«Гэта ўвогуле што?» Падатковая дасылае лісты з пытаннямі пра заробкі, атрыманыя 4 гады таму

Падатковая даслала ліст з пытаннямі наконт заробку ў ІП, які жанчына атрымлівала чатыры гады таму. Адзінае тлумачэнне такой цікавасці падатковай да ІП — бізнесовец быў аштрафаваны і адседзеў на сутках за сваю грамадзянскую пазіцыю.
Фота onliner.by

Фота onliner.by

У рэдакцыю Onliner звярнуўся Фёдар, маці якога працавала ў ІП, што шыў адзенне. Праз 4 гады пасля гэтага ёй прыйшоў ліст з падатковай інспекцыі Маскоўскага раёна Мінска з цікавымі пытаннямі.

Напрыклад, інспекцыя цікавіцца, ці атрымлівала жанчына заробак у канверце і ці адрознівалася сума ад названай у ведамасці, а калі нават і не атрымлівала — ці не заўважала такога за іншымі супрацоўнікамі.

Гэты ліст мы атрымалі па пошце пазаўчора, 21 красавіка, — распавядае Фёдар. — Здзіўленая мама прынесла мне яго з пытаннем: «Гэта наогул што?» Хоць жанчыне больш за 50 гадоў, нават ёй не страшна. Мы смяёмся, я дык наогул проста б'юся ў істэрыцы ад усяго таго, што адбываецца. Мы ўсе разумеем, навошта гэта робіцца. 

 

Згаданага ў лісце ІП Фёдар ведае. Працавала ў яго маці Фёдара нядоўга і не на поўную стаўку: «За 3–4 месяцы яна дапамагла наладзіць вытворчы працэс — і на гэтым усё скончылася». Мужчына мяркуе, што такая цікавасць у падатковай да ІП — з-за яго грамадзянскай пазіцыі. Уладальнік бізнесу атрымаў штраф і адсядзеў «сутках» паводле адміністрацыйных артыкулаў.

— Я не бачу больш ніякіх прычын для складання такіх дзіўных лістоў пра пошукі грошай у канвертах. Больш за тое, гэта атрымалі ўсе людзі, якія працавалі ў гэтага чалавека за ўвесь час існавання бізнесу, — кажа Фёдар.

Згодна з лістом, адказаць на яго трэба да 31 красавіка (хоць у красавіку ўсяго 30 дзён). Атрымальнікі лістоў пакуль думаюць, ці адказваць на яго.

— Мы яшчэ думаем, ці адказваць. Калі і адкажам, то максімальна расплывіста. Як наогул можна адказаць на гэтыя пытанні праз 4 гады? — разважае пытаннем Фёдар. — Цікава, што падатковая спасылаецца на артыкул 107-ы Падатковага кодэкса аб падатковых вылічэннях. Адчуванне, што хацелася напісаць хоць што-небудзь, каб ліст пагрозліва выглядаў. Бо ў падатковых вылічэннях ніхто нічога ўсё роўна не разумее.

У артыкуле 107 Падатковага кодэкса гаворка ідзе аб падатковых вылічэннях і парадку іх прымянення. Якое дачыненне гэта мае да меркаванай зарплаты ў канвертах, пакуль не ясна. Журналісты Onliner патэлефанавалі па пазначаным у лісце тэлефоне, але патлумачыць там нічога не змаглі: маюць намер адказваць толькі на пытанні атрымальніка ліста. Onliner спрабуе атрымаць афіцыйны каментар.

Варта згадаць, што ў пачатку сакавіка пытанне пра заробкі ў канвертах усплыла чарговым разам. Лукашэнка, размаўляючы са старшынёй КДК Васілём Герасімавым, загаварыў пра заробкі ў канвертах, якія павінны быць выкараненыя. Пазней у сюжэце БТ Герасімаў паведаміў, што для атрымальнікаў такіх грошай можа быць уведзеная адміністрацыйная адказнасць — калі яны самі не паведамяць пра парушэнні.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: