Гары Паганяйла: Караеў нагаварыў на некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэкса

Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па правах чалавека Гары Паганяйла пракаментаваў апублікаваны ByPol запіс меркаванай прамовы Караева, а таксама распавёў, як будуць адбывацца сумленныя суды ў новай Беларусі.

Словы Караева

— Караеў нагаварыў на многае: і на перавышэнне службовых паўнамоцтваў, і на пагрозу забойстваў грамадзян, — цытуе Гары Паганяйла «Кабінет прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай». — Калі гэтыя забойствы ацэньваць як пакаранні без суда, то яны будуць разглядацца з пазіцыі крымінальнага закона і міжнароднай супольнасцю як злачынствы супраць чалавечнасці.

Калі следства прызначыць фонаскапічную экспертызу для ўстанаўлення, каму належыць голас, і па выніках даследаванняў будзе ўстаноўлена, што няма прыкмет мантажу, а голас належыць Караеву, то запіс можа быць выкарыстаны як адзін з доказаў яго віны.

Пасля следчых дзеянняў доказы павінны легчы на стол суду. Суд можа прызнаць, што менавіта гэты чалавек рыхтаваў сваіх «субратаў» да падобных забойстваў. І забойствы былі здзейсненыя. А па самім запісе пасля ўстанаўлення яго даты можна сказаць, што шэраг злачынстваў былі здзейсненыя супрацоўнікамі МУС пасля слоў Караева. У тым ліку і забойства Рамана Бандарэнкі. Калі будзе даказаная прычынна-следчая сувязь выказванняў, тады можна будзе рабіць высновы, што злачынства адбылося з удзелам супрацоўнікаў міліцыі і афіляванымі з імі грамадзянамі, якія таксама выконвалі незаконныя загады міліцыі на збіццё людзей, хоць яны не былі на гэта ўпаўнаважаныя на законных падставах.

Універсальная юрысдыкцыя і суды ў новай Беларусі

— Сутнасць універсальнай юрысдыкцыі ў тым, што дзяржавы, якія заключыді адпаведныя дамовы і пагадненні, узялі на сябе абавязацельствы і ўвялі ў нацыянальныя законы такога роду, дэлікты, якія дазваляюць на нацыянальным узроўні прыцягваць да адказнасці вінаватых. Незалежна ад таго, дзе былі здзейсненыя злачынствы. Пры наяўнасці даных і заяў пацярпелых або іх сваякоў могуць быць распачатыя крымінальныя справы, а службы Інтэрпола возьмуцца за пошукі падазраваных па ўсім свеце — знойдуць іх, і яны паўстануць перад судом, — кажа Гары Паганяйла. 

— Універсальная крымінальная юрысдыкцыя працуе па прынцыпе «або выдайце вінаватую асобу ў нашу краіну для ажыццяўлення правасуддзя, або судзіце яе самі». У мінулым па універсальнай юрысдыкцыі прайшлі справы ў дачыненні да чылійскіх афіцэраў часоў Аўгуста Піначэта, якія ажыццяўлялі катаванні, забойствы, выкраданні людзей і іншыя злачынствы супраць чалавечнасці. Яны былі прыцягнутыя да адказнасці ў Бельгіі, Іспаніі, у іншых краінах, у адпаведнасці з нацыянальнымі законамі паводле працэдуры універсальнай крымінальнай юрысдыкцыі.

Нядаўна стала вядома пра прысуды сірыйцам, якія на тэрыторыі Сірыі ў дачыненні да сваіх і замежных грамадзян здзяйснялі тыя ж самыя злачынствы. Здавалася б, Сірыя такая далёкая краіна ад Еўропы, падзеі адбываліся 6-7 гадоў таму, але сёння ўжо ёсць справы, разгледжаныя ў Германіі. У дачыненні да многіх вынесеныя абвінаваўчыя прысуды і прызначаныя працяглыя тэрміны пазбаўлення волі. Але ёсць і апраўдальны прысуд. Важна, што справядлівае правасуддзе адбылося. 

Беларускі народ павінен ведаць, што інструменты для барацьбы з беспакаранасцю сілавікоў, якія ўчынілі злачынствы, ёсць. Мы дачакаемся таго часу, калі пачнуцца суды і ў нас у Беларусі. Мы будзем гарантаваць, што кожны, хто паўстане перад судом, адкажа за тое, што ён здзейсніў, і абараняць іх будуць прафесійныя адвакаты. Яны могуць разлічваць на сумленнае правасуддзе — і яно абавязкова будзе.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: