажыццяўляе праваабаронца Раман Юргель.

Перапынак ад 24 снежня мінулага года быў абумоўлены неабходнасцю правядзення экспертызы відэазапісу інцыдэнта.

Паводле версіі абвінавачвання, Аляксей 11 жніўня з мэтай перашкодзіць дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі ўжыў гвалт над імі, то-бок наехаў на іх на машыне. Пры гэтым толькі ў Конана былі сінякі і ранкі: сінякі на локці і калене, драпіна на ілбе, якія выклікалі кароткачасовую страту здароўя. Нагадаем, 11 жніўня каля плошчы Дзекабрыстаў машыну Аляксея спынілі супрацоўнікі АМАПу і жорстка затрымалі ўсю кампанію. Таксі сілавікі разбілі, людзей, якія знаходзіліся ўнутры, выцягнулі на дарогу і збілі.

Сёння ў судзе прайшлі спрэчкі бакоў.

Пракурор перакананы, што «па арт. 364 КК РБ факт прымянення сілы з мэтай перашкодзіць законнай дзейнасці супрацоўнікаў АМАПу знайшло пацвярджэнне ў поўным аб'ёме. Удзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве не прымаў. А бчб сцяг не яго, а пакінуты ў салоне пасажырам.

Віна Лапы пацвярджаецца таксама паказаннямі пацярпелых, сведак, матэрыяламі справы. Паказанні сведак супрацоўнікаў АМАПа пацвярджаюць паказанні пацярпелых.

У сувязі з выкладзеным, паказаннямі пацярпелых і сведак, факт атрымання цялеснага пашкоджання пацвярджаецца заключэннем судмедэкспертызы».

Пракурор Смольскі просіць прызнаць Лапу вінаватым і прызначыць яму 3 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму і ўзяць пад варту ў зале суда. Таксама спагнаць з яго працэсуальныя выдаткі ў памеры 164 рублі. Сцяг бчб знішчыць.

Адвакат спасылаецца на словы Аляксандра Лукашэнкі ад 20 жніўня аб тым, што у судзе павінен быць забеспечаны прынцып прэзумпцыі невінаватасці. Супрацоўнікі УУС павінны былі прыняць меры, выявіць відавочцаў і ахову месца здарэння і паведаміць у РАУС. Пазіцыя абвінавачвання не адпавядае рэчаіснасці, крымінальная справа ўзбуджаная незаконна.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: