Гэта не твая вайна, дзетка…

«Мы ў абавязковым парадку дамо адпаведную прававую ацэнку кожнаму бацьку, які прыцягваў дзяцей на несанкцыянаваныя мерапрыемствы. Мы бачылі прыклады школьнікаў 12-13 гадоў — за іх у поўнай меры нясуць адказнасць бацькі», — гучная заява прэм’ер-міністра Ігара Петрышэнкі 9 верасня 2020 года, роўна праз месяц пасля выбараў.

Ілюстрацыйнае фота 


Клопат аб абароне дзяцей практычна ў кожным слове прадстаўніка ўлады. Вікіпэдыя, якая ведае ўсё пра ўсіх, паведамляе, што Ігар Уладзіміравіч таксама тата, мае дачку. Магчыма і клапатлівы дзядуля — але пра гэта інфармацыі няма. Таму відавочны яго бацькоўскі клопат пра будучыню нашых дзяцей. Але, падаецца, ён не ведае, якімі клопатамі і каштоўнасцямі зараз жывуць дзеці. І малечы у садочку, і падлеткі 11-13 год, пра якіх ён узгадаў.

Відавочна з часам ужо забыліся ўрокі літаратуры ў школе, дзе праграмнымі творамі былі «Гаўрош» Гюго, «Міколка-паравоз» Лынькова, «Сын палка» Катаева і гэтак далей. Іх шмат, захапляльных твораў пра маленькіх «хлопчыкаў-партызанаў», у якіх не заўжды вядома, колькі год галоўнаму герою. І яны ёсць у літаратуры любой краіны. Далёка не факт, што сучасныя дзеці іх чытаюць, але несправядзівасць яны адчуваюць нашмат вастрэй за дарослых. І рэагуюць як на уласны боль.

Ведаеце, якая гульня зараз самая папулярная у дзіцячых садках і дварах? Не паверыце – аўтазак!!! Не казакі-разбойнікі, не хованкі, як у нашым дзяцінстве, а гэта ўжо народная забаўка, калі дзеці рэалізуюць тое, што бачылі ці пра што чулі. І паверце, ніхто з іх не хоча быць злым АМАПаўцам, таму даводзіцца дамаўляцца і па чарзе «быць благім». Яны ўсур’ёз абмяркоўваюць, што ўжо ёсць спецыяльныя дзіцячыя дамы для тых, чые бацькі ўдзельнічалі ў мітынгах. А маленькія дзяўчаткі з гонарам гавораць, што іхнія мамы напэўна таксама «прашацітуткі», бо ходзяць у белай або чырвонай вопратцы!!!

Аднак, гэта былі б не сапраўдныя маленькія Беларусы, каб з дзелавым выглядам на пагрозу апынуцца ў дзіцячым доме, не казалі: «Затое ў 18 год мне дадуць асобную кватэру!!!». Гэта не адпавядае рэчаіснасці, але напрамак думак вельмі зразумелы. Залотае дзяцінства, праўда? Вы таксама жадаеце такую будучыню нашым дзецям?

Вы шукаеце механізм, як прыцягнуць да адказнасці бацькоў? Канешне, што ж яшчэ можна зрабіць, пасада такая і абавязкі. Ды й казна пустая ў нашым казачным каралеўстве. Місія складаная, а як інакш?

Але ж вы, напэўна, не ведаеце, што зараз адбываецца ў школах? А я вельмі добра ведаю, бо маей дачцы 11 год. І штодня яна дзеліцца сваімі ўражаннямі, бо адносіны мама-дачка ўжо перараслі у стадыю мама-сяброўка — дзеці зараз вельмі хутка сталеюць.

Задоўга да 1 верасня у агульных чатах класаў дзеці абмяркоуўвалі, як падлічылі галасы іх настаўнікі, завучы і дырэктары. У нашым выпадку пашчасціла — у складзе камісій настаўнікаў не было, толькі прадстаўнікі дзяржаўных устаноў. Дый дачка адразу сказала, што іх дырэктар не падобны на чалавека, які можа падлічыць няправільна. Гонар і павага! А іншыя? Як дзеці пайшлі вучыцца «добраму, светламу, чыстаму» у тых, пра каго дакладна вядома — здраднік? Як вы сабе гэта ўяўляеце?

Ці ініцыятыва «першы раз у першы клас разам з прадстаўнікамі міліцыі»? Гэта абсурд! Сапсаваць свята дзеткам, якія чакалі зусім іншы прыём, і менавіта таму надоўга запомняць свой першы званок, стаўшы блізкім знаёмствам з тымі, каго ў школе не чакалі. А можа гэта такі намёк, што з першага класа трэба ведаць, як абыходзіцца з кайданкамі?

Ілюстрацыйнае фота


Ведаеце, што адчувае 13-гадовая дачка АМАпаўца, якой даводзіцца даказваць аднакласнікам, што яе тата звольніўся с працы да 9 жніўня, інакш ей аб’явяць байкот і яна стане ізгоем? Якія доказы яна павінна прывесці і чаму? Таму што яе тата быў «адным з іх», а зараз гэтым ніхто не ганарыцца. Іх дзеці зараз вымушаныя хлусіць. Дзіцячая жорсткасць не мае межаў.

Дзеткі у 9-10 год заяўляюць, што зафарбуюць дзяржаўны сцяг у сваім дзённіку!!! Тлумач-не тлумач, што так рабіць нельга — хаваюць пад вокладку, і знаходзяць некалькі спосабаў абазначыць свой сцяг. Пашукайце флэшмобы ў інтэрнэце — іх шмат разнастайных. Дзеткі вельмі таленавітыя і разнастайныя асобы. Яны вельмі добра ведаюць, хто свіой, а хто вораг. Нутром адчуваюць. І для іх не аргумент «савет прафілактыкі», пастаноўка на улік, штрафы. Яне не баяцца «зялёных чалавечкаў», «касманаўтаў» і «АМАП»!!! Зразумейце ж нарэшце: б’еце па бацьках, а рыкашэціць па дзецях! Так было, і так будзе заўжды!!!

Немагчыма татальна кантраляваць падлетка — ён знойдзе 1001 прычыну «пайсці да сяброўкі», «набыць контурную карту, асадку, цыркуль» і гэтак далей. Прапануеце кайданкамі да батарэі прымацоўваць штовечар і кожную нядзелю? Гэта ўжо гвалт над асобай.

Зразумела, што я дала пачытаць інтэрв’ю Петрышэнкі дачцэ з мэтай данесці інфармацыю, каб спыніць: сядзі дома, бо будуць праблемы ў бацькоў. Не заўтра, дык праз месяц — прымаць законы заднім чыслом ужо норма. «Няхай дакажуць, што гэта не я цябе прымусіла са мной разам пайсці! Ты ж хвалюешся за мяне, вось і ахоўвай дзеля ўласнага спакою!» «А як яны ў натоўпе, бедненькія, дзіцё пазнаюць, калі там нават дарослага толкам невідаць?» Сапраўды, як? На любы прыведзены мною аргумент — узважаны контраргумент, часам наіўны, бо яна не ведае, што нашы законы працуюць у адзін бок.

Я не раз казала і паўтарала дачцы: гэта не твая вайна, дзетка! Гэта справа дарослых. Не мы яе развязалі, нас вымусілі. І мне вельмі шкада, што замест урокаў вы абмяркоўваеце, чые суседзі-знаёмыя зараз на Акрэсціна, каго пабілі пасля 9 жніўня, ведаеце, што па першаму разу даюць штраф, а наступныя разы — содні. Ненавідзіце і адначасова шкадуеце «Ябацяк», лічыце іх непаўнавартастнымі, а вымаўляючы гэтае слова-наватвор сарамлівае дадаеце, што «гэта не мат, так усе гавораць». Мне горка і балюча адчуваць, як з дружнага класа вы ператвараецеся ў два варожых лагеры, што у вас ёсць ізгоі ў школе. Дачушка, ты нам патрэбна разумнай, здаровай і без псіхалагічных траўмаў. Мы любім цябе і хочам ганарыцца табой. І гэта не твая вайна. Яна, натуральна, робіць выгляд, што пагаджаецца…

Калісьці гэтая вайна, інакш не назваць, скончыцца. Ва ўсіх казках, якія мы чыталі ў сваім дзяцінстве, дабро перамагае цёмныя сілы. Але колькасць ахвяраў заўжды розная.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: