«Гэта горад для пенсіянераў»

Хто ж першы трапляе ў пастку беспрацоўя? Судзячы па Вілейцы, гэта найперш адукаваныя, высокамабільныя людзі, добрыя спецыялісты. Такіх не завабіш «стабільнасцю» з заробкам у 350 рублёў і не прымусіш працаваць задарма, яны ведаюць сабе цану. Як жа выжываюць, шукаюць працу і змагаюцца беспрацоўныя Вілейшчыны?
"Марш недармаедаў" у Маладзечна

"Марш недармаедаў" у Маладзечна


«Пратэсты недармаедаў» мінулага года агалілі адну з вастрэйшых сацыяльных праблем маленькіх гарадоў Беларусі — беспрацоўе. Каля 350 чалавек выйшла на стыхійны пратэст у Пінску, каля 400 — у Рагачове. У Маладзечне колькасць пратэстоўцаў была беспрэцэдэнтна высокай для райцэнтра — да тысячы чалавек. З таго часу «дармаедскі» дэкрэт быў замарожаны, а потым зменены. Але ці знікла першапрычына незадаволенасці?

Таму пад нашай увагай апынуўся простае невялікае беларускае мястэчка — Вілейка. Яна мала чым адрозніваецца ад іншых беларускіх райцэнтраў…

Рынак

Рынак — тыповае месца канцэнтрацыі тых, у каго няма сталага заробку. Хтосьці падрабляе тут, прадаючы вырашчанае на агародзе, хтосьці робіць грузчыкам на прыватных прадпрымальнікаў. Асабліва гэта заўважна ў сезон, калі ідзе збор ураджаю.
Скультптура ў гарадскім парку Вілейкі

Скультптура ў гарадскім парку Вілейкі

Гарадскі рынак Вілейкі — гэта аб’явы з забаронай паліць памерам з жалезабетонны блок, пустыя стэнды «Информация для покупателей» і цытаты Фрэнсіса Бэкана ад мясцовай міліцыі.

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)
Пры з'яўленні чалавека з камерай прадавачкі пачынаюць мітусіцца і імкнуцца не высоўвацца за межы сваіх палатак. За спінай чуваць абрыўкі фраз: «Снимают, снимают!».

За межамі агароджы рынку — нерэгулярны гандаль, накшталт таго што можна сустрэць ля станцый метро і ў падземных пераходах.

Жанчына гадоў 50-ці на выгляд, адразу запыталася, ці не з Белсату, і дадала што даўно хоча паразмаўляць з журналістамі. Тым не менш, назваць сваё імя, як і фатаграфавацца, наадрэз адмовілася. «Горад у нас маленькі, усе адзін аднаго ведаюць...», — дадала яна і прадала мне стакан маліны.

Жанчыне, назавем яе Л., 53 гады. Большую частку жыцця яна прапрацавала інжынерам-электрыкам. Звольнілася не па сваёй ахвоце: «Знайшоўся на маю пасаду больш малады, і мяне «папрасілі»...» На рынку прадае прадукты з уласнага агароду. Яе дзеці даўно не жывуць у Вілейцы — сын увогуле працуе ў EPAM. «Менеджар праектаў» — не без гонару кажа Л.

Кажа, у апошні час на рынку стала шмат расійцаў — яны купляюць сабе дамы побач з Вілейкай.
«Нам галоўнае, каб нам не заміналі самаарганізоўвацца. Мы тут прыйшлі, папрадавалі, за сабой усё прыбралі... Толькі б не чапалі нас. Галоўнае, што мясцовая ўлада дае нам зарабіць, не ходзіць з праверкамі. Таму што больш тут не заробіш ніяк. Горадаўтваральныя прадпрыемствы пазакрывалі, перспектыў у моладзі няма. Усе адсюль з’язджаюць. Жыве толькі «Зеніт» — зараз, як вайна ў Сірыі пачалася, у іх стала шмат вайсковых заказаў».

НАТАША

Мужчына сталога веку, які гандляваў непадалёк, хоць і пагадзіўся размаўляць, але не захацеў фатаграфавацца, адмаўляўся і называць імя. Аднак іншая прадавачка аказалася смялейшая. Наташа, 43 гады. Два сыны. Старэйшаму 20, малодшаму 14. «Я нідзе не працую, бо даглядаю сына-інваліда, атрымліваю дапамогу. А гэта — мая падпрацоўка. Мне працаваць увогуле нельга. Калі я буду працаваць — мне не будуць нічога плаціць».
І як, атрымліваецца падзарабіць? —удакладняю я.

— З кожным годам усё горш. Пакупніцкая здольнасці няма ў людзей. Вакансій шмат, але заробак вельмі слабы. Нават з вышэйшай адукацыі прапануюць палову стаўкі на 200 рублёў. Хто туды пойдзе за такія грошы?

— І што людзі робяць?

— На заробкі ездзяць: хто ў Польшчу, хто ў Літву. Хто як можа. Больш у Расію. Вось такое становічша ў Вілейцы. Да і паўсюль так. Вельмі слаба. Горш яшчэ не было, як зараз. Зараз ані льгот, анічога. Для тых жа студэнтаў — у мяне сын студэнт. Моладзь тут не затрымліваецца. У Мінск імкнуцца. Там хоць неяк можна выжыць. У самой сын вучыцца ў БДУ на гістарычным.

— З чым вы гэта звязваеце?

— Няма прадпрыемстваў горадаўтваральных.

— А як жа «Зеніт»?

— «Зеніт» ужо не горадаўтваральны. Там нешта ўжо і прыватнае. Ды і скарацілі людзей. Нідзе добра не жывуць. І ў вёсках аграгарадкі: дамы будуюць і думаюць, што гэта аграгарадок, калі яны дом пабудавалі. А прадпрыемстваў не будуюць. І за кошт чаго тады будзеш жыць?

— А муж ваш працуе?

— Так, працуе ў школе-інтэрнаце. Атрымлівае 350 рублёў. Сын старэйшы вучыцца ў БДУ на гістфаке, на другім курсе. Але мне падаецца, гэта неперспектыўна. Хоць ён і пайшоў — куды ўладкуецца потым? Ён ужо думае на завочку перавесціся, падзарабіць недзе.

— А што муж скончыў?

— Акадэмію МУС. Сышоў, бо з начальнікам пасварыўся. Гады тры прарабіў. Але тады і заробку асабліва не было. Гэта зараз больш-менш ім плацяць.... Тады было зусім слабенька. Усяго не хапала, асабліва калі толькі ажаніліся. Прыйшлося ў Польшчу з’ездзіць на заробкі. Паглядзеў, што можна добра зарабіць — і кінуў міліцыю.

— А дзе вы працавалі да таго, як прыйшлі на гэты рынак?

— У Вілейскім ТМО, акушэрка. Прапрацавала нядоўга. Пакуль не нарадзіўся хворы дзіцёнак.

— І як зараблялі?

— На сяле — нядрэнна. У горадзе — нашмат слабей. На сяле нейкія надбаўкі былі. Адразу пасля медвучылішча там жыла. Два гады працавала. А тут — голая стаўка.

— Чаму некаторыя не хочуць імя называць і фатаграфавацца?

— Не ведаю, усе нешта баяцца. Невядома чаго. Што нехта нешта на іх паўздзейнічае адмоўна, нешта дрэннае зробіць.

Напаследак вырашаю праверыць, наколькі моцны ў мясцовых жыхарах патрыятызм:

— Нарадзіцца ў Вілейцы — гэта шчасце ці пакаранне?

— Гэта проста гора! (смяецца). І ўвогуле ў Беларусі нарадзіцца — гэта страх.

— Чаму так?

— Не ведаю, нешта нічога да лепшага не змяняецца, адныя толькі абяцанні. Тыя, хто абяцае, яны канешне добра жывуць. Што ім да людзей? Толькі ствараюць бачнасць. Ніякіх новых тэхналогій. Нават у вёсцы. Муж мой ездзіў у Ізраіль, там каровы, фермы — усё па новых тэхналогіях. У нас усё па старынцы.

Увесь час збіраюць нешта ў школах. То на дзяцей інвалідаў, то яшчэ нешта. Вось у мяне дзіцёнак-інвалід. І мне ніколі нічога не далі. Куды яны збіраюць? Куды яно дзяецца?


ВІТАЛЬ


Віталю 37 год, гандлюе на рынку больш за 10 гадоў. Ён размаўляе са мной на добрай беларускай мове. У яго дзве гандлёвыя кропкі і два падначаленых: грузчык і прадавачка. Грузчык размаўляць наадрэз адмовіўся, затое з самім Віталём мы хутка паразумеліся: «Новы Час» ён ведае.

— Скончыў акадэмію фізвыхавання. Пасля два гады адпрацаваў настаўнікам у школе. Добрая праца, прыемная... але амаль бясплатная. А ў мяне дзеці — трэба ж карміць. Сам я са Старых Дарог, а жонка з Вілейкі, працуе настаўнікам англійскай мовы, — распавядае Віталь.

— З кожным годам канкурэнцыя цяжэйшая. Як увогуле ўсё ў дзяржаве змяняецца, так і тут. Пакупніцкая здольнасць залежыць ад дабрабыту людзей. Вельмі адчувальна, што ў людзей дабрабыт быў да ўсіх гэтых крымскіх падзей. Тады гандаль весялейшы быў. Мы ж наогул вельмі залежым ад Расіі.

Вілейка — заходні, ціхі, спакойны горад. Гэта горад пенсіянераў робіцца. Усе з'язджаюць. Праца есць, а заробку няма.

— З чым гэта звязваеце? Мне казалі, што няма горадаўтваральных прадпрыемстваў.

— Не, горадаўтваральныя прадпрыемствы ёсць. Але на гэтых прадпрыемствах ніхто нікому плаціць не хоча. Навошта людзям плаціць, калі людзі будуць працаваць і так? Працуюць. І «Зеніт» наш працуе.

— А калі ён перакваліфікаваўся?

— Ён ад самага пачатку быў двайнога прызначэння. Фотаапараты былі прыкрыццём. Гэта ўвесь час было вайсковае прадпрыемства. Ва Украіне, у Сірыі вайна ідзе — працуюць поўным ходам.

— Як далей думаеце працаваць з пагаршэннем сітуацыі?

— Ну працаваць жа неяк трэба. Зараз, паглядзіце, што будоўля, што астатнія сферы — нідзе заробку няма. Выйсце — ці калбасіцца тут, ці ўжо з'язджаць з дзяржавы. І так многія робіць у Вілейцы. Вілейка — каталіцкі горад. Шмат хто працуе ў Польшчы. Але многія і ў Расію з'язджаюць. Расказы пра тое, што ў нас мала беспрацоўных — гэта ўсё байкі. Ніхто не хоча станавіцца на ўлік, бо што там за дапамога?

Абмеркавалі з Віталем і факт, што пераважная большасць мясцовых не хоча даваць інтэрв’ю альбо дае, не называючы свайго імя. Віталь прыгадвае выпадак з арміі:

— Гэта былі другія выбары, 2006 год. Пашыхтавалі нас, увесь асабовы склад палка: салдаты, афіцэры... Камандзір часткі, палкоўнік выйшаў: «Если не дай Бог кто-то проголосует против ныне действующей власти, вам тут места не будет!», ледзь не матам. А з салдатаў тэрміновай службы такіх знайшлося шэсць чалавек, у тым ліку я. І, як думаеце, што было пасля гэтага? Ды нічога. Языкамі памянцелі, папужалі... А многія хлопцы: «Ай, у звальненне не паеду...» Псіхалогія такая...

А яшчэ ездзілі з дачкой на 25 сакавіка — на канцэрт у Мінску на Дзень Волі. Дык мне тут многія казалі: «Вой, табе няма чаго рабіць... А штосьці будзе?» Але з’ездзілі і з’ездзілі. Вельмі спадабался. І прытым з Вілейкі шмат ездзіла людзей, пра якіх я б нават і не падумаў.

— Кажуць, стала шмат аўтамабіляў на рускіх нумарах? Нібыта расійцы скупляюць тут нерухомасць?

— Ну па-першае, тут жа Вілейскае вадасховішча. Так, скупляюць, на лета сюды прыязджаюць. Але неяк і яны абселі. Быў час яны тут грашыма сыпалі налева і направа. Але абселі і яны. Расійскі рубель абвальваецца.
Гэта горад пенсіянераў. А шкада — горад прыгожы

— А вы з’язджаць не хочаце?

— Я пабудаваў дом. Тут дзеці. Пакуль з'язджаць планаў няма.

СЯРГЕЙ МІХАЙЛАВІЧ


Сяргея Міхайлавіча я сустрэў ля прылаўкаў Віталя. Ён адразу адрэкамендаваўся: «Я беспрацоўны, інвалід і апазіцыянер!». Яму 53 гады. Незвычайна жвавы і ўсмешлівы чалавек — пра яго ніколі не скажаш, што ў яго ў жыцці праблемы. Ён, дарэчы, таксама вёў размову па-беларуску.

— Я сам з Любані, але інвалід па захворванню, а так мне яшчэ працаваць і працаваць. Скончыў інстытут, працаваў ляснічым. Магу працаваць і зараз, але не так проста ўладкавацца. Тым больш як апазіцыянеру мне гэта закрыта зараз. А я гэтую справу ведаю — ад А да Я.

Я ўжо пісаў ліст начальніку выканкама — дайце хоць стоража. Адказу дагэтуль няма адказу.

А што ляснічыя і дырэктар лясгасу — інэртныя. Абы дасядзець да пенсіі, іх нічога не цікавіць. Я не дасядзеў на сваей пасадзе да пенсіі з-за таго, што я занадта ініцыятыўны, люблю бегці ўперадзе цягніка. З дырэктарамі, якія знаёмыя, цяжка размаўляць. Тым больш тут пра чалавека нічога не схаваеш у Беларусі. Хутка ўсё дасье падымуць, усё будуць ведаць. Мой знаёмы працаваў са мной на бярэзінскім лясгасе. Зараз працуе ў смалявіцкім лясгасе дырэктарам. Сіджу я ў «генеральнага» ў Мінску. Ён кажа, зараз пазваню да твайго знаёмага. Звоніць, пытаецца: на працу да цябе адправіць? Той кажа — не, на працу не вазьму. Сказаў, што я вельмі энергічны чалавек, ён мяне баіцца! (смяецца), і не возьме мяне на працу.

Вакансіі, якія ёсць, мне не падыходзяць — па прафесіі я лесавод, інжынер лясной і лесапаркавай гаспадаркі. А такой вакансіі мне не будзе. Грузчыкам я ўжо не магу працаваць, як і майстрам — фізічна ўжо не вытрымаю.

Сяргей Міхайлавіч жыве адзін. Дзеці даўно раз’ехаліся.

— Дзяцей у мяне двое, сын-дачка. Сын на Трактарным працуе зваршчыкам. Паступаў у каледж, думаў майстрам выйдзе. Там скарацілі на год навучанне, выпусцілі зваршчыкамі шырокага профілю. А дачка працуе ў садочку поварам у Докшыцах. Грошы даюць мізэрныя. Там нарадзілася, там і працуе. А я адзін. Жонка паехала. Мне працы няма. Ёй таксама цалкам заблакавалі ўсё. Яна паехала дамоў (яна з Бярэзінскага раёну) і там ужо сама прабілася на Мінск, і ў Мінску зараз жыве. Жыццё такое... Але неяк жыве (смяецца)! Як кажуць, старыя: даядаем, даношваем, дажываем (смяецца).

На развітанне Сяргей Міхайлавіч выказаў думку, што праблемы Вілейкі не ў самой Вілейцы а ў сістэмных недахопах нашай дзяржавы:

— У Вілейцы я не сказаў бы, што тут дужа блага. Не хапае працоўных месцаў. Даўным-даўно тут пабудавалі магутны завод «Зеніт». На сёння колькасць людзей, што там працуюць, у 3-4 разы меншая. Быў і рэмзавод у нас — таксама скарацілі. Нічога новага не будуецца. Чыноўнікаў цікавіць толькі як атрымаць нейкі транш, набіць сабе кішэню. Ідзе застой, усю сістэму трэба змяняць. Не значыць усё ламаць, але выбудоўваць альтэрнатыўную сістэму паралельна. І гэтая сістэма проста выцісне старую. А наш кіраўнік дзяржавы проста гэтага баіцца. Я лічу, што творчыя людзі ў стане падняць нашу эканоміку.

ВІКТАР

Віктар — краязнаўца. Сустрэўся са мной у апошні дзень сваёй працы ў музеі. «Ад сённяшняга дню я дармаед!» — жартуе 43-хгадовы мужчына. Нарадзіўся на Вілейшчыне, доўгі час жыў у Мінску і ў Расіі, скончыў універсітэт Янкі Купалы ў 2015 годзе, жыў у Гродна. Пасля нараджэння сына выпала спадчына ў Вілейцы — тады пераехаў. Жонка працуе журналістам у раённай газеце. Зараз ён звольнены з працы ў дзяржаўным музеі і вымушаны ехаць за мяжу для падпрацовак.
— Скажу адразу, што краязнаўцам на дзяржаўнай пасадзе быць немагчыма. Краязнаўца — гэта чалавек нармальна забяспечаны, які можа дазволіць сабе выдаткаваць вольны час і грошы дзеля таго, каб іншыя ведалі родны край. А той, хто працуе ў музеі,— не краязнаўца, ён выконвае даручэнні. Што яму сказалі, тое ён робіць. Я супрацоўнічаю з вілейскай суполкай Таварыства аховы помнікаў, па родзе працы дапамагаю ім. А па адукацыі ў мяне не атрымліваецца такім займацца.

— А якая ў вас адукацыя?

— Па першай адукацыі я бухгалтар-рэвізор, есць дыплом дызайнера, а асноўная патрэба ў мяне была ў зарабленні грошаў — і лепш за ўсё было ў будаўніцтве. А яшчэ вучыўся на гістфаку, і ў Вілейцы мне прапанавалі працаваць у музеі. І тут я прапрацаваў амаль 4 гады. Адразу ўладкаваўся ў вайсковую частку расійскую, у Шылавічах, качагарам. Рэжым там мне спадабаўся — суткі праз трое. Шмат вольнага часу, і заробак быў нядрэнны. Праўда, таксама сваіх махінацый хапае — чорны нал ідзе, і невядома, ці будзе гэта залічана ў стаж.

— Як так атрымліваецца, што вы, з трыма вышэйшымі адукацыямі, не можаце знайсці працу ў сваім горадзе?

— Чыноўнікі — не толькі ў Вілейцы, а ў любым гарадку, так усё добра кампануюць... У працаўнікоў культуры па Вілейскім раёне афіцыйны сярэдні заробак 600 з нечым рублёў. Я атрымліваю 300. Хто зарабляе астатнія грошы? Лічбы «не танчаць». А ў іх атрымліваецца ўсё добра.

Вакансія прыбіральніцы ў тым жа краязнаўчым музеі ў Гродна існуе даўно: яе не бяруць. Таму што грошы дзеляць бухгалтарка і дырэктар.

— А хто прыбірае?

— Бухгалтарка. Яна ж потым і бярэ грошы. Таму кажу, выдатны загаловак для вашага артыкула будзе: «Горад для пенсіянераў». Тут добра можна жыць, калі ты яшчэ працуеш на нейкай працы. Тут нават з Мінску людзі купляюць хату: можна сторажам уладкавацца, прыбіральшчыцай, пенсія яшчэ. А калі ты працаваў тут і цябе з выканкама ці яшчэ якой добрай пасады «папрасілі» — табе знойдуць цёплае месца і ты ізноў кароль тут робішся. Ні за што не адказваеш. Тут — непатычныя сувязі, феадальнае грамадства, усё на кумаўстве.

— Ці ёсць у моладзі перспектывы ў Вілейцы?

— Тут атрымліваецца міграцыя: хто з вёскі, для іх Вілейка — прыступак. Яны могуць застацца. Хто з Вілейкі — мала хто застанецца. Для іх прыступка — гэта Мінск і куды далей.

— Многія людзі, да якіх я падыходзіў на рынку, баяліся размаўляць з журналістам. Як вы гэта патлумачыце? Сапраўды былі выпадкі каб кагосьці прасавалі?

— У музеі пры гэтым кіраўніку я заўсёды быў у апазіцыі. Мяне ніхто не прасаваў. Вядома, маё кіраўніцтва прэміі зніжала. Мне заўсёды было меней прэміі. Але грошы — гэта было не першае што мяне цікавіла. Хапала? Хапала. Не стала хапаць, я сабраўся і паехаў. Кругагляд у мяне стаў шырэйшы.

А людзі баяцца. Асабліва калі ты на халяве, на бюджэтнай працы, гэта лічыцца халява. Ты амаль нічога не робіш, а атрымліваеш бюджэтныя грошы. Людзі баяцца па звычцы.


ТАЦЦЯНА ЦІТУЛЕНКА


Ці сапраўды ў Вілейцы ўсё так дрэнна з працоўнымі месцамі? А чым, у такім выпадку, займаюцца адпаведныя сацыяльныя службы? Мы вырашылі паразмаўляць з Таццянай Чаславаўнай Цітуленка, намесніцай начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны Вілейскага райвыканкама, начальніцы аддзела занятасці.

Таццяна Чаславаўна адразу пачала з таго, што акрэсліла межы сваіх абавязкаў: «Ажыццяўляю рэалізацыю палітыкі занятасці на тэрыторыі Вілейскага раёну».


— А ў чым складаецца палітыка? — запыталіся мы.

— Ёсць закон «Аб занятасці насельніцтва», мы працуем на падставе гэтага закону. І потым, штогод ажыццяўляюцца мерапрыемствы па забеспячэнню занятасці на рэспубліканскім, абласным і раённым узроўні. Нашая задача — аказаць якасную паслугу насельніцтву па забеспячэнню іх занятасці. А ў саміх мерапрыемствах распісана вельмі шмат накірункаў, у якіх мы працуем. Для абывацеля працаўладкаванне — гэта проста забеспячэнне яго працай, калі ён яе згубіў. Мы збіраем вакансіі. Заканадаўства абавязвае працадаўцаў прадстаўляць вакансіі па-новаму, цягам пяці дзён з моманту іх з'яўлення, у дзяржаўную службу занятасці. Калі раней, умоўна кажучы, па-старому прадстаўлялі, на папяровых носьбітах альбо па факсе, зараз альбо па электронцы, альбо па сайце, створаным на дзяржаўным узроўні, куды наймальнік можа зайсці і не выходзячы з кабінета, заявіць аб вакансіі. Мы гэтую вакансію адразу бачым.

Калі чалавек нічога не знаходзіць, але зацікаўлены ў тым каб атрымаць статус часова беспрацоўнага, ён рэгіструецца, пры прадстаўленні пэўнага пакету дакументаў, беспрацоўным, атрымлівае матэрыяльную дапамогу. Пры атрыманні дапамогі таксама ёсць розныя варыянты, але максімальны памер, на які можа разлічваць беспрацоўны — гэта дзве базавыя велічыні. У адпаведнасці з заканадаўствам. Дапамога, канешне, вельмі маленькая.

Іншыя напрамкі, у якіх мы працуем: напрыклад, ёсць пэўныя катэгорыі грамадзян, якія не могуць на роўных канкурыраваць з іншымі. Мы аказваем дапамогу ў працаўладкаванні інвалідаў. Агульная колькасць, якая ў нас стаіць на ўліку, невялікая. Яна кожны дзень змяняецца. Зараз, дапусцім, гэта чалавек 70. Але ў нас яшчэ ёсць статус беспрацоўных і статус звярнуўшыхся...

— А якое рэальнае беспрацоўе ў Вілейцы? Бо афіцыйна па краіне — менш за адзін адсотак. Але ўсе ведаюць, што рэальнае значэнне — большае. Ці вядзе вашая служба ацэнку рэальнай колькасці беспрацоўных?

— Мы — афіцыйная служба занятасці. Мы працуем з афіцыйна зарэгістраваным беспрацоўем. Але я ведаю, што на ўзроўні міністэрства яны лічаць. Ёсць Міжнародная арганізацыя працы (МАП), якая лічыць па-іншаму ўзровень беспрацоўня. На ўзроўні раёна ў нас не стаіць такая задача, магу толькі сказаць вам мае здагадкі. Я не гатовая сказаць дакладна, аднак апошняе, што я чула — у межах 6-7% па Беларусі.

— А ў Вілейцы як вы ацэньваеце?

— Думаю, будуць прыблізна такія лічбы. Але гэта кажу вам на ўзроўні «я думаю». Бо для таго каб сказаць дакладна, трэба правесці пэўную працу.

— Як думаеце, апошні год ці больш ці менш стала беспрацоўных? Як паўплываў Дэкрэт №3?

— Колькасць беспрацоўных, афіцыйна зарэгістраваных, апошнім часам стала меншай. У нас вельмі ўзрасла колькасць вакансій. На сёння (ізноў кажам пра афіцыйныя лічбы), і калі беспрацоўных зараз 60-70 чалавек, то афіцыйных вакансій у нас больш чым 400.

Але ёсць пэўная катэгорыя людзей, якая не працавала — і не таму што няма працы, а таму, што працаваць ніколі не будзе. Ёсць на вёсцы такая катэгорыя людзей. Яны злоўжываюць спіртнымі напоямі. Для іх прасцей пайсці, дапамагчы нейкай бабцы, і атрымаць сваю мзду, чым ісці ў гаспадарку і там працаваць восем, а тое і болей гадзін. У іх такі лад жыцця. Ведаючы гэтую катэгорыю (а я працую і з абавязанымі асобамі па дэкрэту №18 ужо больш за 10 гадоў), і нішто — нішто! — не прымусіць іх афіцыйна працаўладковаць. І большыя страты грамадства панясе, цягаючы яго на працу, чым так. Калі ў цябе няма такіх нездаровых амбіцый, то ў нас у Вілейцы працу знайсці можна.

— Я гляджу вакансіі ў спісе: культарганізатар установы адукацыі. Напрыклад, малады спецыяліст, які вярнуўся з Мінску і вырашыў уладкавацца тут — 77 рублёў заробку...

— Значыць тут няпоўная стаўка. Так, тут 0,25 стаўкі. Гэта, умоўна кажучы, камусьці падпрацаваць. Менш за мінімалку ніхто працаваць не мае права. У нас нават у праграме ўсталявана: калі меней за мінмалку ты прадстаўляеш вакансію, праграма яе не бярэ.

— Усё роўна бачыш: эпідэміёлаг на паўтары стаўкі: 350 рублёў…

— Я ж не кажу за наймальніка. Мы толькі збіраем вакансіі. Увогуле, звычайна заробкі ўсталёўваюцца на мяжы мінімума. Бо хто прыйдзе на гэтую вакансію, невядома. Калі я дзяржслужачы, то магу сказаць, што калі з'явіцца вакансія на маю пасаду, то заробак будзе таксама маленькі. Як такі заробак — гэта аклад, а далей пачынаюцца налічэнні, якія залежаць ад мноства фактараў: стаж, ільготы, за адукацыю. Таму звычайна наймальнік ставіць мінімум.

— У плане працоўнай міграцыі — куды звычайна з'язджаюць вілейчане?

— Я жыву недалёка ад чыгуначнага прыпынку. І бачу, што вялікая колькасць ездзіць у бок Маладзечна. Некаторыя працуюць у Мінску, некаторыя — вахтамі ў Смаргоні, на «Кронаспане». Ведаю, што і ў Расію ездзяць.

Згодна з дадзенымі tut.by, Вілейка яшчэ ў 2016 годзе займала месца ў Топ-10 «беспрацоўных» гарадоў Беларусі — і гэта па афіцыйнай статыстыцы. Сайты, якія прапануюць працу, утрымліваюць па Вілейцы ад 19 да 207 вакансій, што яўна няшмат для гораду ў 28 тысяч насельніцтва.



Хто ж першы трапляе ў пастку беспрацоўя? Судзячы па Вілейцы, гэта найперш адукаваныя, высокамабільныя людзі, добрыя спецыялісты. Такіх не завабіш «стабільнасцю» з заробкам у 350 рублёў і не прымусіш працаваць задарма, яны ведаюць сабе цану.

Парадаксальна, але атрымліваецца, што добрыя спецыялісты — самыя першыя ахвяры «беларускай мадэлі», асабліва калі жывуць у глыбінцы. Яны не ўпісваюцца ў сістэму, разлічаную на пасіўных і інертных людзей (нездарма двое суразмоўцаў, не змаўляючыся, назвалі Вілейку «горадам для пенсіянераў»), і таму маюць толькі два выхады: сацыяльны пратэст, які непазбежна будзе пакараны, альбо эміграцыя. Большасць — каму дазваляе здароўе, — абірае другое, тым больш пад бокам краіны Еўрасаюза. Пытанне «а як жа тады будзе развівацца краіна?» у такіх умовах робіцца проста рытарычным.

Фота Мікалая Дзядка

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-10-01 18:47:25
Свабода. Форум. Б-ч-б змагар Імярэк 09,01,2018 18:56 піша ў размове са мной: "Напрыклад, Чэрвень у якім было 5 ці 6 невялікіх заводаў: спіртзавод, хлебзавод, мясны камбінат, аўтапарк, СМУ нейкае было, а зараз за 22 гады кіраваньня адной асобы зь такімі дарадцамі засталося адно прадпрыемства."

Бачыце? У гэтага эканаміста вінаваты Лукашэнка, а не Гарбачоў ці вынік краху СССР. Бо насамрэч гэта эканамічныя наступствы пасля разрыву былых эканамічных сувязяў у Саюзе Непарушным. Бо за дзень-два наша эканоміка не магла ачуняць пасля развалу СССР. Вось і паляцелі долу прадпрыемствы Чэрвеня, а разам з імі іншыя.

Пішы яшчэ, Мікалай Дзядок.
  • Anatol Starkou
  • 2018-10-01 18:48:35
Калі чытаю артыкулы Дзядка на НЧ у мяне слёзы капаюць з вачэй на клаву. Так жалесна ён піша пра наступствы ненавіснага рэжыму, што хочацца дажыць да светлых б-ч-б часоў, калі НЧ будзе СМІ-флагманам б-ч-б дэмакратыі, а Віленшчына пад кіраўніцтвам б-ч-б ідэалогіі і змагароў ні з таго, ні з сяго пераўтварыцца ў New Vаsiuki ці ў краінім выпадку ў New York.
  • ВР
  • 2018-10-01 19:26:55
Дзякуй, вельмі цікавы матэрыял. Жыццёвы.