«Газпром» аднавіў будаўніцтва свайго комплексу ў Мінску

 Даччынае прадпрыемства ПАТ "Газпром" у Беларусі аднавіла будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу "Газпром цэнтр" у Мінску.

Фота www.gazprom.ru

Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік старшыні камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Мікалай Бутрым.

Паводле яго слоў, загад на раскансервацыю аб`екта быў падпісаны яшчэ ў красавіку кіраўніцтвам ААТ

"Газпрам трансгаз Беларусь". Гэта адбылося адразу пасля ўрэгулявання нафтагазавай спрэчкі паміж Беларуссю і Расіяй.

Цяпер кампанія шукае новага генеральнага падрадчыка. Са старым — ААТ "Мінскпрамбуд" — дагавор быў скасаваны. Гэта адбываецца аўтаматычна пасля кансервацыі будаўніцтва, растлумачыў Бутрым. Новы генпадрадчык пакуль не выбраны. "Нам яшчэ не паведамілі", — сказаў намеснік старшыні камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама.

Адказваючы на пытанне, ці вядуцца рэальныя работы на пляцоўцы, ён параіў звярнуцца да заказчыка праекта, аднак у ААТ "Газпром трансгаз Беларусь" гэту інфармацыю не каментуюць.

Будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу "Газпром цэнтр" у Мінску было закансервавана ў канцы снежня 2016 года, хоць фактычна работы на аб`екце спыніліся ў канцы лета. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, асноўнай прычынай прыпынення будаўніцтва стала скарачэнне фінансавання праекта з боку "Газпрома" з-за газавай спрэчкі паміж Беларуссю і Расіяй. Яшчэ адной прычынай называлі тэхнічныя праблемы, звязаныя з вышыннай часткай будынка.

Узвядзенне шматфункцыянальнага комплексу "Газпром цэнтр" пачалося ў жніўні 2015 года на скрыжаванні вуліцы Філімонава і праспекта Незалежнасці — там, дзе раней размяшчаўся аўтавакзал "Маскоўскі". Плошча будоўлі складае 8,27 га. Мяркуецца, што комплекс будзе ўключаць офісы расійскага "Газпрома", гасцініцу, паркінг, фізкультурна-аздараўленчы комплекс і медыцынскі цэнтр. Акрамя таго, на тэрыторыі аб`екта плануецца размясціць дзіцячы цэнтр развіцця і спадарожныя аб`екты гандлю і паслуг. Першапачаткова заяўлялася, што будаўніцтва будзе завершана ў 2018 годзе. Арыенціровачны памер інвестыцый — 900 млн долараў.

Знос аўтавакзала ў сувязі з будаўніцтвам "Газпром цэнтра" выклікаў незадаволенасць у многіх мінчан.

Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!