Гэндальф — кандыдат на прэзідэнцкія выбары-2015 ад інтэрнэт-актывістаў

Сацыяльная суполка «Мая краіна Беларусь», якая налічвае больш за 50 тысяч сябраў, вылучыць свайго кандыдата на прэзідэнта. Актывісты вырашылі, што супрацьстаяць Лукашэнку павінен герой кніг Толкіена чараўнік Гэндальф, і шукаюць асобу, якая б пераўвасобілася ў гэтую ролю.



Галоўныя патрабаванні да кандыдатаў — 35 гадоў, беларускае грамадзянства і «дастатковая адэкватнасць». Стваральнікі суполкі «Мая краіна Беларусь» кажуць, што «праца не пыльная» і абяцаюць будучаму кандыдату дапамогу ў кампаніі і зборы подпісаў.
 
 
На вылучэнне Гэндальфа ў прэзідэнты натхніў украінскі Дарт Вэйдэр, які балатаваўся на прэзідэнцкіх выбарах, але не быў зарэгістраваны. Паводле арганізатараў, Гэндальф — добры чараўнік і сябра хобітаў, а хобіты, як вядома, падобныя да беларусаў. Як лічыць доктар Лант з Брыстальскага ўнівэрсітэту (Вялікабрытанія), Шыр — зелянінны край, дзе жылі Хобіты, — нагадвае Беларусь.
 
 
Вылучэнне на прэзідэнцкія выбары Гэндальфа, паводле арганізатараў, мае высмеяць рэжым і прадэманстраваць, што выбараў у краіне няма. Як заявіў адзін з ініцыятараў, які называе сябе Арагорнам, сынам Араторна, кампанія будзе пабудаваная на пазітыве і аб’яднае ўсіх беларусаў, якія хочуць лепшага жыцця:
 
 
«Спокліч нашай кампаніі просты і зразумелы. Гэндальф — наш лідэр, які павядзе краіну да лепшага жыцця. Гэндальф — наш кандыдат».
 
 
 На пытанне, што Гэндальф будзе рабіць, калі пераможа, арганізатары сцвярджаюць, што галоўнае цяпер — змаганне супраць оркаў і супрацьстаянне Мордару:
 
 
 
 
«Як вядома, у Маскве хацелі ў ноч з чацвярга на пятніцу запаліць вока Саўрана. Гэта невыпадкова. Недзе там і знаходзіцца Мордар», — кажуць актывісты.
 
 
Паводле сюжэтаў Толкіенаўскіх апавяданняў, Вялікае Вока Саўрана ёсьць сімвалам прыгнёту і страху.
 
 
А пакуль шукаецца адпаведны кандыдат, у сацыяльных сетках поўнай хадой ідзе фармаваньне каманды і папярэдняя агітацыя. Хэштэг кампаніі — #ГэндальфНашКандыдат.
 
 
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: