Генадзь Фядыніч: Канстытуцыйнае права на страйк ёсць

Ці насамрэч супакоілася сітуацыя ў працоўных калектывах Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў? Ці магчыма, што ўсеагульны страйк супраць фальшавання прэзідэнцкіх выбараў і масавых рэпрэсіяў у Беларусі ўсё ж разгарыцца з новай сілай? На гэтыя пытанні ў размове з Беларускім Радыё Рацыя адказвае адзін з лідараў дэмакратычных прафсаюзаў, былы старшыня прафсаюзу працоўных радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.

Па словах Генадзя Фядыніча, любая акцыя, тым больш страйк, патрабуе вельмі дэталёвай і доўгай падрыхтоўкі:

— Страйкі могуць быць спантаннымі, на асобных прадпрыемствах. Калі, напрыклад, людзям не выплацілі заробак і страйк працягваецца некалькі дзён, — кажа Генадзь Фядыніч. — Спантанныя страйкі былі раней і будуць у гісторыі Беларусі.

Але апошнія спробы страйкаў датычацца палітычных пытанняў. А кіраўнікі ці ідэолагі прадпрыемстваў настойвалі, што і палітычныя страйкі павінны адбывацца па правілах эканамічных ці сацыяльных, з выкананнем усіх бюракратычных працэдураў. Але ў адным вагоне ў розныя бакі не ўедзеш. І безумоўна, на прадпрыемствах, дзе пайшлі па гэтаму бюракратычнаму шляху, збіральнікі подпісаў страцілі і час і імпэт, і далі магчымасць прадстаўнікам улады папрацаваць з пратэставым актывам.

Але ж я лічу, што канстытуцыйнае права на страйк у грамадства ёсць. Хаця парадак яго рэалізацыі не абазначаны. Аднак я ўпэўнены, што мы прыйдзем да таго, калі гэта будзе дэмакратычна апісана ў заканадаўстве, для таго, каб людзі не толькі ведалі свае правы, але ведалі, як карыстацца гэтымі правамі. Таму што сёння ўлада на любыя страйкі і выхады працоўных адказвае артыкулам 23.34 адміністрацыйнага кодэксу аб несанкцыянаваных мерапрыемствах. А як грамадству выказаць сваю незадаволенасць уладай у тым ці іншым выпадку?

Не мае ніякая ўлада перспектываў, калі не дае магчымасці людзям выказвацца і не слухае свой народ, сваіх грамадзянаў. Я не кажу, што грамадзяне заўсёды маюць рацыю. Але яны маюць права падымаць самыя розныя вострыя праблемы, якія датычацца ці прэзідэнцкіх выбараў, ці нізкіх заробкаў, ці пенсійных пастак, якія моцна турбуюць людзей.

Грамадзяне, народ па Канстытуцыі з’яўляюцца крыніцай улады ў Беларусі. І гэтымі канстытуцыйнымі гарантыямі яны павінны карыстацца.

— Беларускія ўлады дастаткова балюча і нервова рэагавалі на спробы страйкаў. Шмат людзей звольнены з працы як у Менску, так і ў іншых гарадах, — Салігорску, Жлобіне, Гродне.

— Такіх людзей сотні. І ўлада, кіраўніцтва прадпрыемстваў скарысталіся тым, што не было масавых страйкаў. Шэраг актывістаў як бы за прагулы хутка апынуліся за прахадной заводаў. І на іх прыкладзе ўсім астатнім паказалі, што з кожным, хто не выконвае загады наймальнікаў, будзе так. Больш за тое, на пратэстоўцаў пайшоў ціск з міліцыі, з РУУСаў.

Раней такога не было, калі чалавек трапіў на суткі, ну трапіў, адседзеў, ён жа не прагульваў. Але зараз з РУУСаў ідуць нейкія пасланні, каб на прадпрыемствах правялі разборкі па гэтых праблемах і праінфармавалі аб іх выніках. З якога, прабачце, «перапуду» гэта робяць РУУСы? Што, у іх працы няма больш важнай, чым займацца гэтымі справамі?

— Тыя, хто быў звольнены за спробу страйку, не аказаліся без дапамогі? Аказваецца ім нейкая падтрымка?

— Хто да нас звяртаецца, безумоўна, атрымлівае юрыдычную дапамогу. Дапамагаем падаць пазовы ў суд за незаконнае звальненне. Гэта мы ўсё робім. Што датычыцца матэрыяльнай дапамогі, мы гэты напрамак не вядзем. Гэтым займаюцца іншыя структуры.

— Улады, здаецца крыху «ачунялі» і ўзрадаваліся, калі лічыць па іх сродкам прапаганды, — страйк не атрымаўся, страйк сышоў на не. Ці не рана радуюцца?

— Праблема ж нікуды не сышлі, яны засталіся. І самае галоўнае, што цяпер самым асноўным пытаннем для кожнага чалавека з’яўляецца не столькі новыя прэзідэнцкія выбары, — яны будуць, безумоўна, яны будуць. А вось гэты брутальны разгон, здзекі над простымі бяззбройнымі людзьмі. Вось гэтага народ ніколі не даруе…

Гэта слабасць улады, якая супраць сваіх мірных грамадзян прымае такія неадэкватныя захады і сілы. І гэта трэба прызнаць. Таму што моцная ўлада заўсёды знойдзе мужнасць і мудрасць, каб сесці за стол перамоваў і рабіць тое, каб сёння лепш жылося народу… А дыялог улады і грамадства праз дубінкі і суды, — гэта шлях у нікуды, гэта тупіковая сітуацыя. І цяперашняя ўлада павінна для пачатку прызнаць, што менавіта яна і прывяла краіну ў гэты тупік, — лічыць Генадзь Фядыніч.

Беларускае Радыё Рацыя


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: