«Гэта беспрэцэдэнтная сітуацыя». Адвакатка пракаментавала «зліў» размовы з Ціханоўскім

У прапагандысцкім фільме «Забіць прэзідэнта», які быў паказаны 28 красавіка па ОНТ, былі прадэманстраваныя кадры размовы палітвязня Сяргея Ціханоўскага і яго адвакаткі Наталлі Мацкевіч. Канфідэнцыйнасць размоў адваката і падабароннага гарантуецца заканадаўствам, распавядае «Белсат».
Наталля Мацкевіч. Фота advokat.by

Наталля Мацкевіч. Фота advokat.by

«Я расцэньваю гэтую сітуацыю як парушэнне права адваката на канфідэнцыйныя зносіны з кліентам і, адпаведна, парушэнне права падабароннага на такія зносіны, парушэнне Крымінальна-працэсуальнага кодэкса і закона "Аб адвакатуры". Канфідэнцыйнасць прадугледжвае, што змест размоў адваката і кліента, якія адбываюцца тэт-а-тэт, ніхто не можа ведаць, а тым больш запісваць і публікаваць», — адзначыла Наталля Мацкевіч.

Адвакатка кажа, што ўпершыню сутыкнулася з тым, што парушэнне права на канфідэнцыйнасць зносін нават не хаваецца.

«Я б сказала, што гэта беспрэцэдэнтная сітуацыя. Бывалі выпадкі, калі мы ставілі канфідэнцыйнасць размоў пад сумнеў, але ніякіх фактаў мы прывесці не маглі. А цяпер такія факты прывялі нават не мы, а сродкі масавай інфармацыі», — кажа яна.

Спадарыня Мацкевіч мае намер звярнуцца ў Рэспубліканскую калегію адвакатаў, якая мусіць абараняць правы адвакатаў. «Потым, пасля размовы з кліентам, падумаю, якія яшчэ скаргі можна падрыхтаваць», — дадае яна.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: