«Гэта абсалютна палітычная справа». Што кажуць пра прысуд Паліенку

Сёння суддзя Мінскага гарадскога суда Пётр Арлоў прызнаў актывіста анархічнага руху Дзмітрыя Паліенку вінаватым у асабліва злосным хуліганстве  і прысудзіў яму тры гады хатняй «хіміі» з прымусовым лячэннем ад алкагалізму. Актывіста вызвалілі з-пад варты ў зале суда. «Новы Час» папрасіў людзей, якія прыйшлі падтрымаць Паліенку, пракаментаваць прысуд.

Фота spring96.org

Судовы працэс над актывістам выклікаў вялікую хвалю салідарнасці. На абвяшчэнне прысуду сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, сярод якіх — паплечнікі Змітра, грамадскія актывісты, палітыкі, праваабаронцы, журналісты.

«Дзякуй усім, хто мяне падтрымліваў! Цяпер я на свабодзе разам з вамі, толькі дзякуючы вам і вашай падтрымцы. Суд мяне не апраўдае ніколі, таму што ў Беларусі няма справядлівых судоў», — звярнуўся актывіст да іх пасля абвяшчэння прысуду.

«Гэты прысуд, з аднаго боку, пацвярджае яго вінаватасць, з чым я асабіста не згодны. Назіраючы за гэтым працэсам, мы бачылі, што справа была палітызаваная. Вострая міжнародная рэакцыя (літаральна за некалькі дзён беларускія праваабаронцы і Amnesty International прынялі заяву па гэтай справе), рэакцыя беларускага грамадства прывялі да таго, што ўлады, відавочна, пабаяліся пагаршэння адносінаў з Захадам»,  — сказаў «Новаму Часу» кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

Па яго словах, звычайна такімі справамі, як пераслед сацыяльна актыўнай моладзі, займаецца ГУБАЗіК, але нечакана справа Паліенкі займела палітычны кантэкст. Таму ўлады вымушаныя былі саступіць.

«Я перакананы, што рашэнне суда неаб’ектыўнае. Змітру далі тры гады хатняй «хіміі» — самы малы тэрмін, які можна было даць па гэтым артыкуле, потым прымянілі амністыю, потым у яго пойдзе год за два таго тэрміну, што ён правёў у СІЗА. Такім чынам, гэты «хвосцік» застаецца невялікі. Але суд яго не апраўдаў, хаця мы бачылі падчас пасяджэнняў, што было шмат супярэчнасцяў, што Паліенка абараняўся, урэшце, той, хто яго абвінавачваў, не настойваў на тым, што Зміцер злосна хуліганіў. Тым не менш, я адчуваю задавальненне ад таго, што нашы супольныя намаганні прывялі да таго, што Зміцер на волі», — дадаў праваабаронца.

Сам Дзмітрый Паліенка лічыць, што атрымаў мяккі прысуд.

«Набліжаюцца прэзідэнцкія выбары. Аляксандру Рыгоравічу непатрэбныя новыя палітвязні, ён толькі пачынае наладжваць дыялог з ЕС. Гэта звычайнае шоу, яны далі задні ход, таму што не маглі паступіць інакш», — кажа ён.


Зміцер сказаў журналістам, што заключэнне яго пад варту яшчэ больш абвастрыла яго погляды і перакананні. Ён заявіў, што не адмовіцца ад сваёй грамадскай актыўнасці, але будзе дзейнічаць «больш акуратна».

Журналістка Ірына Халіп, якая таксама прыйшла падтрымаць у судзе Змітра Паліенку, лічыць, што ўлады не пакінуць у спакоі актывіста.

«Зміцер, на шчасце, трапіў у нейкую плынь сённяшняга дня, калі нехта сказаў, што не трэба нам зараз яшчэ адзін палітзняволены, мы, калі што, потым адправім яго адбываць пакаранне. Суддзя і пракурор у гэтай справе — абсалютныя статысты. Таму герой сённяшняга дня — Дзіма і тыя, хто прыйшоў яго падтрымаць. А мы ў чарговы раз пераканаліся ў тым, што ніякага правасуддзя ў Беларусі не існуе, але якое шчасце, што Дзіма на волі! Хатняя «хімія» — гэта таксама вельмі складанае пакаранне. Чалавеку забаронена выходзіць з хаты ў выходныя, яму забаронена гэта і ўвечары, яго будуць правяраць супрацоўнікі міліцыі. Такім чынам, ён пазбаўлены не толькі грамадзянскіх, але і чалавечых правоў. Яму трэба пратрымацца гэты час, таму што ён нам патрэбны на свабодзе, а не ў калоніі».


Паплечніца Змітра і адна з найбольш актыўных стваральніц хвалі салідарнасці вакол актывіста Марына Касінерава ў каментары «Новаму Часу» падкрэсліла, што на сыход справы ў значнай ступені паўплывалі людзі, якія падтрымлівалі Паліенку. Дзякуючы ім суд зрабілі адкрытым.

«Гэта відавочна палітычны прысуд, бо калі Змітра б пазбавілі волі, яго б прызналі палітычным вязнем. Таму абмежаваліся досыць мяккім прысудам без пазбаўлення волі, але гэта ўсё роўна крымінальны артыкул. І ў ім ёсць свае нюансы: трэба будзе пастаянна адзначацца ў міліцыі, могуць навешваць яшчэ і адміністрацыйныя справы», — мяркуе Марына Касінерава.

Яна дадае, што, хоць Дзмітрый Паліенка ўжо не за кратамі, у краіне ўсё яшчэ застаюцца палітычныя вязні: Міхаіл Жамчужны, Святаслаў Барановіч, хлопцы, якія сядзяць па справе антыфашыстаў, а таксама двое новых арыштаваных хлопцаў-анархістаў, якія ўжо пяты дзень знаходзяцца ў СІЗА на Валадарскага.

«Рэпрэсіі працягваюцца, таму не трэба спыняць хвалю грамадскай салідарнасці, калі мы бачым, што гэта дапамагае», — падсумавала актывістка.


Нагадаем, 17 кастрычніка Дзмітрыя Паліенку павінны былі судзіць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 341 (псаванне маёмасці ў грамадскім месцы), ч.1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або розні па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці), арт. 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў) і ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства). Калі Зміцер даведаўся, што судзіць яго будуць у закрытым рэжыме, у знак пратэсту напачатку пасяджэння ён парэзаў вены. Пасля стала вядома, што пракуратура адмовілася ад ранейшых абвінавачванняў па арт. 341 КК, ч. 1 арт. 130 і арт. 369, а суд зрабілі адкрытым.

Раней Паліенка ўжо быў несправядліва асуджаны за «прымяненне гвалту ў дачыненні да прадстаўніка ўлады» і адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі Бабруйска. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Зміцер выйшаў на волю ў кастрычніку 2018 года і быў зноў арыштаваны 20 сакавіка 2019 года па падазрэнні ў «злосным хуліганстве» пасля інцыдэнту, падчас якога ён нібыта пырснуў з балончыка са слезацечным газам мужчыну, які зрабіў яму заўвагу. Сам Паліенка сцвярджаў, што дзейнічаў у мэтах самаабароны.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: