«Гэта святое месца, і накінуў на яго вяроўку»

Начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Барсукоў пракаментаваў у эфіры тэлеканалу АНТ справу, пачатую супраць актывіста анархісцкага руху Вячаслава Касінерава.

Ілюстрацыйнае фота. Помнік гарадавому ў Мінску

«Некаторыя так званыя праваабарончыя арганізацыі спрабуюць зрабіць з яго нейкую ахвяру. Якая ахвяра? Ён тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці — за хуліганства і псаванне маёмасці. Гэта ўжо, напэўна, неяк характарызуе вышэйназванага грамадзяніна», — сказаў Барсукоў.

Паводле Барсукова, Вячаслаў Касінераў — гэта хуліган:

 

Аляксандр Барсукоў 

«Гэта просты хуліган, на якім кляйма няма дзе ставіць па вялікім рахунку. Які падышоў да помніка (гэта для міліцыянтаў для ўсіх — я 30 гадоў у міліцыі служыў, больш, сам ва ўсіх гарачых пунктах быў — гэта святое месца) і накінуў на яго вяроўку. І невядома, чым бы гэта скончылася, калі б супрацоўнікі міліцыі яго не затрымалі. Вы ведаеце, да чаго можна дакаціцца ў такім выпадку. Так можна прыйсці на плошчу Перамогі і зноў нейкія дзеянні (такія дзеянні, на жаль, ужо мелі месца) зрабіць».

Паводле АНТ, у мінскай міліцыі сказалі, што «за такое пачуццё гумару хулігану ўсё ж давядзецца несці пакаранне. Санкцыі артыкулу прадугледжваюць да трох гадоў пазбаўлення волі».

«Гэта статуя паліцэйскага не з’яўляецца каштоўнасцю» 

Праваабаронца Наста Лойка пракаментавала карэспандэнту “Радыё Свабода” заяву Барсукова. Яна сказала, што ў заяве начальніка мінскай міліцыі ёсць фактычныя памылкі. Праваабаронца нагадала, што раней суд пакараў актывіста за псаванне маёмасці ў вядомай «справе графіцістаў».

 

Наста Лойка

«Гэта значыць, за хуліганства яго прыцягваюць першы раз. Чаму менавіта за гэтую акцыю? Найперш гэта прэвентыўныя меры, каб закрыць яго як актыўнага чалавека, які робіць шмат акцыяў. Па-другое, справа ў тым, што ён замахнуўся на „святое“. Мы адзначалі, што гэты помнік не мае ніякага статусу, гэта не гісторыка-культурная каштоўнасць, гэта частка ўпрыгажэння гораду. І тое, што пераследуюць за гэту акцыю, вынікае, што для міліцыянтаў гэта важна. Хоць для большасці грамадзянаў, якія не давяраюць міліцыі, асабліва ў святле апошніх падзеяў, гэта статуя паліцэйскага не з’яўляецца каштоўнасцю. А абвінавачваюць за хуліганства, таму што ён „парушыў асновы“. Насамрэч гэта была звычайная акцыя, якая можа некаму не падабацца. А для іх гэта святое, гэта апошняя кропля, якую Касінераву не даравалі. Але тут няма ніякіх падстаў для крымінальнай адказнасці».

6 красавіка суд Маскоўскага раёну Мінску адхіліў скаргу Вячаслава Касінерава на прызначаную яму меру стрымання. Таму ён застанецца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Ягоная справа накіраваная ў пракуратуру і неўзабаве пройдзе суд.

 

Вячаслаў Касінераў

Напярэдадні 9 беларускіх праваабарончых арганізацыяў назвалі Вячаслава Касінерава палітычным зняволеным і запатрабавалі ад уладаў Беларусі спынення крымінальнага пераследу і неадкладнага вызвалення актывіста.

Вячаславу Касінераву прад’яўлена абвінавачванне паводле часткі 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу («Хуліганства») за праведзены ім 12 сакавіка каля будынка МУС перформанс. Актывіст накінуў пятлю на статую паліцыянта часоў Расійскай імперыі, пастаўленую ля будынка Міністэрства ўнутраных спраў. Такім чынам Касінераў выказаў пратэст супраць міліцэйскага бясчынства і пераследу ягоных сяброў за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

 www.svaboda.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • АкулинаГость
  • 2018-08-13 17:58:27
Думаю, что сотрудники МВД забыли, что городовой Российской империи служил угнетателям трудящихся и не может быть чем-то "святым" для людей, которые не относят себя к угнетатателям; сотрудники ОВД, похоже, забыли, что в социальном государстве задача милиции - защищать трудящихся, народ!

Больш цікавага на «Новым Часе»: