«Гэта і ўваходзіла ў мае планы». Ігар Макар расказаў пра аўдыязапіс, апублікаваны МЗС Беларусі

МЗС Беларусі сцвярджае, што былы спецназавец Ігар Макар, які перадаў незалежным СМІ запісы беларускіх сілавікоў, прапаноўваў уладам інфармацыю ўзамен за буйное ўзнагароджанне. У інтэрв'ю «Свабодзе» былы спецназавец пацвердзіў факт такой размовы і расказаў пра яе абставіны.


Былы намеснік камандзіра баявой групы «Алмаз», а цяпер прадстаўнік грамадзянскай ініцыятывы «Беларускі народны трыбунал», даў у панядзелак паказанні ў Кіеве ў справе аб забойстве Паўла Шарамета ў сувязі з публікацыяй гуказапісу 2012 году, у якім фігуруюць беларускія спецслужбы. Нядаўна ён апублікаваў запіс з голасам, які нагадвае намесніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова.

На аўдыязапісы, які апублікавала МЗС, чуваць гутарку супрацоўніка амбасады Беларусі ў Літве з чалавекам, голас якога нагадвае голас Макара, які прапануе за вялікае ўзнагароджанне прадаставіць пэўную інфармацыю. Анатоль Глаз з прэс-службы МЗС заявіў агенцтву Белта, што гэты запіс «недвухсэнсоўна дэманструе відавочныя ашуканскія мэты» Ігара Макара.

У інтэрв'ю «Свабодзе» былы спецназавец пацвердзіў факт такой размовы і расказаў пра яе абставіны.

«У сярэдзіне чэрвеня 2020 года я атрымаў інфармацыю з маіх ананімных крыніц пра тое, што плануецца правакацыя з выкарыстаннем спецпадраздзялення СБП (Службы бяспекі прэзідэнта). Правакацыя заключалася ў тым, што ў выпадку маштабнага пратэсту і страты кантролю над пратэстоўцамі, супрацоўнікі СБП, пераапранутыя ў цывільнае адзенне, пад выглядам пратэстоўцаў адкрыюць агонь на паражэнне па супрацоўніках АМАПу. У сувязі з гэтым будзе ўведзенае надзвычайнае становішча, і з дапамогай сілавога блока, з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі, спэцсродкаў і бронетэхнікі, будзе падаўлены ўвесь пратэст».

Каб пазбегнуць гэтай правакацыі, Макар вырашыў не толькі перадаць яе СМІ, але і паказаць афіцыйнаму органу Беларусі, што пра падрыхтоўку правакацый вядома не толькі спецслужбам. Апрача таго, паводле Макара, СМІ і блогеры адмаўлялі яму ў публікацыі інфармацыі, лічачы гэта правакацыяй.

«Я звярнуўся ў беларускае пасольства ў Вільні. На першай сустрэчы я сказаў, што ў мяне ёсць вельмі важная інфармацыя, якую я гатовы даць і не хачу займацца палітычнай дзейнасцю. Я разумеў, што мне прапануюць наступную сустрэчу, якая ўжо будзе запісвацца. Гэта і ўваходзіла ў мае планы!

На другой сустрэчы мяне запрасілі ў іншы кабінет, і я расказаў поўную інфармацыю рыхтаванай правакацыі з боку спецслужбаў Беларусі. Указаў крыніцу яе атрымання і некаторыя факты, якія пацвярджалі тое, што дадзеная правакацыя рыхтавалася. Таксама я расказаў, што дадзеная інфармацыя атрыманая ад майго інфарматара з КДБ. У адказ супрацоўнік амбасады вельмі моцна прасіў мяне здаць дадзенага супрацоўніка. Але я адразу адмовіў.

Далей, каб мой паход у амбасаду быў падобны на праўду, і мне паверылі, я сказаў, што за інфармацыю хачу атрымаць круглую суму, і спецыяльна расказаў хлуслівую інфармацыю аб тым, што ў Еўропе рыхтуюць забойства былых кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Я разумеў, што інфармацыю правераць і зразумеюць, што гэта не з'яўляецца праўдай. Са мной спыняць дыялог і культурна адмовяць. Так і адбылося. Гэта і з'яўлялася маім вялікім планам, падчас якога я дасягнуў свайго выніку. Інфармацыя пра падрыхтоўку правакацый пасольствам была атрыманая і мною папярэджаная. Я застаўся жывы і працягваю сваю ўжо палітычную дзейнасць».

Макар сцвярджае, што МЗС Беларусі не адважылася апублікаваць запіс усёй размовы ў пасольстве, абмежаваўшыся нарэзкай і кампіляцыяй.

«Ці гатовае МЗС або іншыя органы апублікаваць запіс цалкам?

Якая была праведзена работа работнікамі МЗС для прадухілення дадзенай правакацыі? Ці былі адхіленыя ад службы, датычныя да падрыхтоўкі дадзенай правакацыі, людзі? Ці былі заведзены крымінальныя справы? На жаль, адказу на гэтыя пытанні мы ў бліжэйшы час не даведаемся. Але мы ўдзячныя за публікацыю дадзенага запісу, паколькі ён пацвярджае тое, што афіцыйныя прадстаўнікі беларускай улады ведалі пра рыхтаваныя злачынствы».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: