Генпракуратура назвала адказных за Крыжалом у Курапатах

Генеральная пракуратура Беларусі адказала на запыт Дзяніса Івашына з патрабаваннем здзейсніць праверку законнасці правядзення будаўніча-мантажных працаў на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасьці 1-й катэгорыі «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930-40 гг. ва ўрочышчы Курапаты».

Адказ нададзены начальнікам аддзелу па нагляду за выкананнем прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўства Д.Р.Васілевічам.

Нагадаем, 4 і 13 красавіка ў Курапатах адбыўся масавы знос крыжоў, што выклікала шырокі рэзананс і вельмі негатыўную рэакцыю беларускага грамадства. Агулам з дапамогаю спецтэхнікі былі знесеныя каля 150 крыжоў, усталяваных на працягу апошніх дзесяцігоддзяў.

У сваім адказе Генпракуратура Беларусі спасылаецца на шэраг нарматыўна-прававых актаў, сярод якіх пастанова Міністэрства культуры ад 01.12.2014 г. №70 пра зацверджанне Праекту зонаў аховы Курапатаў, Кодэкс РБ аб культуры, пастанова Савета Міністраў РБ ад 19.09.2008 г. № 1372 пра зацверджанне Палажэння аб парадку стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкарытаўнага мастацтва на тэрыторыі Республікі Беларусі. Як сцвярджае Генпракуратура, уласнік ГКК «Курапаты» — ДСЛГУ «Бараўлянскі спецлясгас» — здзейсніў працы па добраўпарадкаваню тэрыторыі згодна з гэтымі заканадаўчымі актамі.

У адказе пазначаны і яшчэ адзін фігурант так званага добраўпарадкавання Курапатаў — ААТ «Заслаўебудіндустрыя», які здзяйсняў працы, у тым ліку выраб і ўсталяванне агароджы, паводле ўхваленай дамовы падраду з Бараўлянскім спецлясгасам.

Зараз маем дакументальнае пацверджанне пра ўдзел ключавых фігурантаў у масавым зносе крыжоў народнай памяці ў Курапатах, які атрымаў трагічнае найменне – Крыжалом.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!