«Генадзь не ведаў да апошняга, куды яго вядуць…»

Наталля Буланава, былая жонка крымінальнага аўтарытэта Генадзя Якавіцкага, даведалася пра расстрэл каханага мужчыны па тэлефоне. У той момант яна знаходзілася на вакзале. На крык жанчыны збегся натоўп мінакоў.

Дачка асуджанага Саша не паверыла ў такую навіну, пакуль, як адзіная блізкая сваячка загінулага, не атрымала паведамленне пра выкананне прысуду. На гэтым пакуты мамы з дачкой не скончыліся: то ім за сто даляраў абяцаюць паказаць магілу Гены, то ўсяляюць надзею, што яго адправілі на руднікі або на спецзаданне.
 

«Для мяне ён быў самым лепшым на свеце»

Гісторыю сустрэчы з мужчынам свайго жыцця Наталля Буланава прыгадвае з усмешкай. Ёй было пятнаццаць, яму — дваццаць адзін. Тады дзяўчына ў кінатэатры абараніла сяброўку, якую пакрыўдзіў адзін са знаёмых Гены.

— Ён пасадзіў мяне ў крэсла і вынес разам з ім на дарогу — так і пазнаёміліся. А потым узяў мой партфель і правёў дадому. Атрымалася, мы яшчэ і суседзі, — успамінае Наталля. — Сталі сябраваць, увесь час сустракаў мяне са школы і вартаваў пад вокнамі. А калі даведаўся, што мне будзе ўсяго шаснаццаць, ледзь не зваліўся ў непрытомнасці.

З дзяўчынай Генадзь быў шчыры. Распавёў пра першую ходку па малалетцы: маўляў, разам з таварышамі выдралі з-за пазухі мінака бутэльку віна. Патрапіў на тры гады калоніі.


У 16 гадоў Наташа прыбегла да матулі з прызнаннем: «Я цяжарная». Бацькі падтрымалі моладзь — трэба ладзіць вяселле і нараджаць дзіця. Так на свет з'явілася маленькая Саша.

— Вяселле было вялікае — чалавек семдзесят. У той дзень гула ўся Зарэчная вуліца. Я разумела, за каго выходжу замуж, але ні кроплі не шкадавала. Я шчаслівая, што ў дзіцяці быў бацька. Для мяне ён быў самым лепшым на свеце, а для астатніх… Ён быў чалавекам справядлівым, на рожон не лез, але жыў па паняццях.


Дачцэ споўнілася ўсяго два месяцы, як бацьку зноў зачынілі. На гэты раз Генадзя абвінавацілі ў забойстве калегі, з якім працаваў у мясцовым доме культуры. Пазней Якавіцкага прызналі датычным да згвалтавання і жорсткага забойства дзяўчыны. Першапачатковую вышэйшую меру пасля другой апеляцыі атрымалася змякчыць на пятнаццаць гадоў.
Чытайце таксама:

«Кожную секунду спадзяюся, што ён жывы»


— Напярэдадні другой ходкі мы моцна пасварыліся. Гена сабраў рэчы і сышоў жыць да маці. А праз некалькі дзён ён прыйшоў сярод ночы і прасіў не забіраць у яго дзіця. Тады я адчула, што ён кудысьці ўляпаўся, — дзеліцца ўспамінамі Наталля. — Выйшаў датэрмінова праз адзінаццаць гадоў. Праўда, мне здаецца, за гэты перыяд у яго штосьці зламалася, ён страціў сябе ў жыцці…

Выхоўваць дзіця Наталлі дапамагалі бацькі Гены.

— Перш чым завесці адносіны з іншым мужчынам, я развялася. Выйшла замуж праз два гады пасля таго, як Гена сеў у другі раз. Але калі ён выходзіў, я зноў была з ім. Які б мужчына не прысутнічаў у маім жыцці, ён ніколі не замяняў мне Гену…

«Мой тата — Якавіцкі»


— У мяне з татам былі асаблівыя адносіны. Усё дзяцінства мы з мамай каталіся па турмах на спатканні. Для мяне гэта была як маленькая прыгода. Памятаю, як тата катаў мяне на плячах, тлумачыў нейкія рэчы, ніколі на мяне не павышаў голас, але і не сюсюкаў, — расказвае 30-гадовая Аляксандра. — У школе мяне ўсе баяліся, хапала адной фразы «Мой тата — Якавіцкі». Памятаю, як мяне хтосьці на словах пакрыўдзіў у бары, тады да мяне падышоў татаў сябар, а потым крыўдніка знайшлі пабітым.

Калі тата выйшаў на волю ў апошні раз, ён спрабаваў падзарабляць, але нічога не атрымлівалася, пачаў бухаць, — Сашы цяжка даюцца непрыемныя малюнкі з мінулага. — Спачатку ў нас былі выдатныя адносіны, а потым у кватэры сталі часцяком бываць незразумелыя дружкі і бабы. Гэта хата стала ператварацца ў хлеў. З часам я перастала тут бываць і на тры гады цалкам спыніла з ім зносіны. Да чарговых судовых разглядаў...


За тыдзень да апошняй ходкі Генадзь у моцным алкагольным ап'яненні заявіўся да Наталлі. Жанчына па звычцы вымыла валацугу, накарміла і спаць паклала, а сама пайшла на працу. Раніцай прыходзіць — а Гены няма. Праз некаторы час у навінах з'явіўся сюжэт пра крымінальнага аўтарытэта, які жорстка забіў сужыцельку. Гэта быў Якавіцкі.    

«Не ведалі, што ў нас яшчэ ёсць такая мера пакарання»

— Калі тату на судзе вынеслі смяротны прысуд, мы з мамай былі ў шоку. Насамрэч, пакуль не сутыкнуліся з такой праблемай, нават не ведалі, што ў нас яшчэ ёсць такая мера пакарання, — прызнаецца дачка расстралянага. — З адвакатам нам вельмі дапамагла праваабарончая арганізацыя. Мама ж, каб мець права прыходзіць на спатканні, вырашыла зноў з ім распісацца. Для гэтага трэба было аднавіць згубленае пасведчанне аб нараджэнні, а гэта было вельмі цяжка і доўга, бо нарадзіўся тата ў Грузіі. Потым ледзь-ледзь зрабілі яму пашпарт: у Вілейцы адмовіліся, бо ён быў выпісаны, а ў Мінску не прапісаны. Мы пыталіся: што рабіць у такой сітуацыі? А нам: «Прабел у заканадаўстве».


Выратавала выпадковасць. У адным з калідораў на «Валадарцы» яны сядзелі і ледзь не плакалі ад роспачы. Міма праходзіла дзяўчына, спытала, што здарылася. Атрымалася так, што яна працуе тут юрыстам і можа дапамагчы зрабіць пашпарт асуджанаму.

— Мы падрыхтавалі ўсе дакументы, але распісацца так і не паспелі. Апошні раз я бачыла Гену на судзе. Тады я ўпершыню пафарбавалася ў руды, ён зацаніў, — Наталля перабірае падол сукенкі і імкнецца стрымаць слёзы. — Лісты слаў увесь час, прасіў, каб я не хвалявалася, супакойваў. Ніколі нічога не патрабаваў. Передачкі яму стандартныя вазілі: цыгарэты, чай, печыва, ледзяшы, чорную майку і трусы. За столькі гадоў практыкі я вам за пяць секунд магу сабраць гэту пасылку.


Кожны месяц на спатканні з татам прыходзіла Саша. Як для яе, так і для яго гэта было цяжкае маральнае ўзрушэнне. Бо кожны раз Генадзь не ведаў да апошняга, куды яго вядуць гэтым разам. За апошні час ён моцна змяніўся знешне — схуднеў і палысеў. На спатканнях не паказваў лішніх эмоцый, паводзіў сябе спакойна, цешыўся поспехамі ўнучкі і турбаваўся за родных.


На судзе абвінавачаны так і не прызнаў сваёй віны. Ён сцвярджаў, што ў момант злачынства спаў і нічога не памятае. Ён адчуваў сваю віну толькі за тое, што дапусціў і не прадухіліў такое няшчасце. Адвакат падчас судовых разглядаў паказваў на нявысветленыя акалічнасці справы, у тым ліку на выяўленыя пад пазногцямі ахвяры біялагічныя сляды «іншай асобы мужчынскага полу» і на неабнародаваны рэчыўны доказ — зялёны швэдар на плоце са слядамі крыві невядомага.  

«Унучка думае, што дзядуля з'ехаў на рыбалку»

Апошнія два месяцы ў Сашы не атрымлівалася прыязджаць на спатканні да бацькі з-за працы. Тым часам ад яго перасталі прыходзіць лісты. Затым Саша прыехала на «Валадарку» запісацца на чарговае спатканне і пакінула передачку для таты. Не прайшло і пары дзён, як яна атрымала паведамленне пра тое, што прысуд прыведзены ў выкананне.

Пасля гэтага маму з дачкой сталі шантажаваць зламыснікі: то за сто долараў абяцалі паказаць магілу Гены, то ўсялялі надзею, што яго адправілі на руднікі або на спецзаданне.

— Асабліва цяжка псіхалагічна нам даводзілася ў першы год пасля прысуду, пакуль не ўлеглася ўся шуміха. А потым неяк адаптаваліся. Вядома, часта ўспамінаю пра смяротны прысуд. Пра гэту меру пакарання мала пішуць, таму людзі пра яе і не ведаюць. У ідэале, хацелася б нармальна пахаваць Гену, каб усё было па-чалавечы…

Цяпер пра каханага Наталлі ёй нагадвае ўнучка, якая вельмі на яго падобная. «Унучка думае, што дзядуля з'ехаў на рыбалку», — кажа Наталля.


Фота Дзяніса Малышыца

Ад рэдакцыі: ці заслугоўваюць такія, як Якавіцкі, пакарання? Безумоўна, забойцы і гвалтаўнікі павінны знаходзіцца за кратамі. Але ці мае права дзяржава рабіць кожнага з нас забойцам? Бо кожны расстрэльны прысуд выносіцца ад нашага з вамі імя. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!