Генпракурор хоча прыцягнуць за генацыд беларусаў ветэранаў польскай Арміі Краёвай

Па першых выніках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны папярэдне можна зрабіць здагадку, што афіцыйныя даныя аб колькасці знішчанага мірнага насельніцтва будуць значна вышэйшыя, распавёў генеральны пракурор Андрэй Швед у інтэрв’ю БТ.


Па словах Андрэя Шведа, вынікі праведзеных раскопак некаторых месцаў масавага знішчэння беларускіх грамадзян паказваюць, што маштабы трагедыі народа на сёння ў поўнай меры невядомыя, перадае «Наша Ніва».

«Намі ўстаноўлены звесткі пра яшчэ жывых нацысцкіх злачынцаў, якія лічыліся ў спісах і бралі ўдзел у дзейнасці карных батальёнаў. У першую чаргу літоўскіх батальёнаў СС і Арміі Краёвай. Зараз рыхтуюцца адпаведныя матэрыялы і будзе накіравана даручэнне аб аказанні прававой дапамогі ў гэтыя дзяржавы для таго, каб адпаведныя праваахоўныя органы правялі з гэтымі асобамі (а яны яшчэ жывыя, нам вядома іх месца жыхарства) працэсуальныя дзеянні ў рамках крымінальнай справы аб генацыдзе», — дадаў Андрэй Швед.

Ён нагадаў, што генацыд не мае тэрміну даўнасці: злачынцы павінны панесці адказнасць.

Нагадаем, Армія Краёва — падпольная польская ваенная арганізацыя часоў Другой сусветнай вайны, якая дзейнічала ў 1942-1945 гадах у межах даваеннай тэрыторыі Польскай дзяржавы. АК была асноўнай арганізацыяй польскага супраціву, які змагаўся супраць нямецкай акупацыі. Падпарадкоўвалася польскаму ўраду ў выгнанні і вярхоўнаму галоўнакамандуючаму польскіх узброеных сіл.

У той жа час у Беларусі па-ранейшаму не заведзена ніводнай крымінальнай справы па фактах катаванняў, збіцця і забойстваў мірных пратэстоўцаў у жніўні 2020-га. Ціква, на якую «прававую дапамогу» ў такіх варунках разлічвае Швед?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: