Генпракуратура накіравала ў суд крымінальную справу журналісткі tut.by Кацярыны Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна

Генеральная пракуратура завяршыла расследаванне і накіравала ў Мінскі гарадскі суд для вызначэння падсуднасці крымінальную справу аб падбухторванні да разгалошвання медычнай таямніцы (ч. 5 арт. 16 КК) і яе разгалошванні (ч. 3 арт. 178 КК).
Арцём Сарокін і Кацярына Барысевіч / "Радыё Свабода"

Арцём Сарокін і Кацярына Барысевіч / "Радыё Свабода"



Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным ТГ-канале Генеральнай пракуратуры Беларусі. Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна абвінавачваюць у «разгалошванні медычнай таямніцы, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы» (ч. 3 арт. 178 КК РБ). «Распаўсюд інфармацыі, у тым ліку ілжывай, неабмежаванаму колу асоб і яе проціпастаўленне афіцыйным каментарам дзяржорганаў выклікалі грамадскі рэзананс і стварылі атмасферу недаверу да кампетэнтных служб. Гэта негатыўна паўплывала на стан правапарадку і пацягнула за сабой цяжкія наступствы — прывяло да павышэння напружанасці ў грамадстве, заахвоціла грамадзян да правядзення незаконных масавых мерапрыемстваў, іншых супрацьпраўных дзеянняў», — гаворыцца ў заяве прэс-службы Генпракуратуры.

Таксама паведамляецца пра тое, што некаторыя медсупрацоўнікі адмовіліся даваць інфармацыю пра Рамана Бандарэнку, і Кацярына Барысевіч «шляхам просьб і ўгавораў схіліла Арцёма Сарокіна да прадастаўлення вуснай інфармацыі аб пацыенце бальніцы Рамане Бандарэнку, які праходзіў лячэнне і памёр ва ўзгаданай установе 12 лістапада 2020 года, а таксама да перадачы праз мэсэнджар Telegram фотакопій медыцынскай дакументацыі Бандарэнкі». Арцём Сарокін, «паддаўшыся ўгаворам, наўмысна незаконна выдаў звесткі аб факце паступлення Бандарэнкі ў стацыянар і пра стан яго здароўя, наяўнасць захворвання, дыягназ, вынікі медыцынскага агляду і іншыя дадзеныя, у тым ліку асабістага характару».

Паводле арт. 178 КК ім абодвум пагражае да 3-х гадоў пазбаўлення волі са штрафам і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю (або без пазбаўлення).

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна вязнямі сумлення.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: