Гарадзенскія студэнты шукаюць грошы на аднаўленне старога парку сядзібы Станіславова

Некалькі актыўных студэнтаў Аграрнага ўніверсітэта распрацавалі праект выратавання старога парку былой каралеўскай сядзібы Станіславова. Але каб рэалізаваць гэтую ідэю, патрэбныя вялікія грошы. Іх студэнты спрабавалі знайсці на ІХ гарадзенскім ІнвестУікэндзе. 



"Гэты парк нам не падабаўся з таго моманту як мы паступілі ва ўніверсітэт. Кожны дзень, праходзячы побач, мы марылі, каб яго пераўтварыць, зрабіць яго непаўторным і запамінальным, каб пра яго казалі не толькі ў Беларусі, але і за мяжой", — кажа адна з аўтараў праекта Ірына.

На трэцім курсе ў раскладзе з'явіўся прадмет "Асновы праектавання". Студэнты вырашылі ўзяцца за праект разам з выкладчыкам. На паперы ўсё ўжо гатова.

"Праектуючы яго, мы хацелі зразумець дух месца, наблізіць яго вонкавае аблічча да эпохі Панятоўскага, узнавіць яго такім, якім было раней", — кажа Ірына і дадае, што гэта было няпроста, бо якіх-небудзь дадзеных аб абліччы парку ў цэлым няма, толькі кароткія згадкі ў архіўных дакументах. Такіх аб'ектаў, да якіх дакранаўся сам кароль, у Гродне засталося няшмат, і студэнты вельмi хацелася б захаваць гэтую невялікую спадчыну.    

Пры вывучэнні парку студэнты выявілі некалькі відаў ліпы буйналіставой, меркавана высаджанай пры заснаванні парку ў эпоху Панятоўскага. Для пацверджання гіпотэзы, моладзь паспрабавала даведацца хаця б прыблізны ўзрост дрэў:

"Мы вызначалі яго шляхам дэндрахраналагiчнага метаду: даўжыню акружнасці дрэва на вышыні 1,3 м памнажалі на каэфіцыент пераліку для ліпы буйналіставой 1,1. У выніку мы высветлілі, што самай старой ліпе ў парку — 286 гадоў, самай маладой - 165".  

Сама сядзіба Станіславова была пабудавана ў другой палове XVIII стагоддзя па праекце італьянскага архітэктара Джузэпэ Сака. Рэгулярна-прамянёвае планаванне парку з галоўнай восевай дамінантай — лiпавай алеяй — дапаўняла архітэктурную кампазіцыю комплексу позняга барока. У другой палове ХІХ стагоддзя рэгулярны парк быў ператвораны ў пейзажны, са зменай трасіроўкі дарожна-сцежкавай сеткі і максімальным захаваннем існуючага асартыменту дрэў і хмызнякоў, якіх было 80 відаў. Плошча парку была 5,2 га. У 1982 годзе на мяжы з паркам пабудавалі шматпавярховікі, што і паслужыла кардынальнай яго змене, знішчаючы значную частку насаджэнняў.  

Згодна з праектам, распрацаваным студэнтамі, запланавана высадка новых прышчэпленых формаў вяза, ліпы, рабіны, бярозы — усё ў традыцыях старадаўніх сядзіб. Старыя дрэвы плануюць захаваць не ўсе, бо многія ўжо высахлі. Таксама плануецца памяняць і форму парку - стварыць уваходную, зону аформленную ў выглядзе аркі, якая візуальна аддзеліць сучасную вуліцу ад зялёнай тэрыторыі. У цэнтры парку плануецца стварыць мемарыяльную зону з лаўкамі, а таксама адрадзіць ліпавую алею.    

"Увасобіць у жыццё праект можна і нават трэба, але ўсё ўпіраецца ў фінансаванне. Калі нават і прафінансуюць, то трэба яшчэ сумленнае выкананне. Бо на азеляненне парку Жылібера сыходзілі немалыя грошы, аднак ўсё там павымярзала. За нашым паркам догляд быў бы гарантаваны, бо з універсітэтам побач і студэнтаў тут шмат".  

На рэалізацыю праекта студэнтам трэба каля 20 млрд рублёў.    

26 сакавіка гарадзенцы ўдзельнічалі са сваім праектам у мясцовым ІнвестУікэндзе. Іх ідэю адразу адхілілі і прапанавалі ўдзельнічаць у праграмах трансгранічнага супрацоўніцтва, дзе больш шанцаў знайсці грант на прасоўванне такога праекта.

Паводле t-styl.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!