Гародня: актывіст супраць тэлевізіёншчыкаў

Старшыня Гарадзенскай арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў звярнуўся у пракуратуру з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці стваральнікаў паклёпніцкага фільма «Марш в никуда», які дэманстраваўся на канале «Беларусь 4»

У сваёй заяве Вадзім Саранчукоў звярнуў увагу пракуратуры на шматлікія парушэнні ягоных правоў.

Ён адзначае:

«У фільме выкарыстоўваюцца кадры, якія нагадваюць аператыўную здымку сілавых органаў. З’яўленне гэтых кадраў у распараджэнні тэлерадыёкампаніі можа сведчыць пра ўцечку аператыўных матэрыялаў ад супрацоўнікаў МУС.»

Таксама актывіст выражае пратэст супраць грубага ўмяшальніцтва ў асабістае жыццё  -- гэтак ён трактуе дэманстрацыю па тэлебачанні кадраў схаванай здымкі, а таксама кадраў, на якіх знаходзіцца непаўнагадовы сын актывіста (без адпаведнай згоды бацькоў).

Выкладзены ў заяве і шэраг іншых прэтэнзій, у тым ліку датычна абразы гонару і дзелавой рэпутацыі.

Зыходзячы з вышэй сказанага, Вадзім Саранчукоў патрабуе ад Пракуратуры Гродзенскай вобласці прыняць меры да аднаўлення законнасці, абароны правоў яго і членаў яго сям’і, праверыць захаванасць аператыўнай інфармацыі – відэазапісаў у органах МУС  і недапушчэнні ў будучым парушэнняў дзеючага заканадаўства супрацоўнікамі Тэлерадыёкампаніі “Гродна”.

Паводле публікацыі на сайце «Гарадзенская вясна»


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!