Гары Паганяйла: Мы не прагнем крыві, але «дастанем» кожнага злачынцу

Запушчаны механізм універсальнай крымінальнай юрысдыкцыі, які дазволіць значна хутчэй і больш эфектыўна прыцягнуць да крымінальнай адказнасці тых, хто здзяйсняе злачынствы супраць чалавецтва.


Звыш тысячы чалавек затрыманыя на акцыі пратэсту ў Мінску 8 лістапада-такі ўзровень рэпрэсій і гвалту назіраўся адразу пасля прэзідэнцкай кампаніі 9-11 жніўня. Сілавікі збівалі затрыманых, гадзінамі трымалі ў РУУС на холадзе, ставілі на калені на зямлю. Для паўнаты карціны не хапала кантрольнага стрэлу ў патыліцу.

Чым можна растлумачыць новы віток гвалту і што з гэтым рабіць? «Беларускі партызан» пагутарыў з Гары Паганяйлам, якога Святлана Ціханоўская, па-сутнасці, прызначыла амбудсмена па правах чалавека.

— Чарговы віток рэпрэсій можна растлумачыць панічным настроем самага галоўнакамандуючага, які і аддае неадэкватныя загады на падаўленне пратэстаў. Акрамя сілы, у яго нічога іншага ў галаве няма, ён не можа прыняць правільных рашэнняў. Таму што не разумее, што ў краіне адбываецца. Тры месяцы ў краіне не сціхаюць пратэсты, людзі масава выходзяць з патрабаваннем яго адстаўкі, вызвалення ўсіх палітвязняў. Яны патрабуюць справядлівых і адкрытых выбараў — з гэтым ён як палітык пагадзіцца не можа. Таму і спрабуе загнаць усіх пад плінтус, нагнаць як мага больш страху, каб у людзей пры адной думкі аб выхадзе на вуліцу дрыжалі калені.

Выканаўцы яго загадаў знаходзяцца ў такім жа ступары: Лукашэнка патрабуе ад іх навесці парадак на плошчах і вуліцах беларускіх гарадоў, сілавыя структуры, акрамя інструментара сілавога падаўлення, нічому не навучаныя. Але акрамя таго яны ідэалагізаваныя такім чынам, што, нібыта, маюць справу з ворагамі дзяржавы, ворагамі нацыі, і таму з імі неабходна паступаць вельмі жорстка.

Большасць насельніцтва апынулася ў краіне, якую акупуюць узброеныя людзі, тыя, хто абавязаны стаяць на варце закона, правоў і свабод грамадзян, абвешчаных Канстытуцыяй. На самай справе беларускія сілавікі дзейнічаюць як апрычнікі Івана Грознага: толькі праз кроў, толькі праз калена, не хапала толькі публічных пакаранняў смерцю на плошчах — і параўнанне з апрычнікамі стала б канчатковым і слушным.

Як народ можа дамагчыся быць пачутым? Сілавы блок настолькі падрыхтаваны, разадзьмуты, прыкормлены узурпатарам, што не ідзе ні ў якое параўнанне з любымі заходнімі суседзямі. Толькі ў адным Міністэрстве ўнутраных спраў — каля 130 тысяч такіх наймітаў-нахлебнікаў; акрамя таго, каля 70 тысяч вайскоўцаў у Міністэрстве абароны. Не выключаю, на акцыі прыцягваюцца курсанты Акадэміі МУС, міліцэйскіх каледжаў. І ўсе пастаўлены пад ружжо, ва ўсіх адна задача — знішчыць так званы «бунт», здушыць супраціў любымі сродкамі. Таму яны літаральна топчуцца па людзях, збіваюць іх рукамі і нагамі, дубінкамі, мардуюць, палохаюць, праводзяць гестапаўскія экзекуцыі.

Пасля 8 лістапада значная колькасць людзей трапілі ў медыцынскія ўстановы з сур’ёзнымі траўмамі: з паламанымі рукамі і нагамі, з чэрапна-мазгавымі траўмамі. Над людзьмі працягваюць здзекавацца. Усе зборышча сілавых структур (ці то яны апоеныя, ці то абкалотыя — адной ідэалогіі тут відавочна недастаткова) , як звяр’ё, накідваецца на безабаронных старых, на жанчын, на непаўналетніх, на ўсё што рухаецца.

Такі гвалт, які доўжыцца працяглы час, не ўсе могуць вынесці: хтосьці сыходзіць з плошчаў, але прыходзяць новыя людзі. Небяспека для рэжыму складаецца ў тым, што людзі ўжо ўсвядомілі, зразумелі і глыбока ў сабе носяць разуменне, што, як раней, яны жыць не будуць, падпарадкоўвацца злачыннай уладзе ўжо не будуць; яны хочуць жыць у нармальнай дэмакратычнай краіне, хочуць абіраць сваю ўладу, давяраць сваёй міліцыі, сваім судам. Сёння мы бачым гульню ў адны рукі на траіх: і міліцыя, і пракуратура, і суды абсалютна адкінулі законы, патрабаванні справядлівасці да сваіх жа грамадзян.

