«Хатняя хімія» для цяжарнай. У Брэсце вынеслі чарговыя прысуды па «справе карагодаў»

У судзе Брэсцкага раёна 8 чэрвеня вынеслі прысуды чарговай «партыі» па «карагоднай» крымінальнай справе па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. На тэрміны да 2 гадоў «хіміі» 12 брэстаўчан асудзіў старшыня суда Брэсцкага раёна Сяргей Маручак, адзначае «Вясна».
Сярод асуджаных — бацька і сын, які сядзіць у СІЗА, муж і цяжарная жонка, пружанскі паэт, трре палітзняволеных, якія былі вызваленыя ў залі суда. Суддзя прызначыў менавіта такое пакаранне, якое прасілі пракуроры Ярошык і Плышэўскі. Суд Брэсцкага раёна прызначыў наступныя пакаранні фігурантам і фігуранткам «справы карагодаў»:

Раман Дзямідовіч, Марына Дарашук, Святлана Марчук, Алеся Крамчаніна, Вікторыя Каральчук — 1,5 года «хатняй хіміі»;

муж і жонка Андрэй і Паліна Ляшко (цяжарная) — па 1,5 года «хіміі» і «хатняй хіміі» адпаведна;

пружанскі паэт і пчаляр Мікалай Папека — 2 гады «хіміі»;

палітзняволены сын Арсеній і бацька Яўген Сінякі — па 2 гады «хіміі» (Арсеній у СІЗА-7 з 9 лютага);

палітзняволеная 34-гадовая Вольга Глушань — 1,5 года «хатняй хіміі» (У СІЗА-7 з 3 сакавіка, цяпер хварэе);

палітзняволены 46-гадовы Раман Яхін — 2 гады «хатняй хіміі» (у СІЗА-7 з 9 лютага).

Палітзняволеныя Вольга Глушань, Арсеній Сіняк і Раман Яхін вызваленыя ў залі суда.

У чым іх усіх абвінавацілі?

Паводле версіі абвінавачання, кожны з абвінавачаных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі за сабой парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку была нанесеная шкода ў 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек. Акрамя таго, на розны час давялося зачыніцца тром шапікам і рэстарану KFC. Пацярпелым бокам у справе выступаюць КУТП «Тралейбусны парк» і ААТ «Брэсцкі аўтобусны парк».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: