Генпракурор заявіў, што цыгане на масавыя затрыманні не скардзіліся

Аляксандр Канюк распавёў, як працуе камісія Генпракуратуры пасля скаргаў на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў Магілёве. Паводле яго, ніводнай скаргі з цыганскага асяроддзя не паступала.



Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY


— Я чакаў гэтае пытанне. Створана рабочая група, мы ўсе глядзім, — распавёў Аляксандр Канюк. — Што самае цікавае, няма ні адной скаргі з цыганскага асяроддзя. Я быў тыдзень таму ў Магілёве. Удакладняў, як працуе група.

Генпракурор распавёў, што сустракаўся не з цыганамі, а з рабочай групай: «Мы не сталі бударажыць людзей».

Па словах генеральнага пракурора, рабочая група, якая складаецца з пракурораў, правяла шмат гутарак з цыганамі. Чакаецца, што праверка будзе доўжыцца месяц, пасля чаго будуць агучаны яе вынікі.

Паведамленне аб тым, што ў Магілёве выкрадзены супрацоўнік міліцыі, з'явілася ўвечары 16 траўня. Увесь асабісты склад міліцыі Магілёўскай вобласці паднялі па трывозе, на дарогах краіны выставілі блокпасты. Шукалі чорную «Волгу» з расійскім рэгістрацыйным нумарам. Паводле першапачатковай версіі, супрацоўніка ДАІ ў чорную «Волгу» запіхалі трое невядомых асобаў цыганскай або каўказскай знешнасці ў мікрараёне Чапаеўка і вывезлі ў невядомым накірунку. Таму ў ноч на 17 траўня ў мікрараёне міліцыя «шманала» дамы прадстаўнікоў цыганскай нацыянальнасці, якіх тут нямала. На допыты вывозілі ўсіх: падлеткаў, жанчын, мужчын, — распавядалі TUT.BY мясцовыя жыхары. Апошніх пакінулі ў РАУС, СІЗА мінімум на суткі, жанчын адпусцілі ў 4 гадзіны раніцы.

20 траўня СК паведаміў, што асноўная версія гібелі супрацоўніка ДАІ ў Магілёве — суіцыд.

Старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі таксама накіраваў у Генеральную пракуратуру заяву з просьбай правесці праверку законнасці затрыманняў грамадзян цыганскай нацыянальнасці 16 траўня ў Магілёве.

Цыганы Магілёва пасля жорсткай аблавы напісалі зварот памочніку кіраўніка краіны Міхаіла Русага з просьбай абараніць іх.

Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!