Супраць народа развязаная вайна. Сілавікі чакаюць-не дачакаюцца сілавога адказу з боку пратэстоўцаў, але менавіта яны ўвесь час правакуюць пратэстоўцаў на гвалт у адказ. Сітуацыя напальваецца. Нельга дапусціць сілавога проціборства, інакш гэта звяр’ё можа пусціць у ход і агнястрэльную зброю. Я бачу, што ўсё большая і большая колькасць сілавікоў выводзіцца на вуліцы гарадоў з агнястрэльнай зброяй, з аўтаматамі, пры наяўнасці спецтэхнікі, ці забітыя іх магазіны патронамі — мне не вядома, але думаю, яны проста так не будуць бразгаць зброяй.

Мне здаецца, працверазенне ў гэтай улады можа не наступіць, яна абрала жорсткі сілавы шлях і гатовая вяршыць сваю крывавую справу. І пераможа той, у каго апынецца больш вытрымкі, хто здольны прадэманстраваць мірны супраціў, дэманстратыўна мірны, таму што менавіта мірны супраціў беларусаў на працягу трох месяцаў прымусіў увесь свет гаварыць аб непаўторнасці сітуацыі ў Беларусі — сітуацыі непраціўлення злу, непраціўлення гвалту. Менавіта мірны пратэст пераконвае ўвесь свет у тым, што з падобным навядзеннем «парадку» ў нашай роднай краіне ніхто мірыцца не павінен і не будзе — ні міжнародная супольнасць, ні нашы грамадзяне. Фашызм не пройдзе. Трэба проста аб’яднаць нашы намаганні і дэманстраваць рэжыму яго хуткую гібель, яго немінучае паражэнне і няўхільнасць пакарання за злачынствы супраць уласнага народа.


— Вы, як амбудсмен, якім чынам збіраецеся рэагаваць на падзеі 8 лістапада?

— На беззаконне я шукаю прававыя сродкі. Калі так званыя «праваахоўнікі» не рэагуюць на беззаконне і не ўключаюць нацыянальныя механізмы абароны правоў і свабод грамадзян, то мы, праваабаронцы, абавязаныя ўключыць міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека. Гэта не ўнутраная справа Беларусі, гэта міжнародная адказнасць усіх краін, якія змагаюцца і абавязаныя уключыць міжнародныя механізмы.

Ужо ёсць першыя вынікі па санкцыйных спісах і Еўропы, і ЗША, і Канады. Гатовыя падключыцца да спісаў іншыя сусветныя дзяржавы.

Ужо гатовыя юрыдычныя кейсы па ўзбуджэнні крымінальных спраў па ўніверсальнай крымінальнай юрысдыкцыі, яны рыхтуюцца і ў Літве, і ў Польшчы, і ва Украіне, і ў Англіі, і ў Германіі, і ў шэрагу іншых краін. Гэтыя механізмы мы не проста запусцілі, мы адсочваем працэдуры, якія адбываюцца ў гэтых краінах, мы трымаем у вялікай напрузе замежную акадэмічную грамадскасць, якая выдатна ведае і тэорыю, і практыку выкарыстання міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека, у тым ліку і крымінальныя механізмы.

Беларусь не падпісала статут Міжнароднага крымінальнага суда, але яго праца магчымая пры наяўнасці асаблівых абставін — не выключана, што ў канчатковым выніку запусціцца і гэты механізм.

Сёння мы запусцілі ўніверсальную крымінальную юрысдыкцыю як эфектыўны спосаб, які значна рэальней і хутчэй дастане вінаватых, тых, хто здзяйсняе злачынствы супраць чалавецтва. Павінен заўважыць, што пра гэты механізм ведаюць — і генералы, і старэйшыя афіцэры, спадзяюся, у бліжэйшы час даведаюцца і многія шараговыя служачыя. Пачытайце артыкул 6 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у ім якраз і ідзе гаворка аб універсальнай крымінальнай юрысдыкцыі за злачынствы супраць чалавечнасці. Аналагічныя артыкулы і працэдуры замацаваны ў многіх краінах свету, якія ўзялі на сябе абавязацельствы змагацца з дадзенымі відамі злачынстваў, у тым ліку па барацьбе супраць катаванняў, супраць адвольных затрыманняў і незаконнага ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі, пазасудовых пакаранняў смерцю. Да кожнага, якая ажыццяўляе падобныя злачынствы, мы абавязкова дабярэмся. Да кожнага! Мы не прагнем крыві, але асабліва злосныя выканаўцы незаконных злачынных загадаў павінны панесці крымінальную адказнасць. Хай рыхтуюцца!

— Фактычна сілавікі, якія здзяйсняюць гвалт, выракаюць сябе на вечны нявыезд з Беларусі?

— Нас у прынцыпе цікавіць не гэта. Рана ці позна яны паўстануць перад судом: ці ў іншых дзяржавах, ці ў нашай краіне. Мы спадзяемся на нашу перамогу, на перамогу сіл дабра, на ўрачыстасць нашай свабоды. З прыходам новай улады ў Беларусі мы здолеем уключыць механізмы, у тым ліку і судовыя. Грамадзяне, вінаватыя ў злачынствах, не змогуць збегчы за мяжу: там іх таксама будуць чакаць суды. А ў Беларусі з іх спытаюць новыя справядлівыя суддзі.

Дастанецца, дарэчы, і грамадзянам у мантыях, якія ажыццяўляюць беззаконне, а па сутнасці — злачынства супраць правасуддзя. Гэтыя дзеянні (калі яны пакрываюць міліцэйскае бязмежжа) таксама з’яўляюцца злачынствамі супраць чалавецтва, таму што гэта — загадзя абяцанае ўкрывальніцтва, яны садзейнічаюць злачынствам.

Пераклад НЧ

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: