«Гэта наша сэрца». Вёска пад Гомелем паўстала супраць будоўлі на брацкай магіле

Прама за помнікам загінулым воінам раённыя ўлады выдзелілі ўчастак для будаўніцтва аптэкі.
Перад 75-й гадавінай вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у буйной вёсцы Пакалюбічы Гомельскага раёна людзі ўступілі ў бой за брацкую магілу. Тут пахаваныя каля 500 савецкіх салдат, якія загінулі пры вызваленні вёскі і абласнога цэнтра. І вось нядаўна вяскоўцы даведаліся, што раённыя ўлады выдзелілі ўчастак прадпрымальніку для будаўніцтва аптэкі — прама за помнікам на лужку, у тым месцы, дзе, хутчэй за ўсё, таксама спачываюць астанкі загінулых салдатаў.

Жыхары Пакалюбічы сабралі каля тысячы подпісаў і напісалі некалькі зваротаў, патрабуючы, каб аптэку там не будавалі. І вось у сельскім клубе арганізавалі сустрэчу з уладамі — пагаварыць з людзьмі прыехала старшыня Гомельскага райвыканкама Алена Алексіна. Яна патлумачыла, як так выйшла, што пад будаўніцтва аптэкі далі менавіта гэты ўчастак — прама поруч гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Аказваецца праводзіўся аўкцыён, і ва ўсіх была магчымасць выказацца супраць будоўлі, заўважыла кіраўнік раёна. Людзі адказалі, што першы раз пачулі пра планы па будаўніцтве аптэкі толькі пасля таго, як ўчастак за помнікам пазначылі і высеклі там дрэвы, пасаджаныя ў памяць аб загінуўлых воінах да 75-й гадавіны вызвалення вёскі.

Нават мясцовы дэпутат прызналася, што нічога не ведала аб аўкцыёне, і прачытала свой верш ад імя пахаваных у брацкай магіле:

Господа, пришедшие к власти,
Обращаемся к вам, мы, павшие:
Пожалуйста, ослабьте свои амбиции и страсти!
С вами говорят души воинов,
за Родину жизнь отдавшие…

Людзі ў зале ўсталі і заапладыравалі, а некаторыя і заплакалі.

Старшыня райвыканкама пагадзілася, што пры фарміраванні ўчастку была дапушчана памылка: чамусьці не ўлічылі, што помнік з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і мае ахоўныя межы, дзе нельга будаваць. Але межы гэтыя, чамусьці, не вядомыя:

— Гэта наша памылка, мы яе прызнаем і мы яе выправім. Але зараз немагчыма вызначыць, ці ўвайшоў зямельны ўчастак у межы ахоўнай зоны.

Пазначыць гэтыя межы можна рашэннем выканкама, і для гэтага прапануецца правесці раскопкі. Калі выдзелены пад аптэку ўчастак апынецца ў межах ахоўнай зоны, вынікі аўкцыёну анулююць, а прадпрымальніку пакрыюць выдаткі.

— Не чапайце косткі, не лезьце туды! — панесліся рэплікі з залы. — Вызначце мяжы па сумленні!

Людзі эмацыйна распавядалі дэлегацыі райвыканкама, як жыхары вёскі будавалі брацкую магілу: капалі траншэі, аббівалі іх дошкамі, сцягвалі целы з усёй акругі. Таму парэшткі ляжаць не толькі пад помнікам, а на вялікай плошчы вакол яго.

— Гэта наша сэрца, наша святое месца! Мы не супраць аптэкі, яна нам патрэбна — але чаму нельга яе адкрыць у закінутых будынках або пабудаваць у іншым месцы? — абураліся жыхары вёскі.

Старшыня райвыканкама запэўніла, што ўсе думкі вяскоўцаў будуць улічаныя пры вынясенні рашэння па брацкай магіле, а на пасяджэнне выканкама па гэтым пытанні паабяцала запрасіць прадстаўнікоў грамадскасці Пакалюбічаў.


Паводле kp.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!