Гары Паганяйла: Марыне Золатавай абавязкова патрэбна было абскардзіць прысуд

Юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла распавёў сайту palitviazni.info, чаму галоўнаму рэдактару TUT.BY Марыне Золатавай трэба было прайсці ўсе судовыя інстанцыі.

Марына Золатава ў пасля абвяшчэння прысуду. Фота Дзіяны Пінчук


“Пра ўсю гэтую справу і суд можна сказаць так: павадзілі пугай па вадзе”, — кажа суразмоўца.

Нагадаем, што 13 сакавіка ўступіў у сілу прысуд па “справе БЕЛТА”, які вынесены галоўнаму рэдактару TUT.BY Марыне Золатавай. Судовае рашэнне яна вырашыла ў Мінскім гарадскім судзе не абскарджваць.

Як вядома, Марына Золатава прызнана вінаватай у бяздзейнасці службовай асобы і аштрафавана на 300 базавых велічынь (7 тысяч 650 рублёў). Дадаткова з Золатавай будзе забрана на карысць на карысць УП «БЕЛТА» 6 тысяч рублёў — у залік кампенсацыі юрыдычных выдаткаў.

— Вельмі лёгка было спрагназаваць такі прысуд, — кажа Гары Паганяйла. — Пра ўсю гэтую справу і суд можна сказаць так: павадзілі пугай па вадзе. Шуму было шмат, а на выхадзе атрымалі нуль. Нават Марына Золатава, калі даведалася па канчатковае судовае рашэнне, відаць, вырашыла далей не змагацца.

— Правільнае рашэнне?

— На мой погляд, абсалютна няправільнае. Ставілася ж пытанне пра тое, што Золатава невінаватая, і яна гэтую пазіцыю пацвярджала ў судзе. Калі гэта так, значыцца ў апеляцыйным парадку трэба было асбкарджваць прысуд.

Таму зараз атрымалася, так бы мовіць, незавершаная гутарка. У судзе Марына Золатава не прызнала віну, адвакат настойваў на апраўдальным прысудзе, але прынцыпова змагацца за сваю невінаватасць яны не захацелі.

— Золатава сказала, што не хоча на гэта марнаваць час…

— А на гэта шмат часу не патрэбна. Трэба было проста напісаць скаргу, правесці яе праз апеляцыйную інстанцыю, а апошняя ўжо ацаніла б доказы і кваліфікацыю, а таксама магла ацаніць меру пакарання. Апеляцыйная інстанцыя наўрад ці магла даць большы штраф, чым прысудзіў раённы суд. Тым больш, што злачынства не адносіцца нават да менш цяжкіх.

Таму, як мне падаецца, трэба было абскарджваць рашэнне раённага суда. І, па-другое, журналісцкая супольнасць актыўна паднялася на абарону журналістаў па “справе БЕЛТА”. З гэтай нагоды быў вялікі рэзананс, буйныя міжнародныя журналісцкія арганізацыі і дыпламатычны корпус таксама ўважліва сачылі за развіццём падзей, як на папярэднім этапе следства, так і на судзе. І, думаю, усе чакалі прынцыповага падыходу ахвяраў гэтай справы. А ўсё пайшло абсалютна па-іншаму сцэнару.

— А які сэнс і насамрэч абскарджваць прысуд, калі гэта нічога не зменіць?

— Гэта праца адваката, журналісту тут нічога рабіць не трэба. Калі адвакат прафесійны і прынцыповы, то ён абавязаны падрыхтаваць апеляцыйную скаргу нават не ад імя Марыны Золатавай, а ад свайго імя.

Таму, як мне падаецца, выкарыстоўваць судовую трыбыну неабходна ў любым выпадку. Трэба паказваць неабгрунтаванасць абвінавачванняў. І я, як прадстаўнік старой школы адвакатуры, не разумею, чаму гэтым правам не скарысталіся.

— У “справе БЕЛТА” як быццам пастаўлена кропка. На ваш погляд, ці магчыма, што ў бліжэйшы час з’явяцца новыя гучныя палітычныя справы?

— Безумоўна, магчыма. Не даводзіцца нават думаць, што ў выпадку сітуацый, якія будуць несці пагрозу для ўладаў, апошнія будуць сядзець ціха-мірна. І ў перыяд выбарчай кампаніі такія справы могуць з’явіцца, і да гэтага.

Сілавікі будуць жорстка сачыць за сітуацыяй, таму нельга нічога выключаць. Калі нехта будзе пераходзіць мяжу, то будуць і новыя палітычныя справы. Разлічваць на нейкую лібералізацыю я б не раіў. Нават калі вы будзеце дзейнічаць у прававым полі, улады могуць гэта так прадставіць, што ахвяры апынуцца на лаве падсудных.

— І Захад, з якім зараз ідзе дыялог, не ў стане на нешта паўплываць?

— Падчас такога дыялогу былі ўзбуджаны і крымінальная “справа патрыётаў”, і “справа прафсаюзаў”, і “справа БЕЛТА”. Не трэба думаць, што нейкі дыялог некага спыніць. Улада ўпэўнена адчувае ўнутры краіны і абставіла сябе такім чынам, што не баіцца ісці на абвастрэнне сітуацыі.

Але, думаю, у гэты электаральны перыяд улады будуць усё-такі паводзіць сябе больш асцярожна.

palitviazni.info


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!