«Гэта значыць вы сваімі штанамі нічога не хацелі сказаць?» Гарадзенку аштрафавалі за палоску на штанах

Гарадзенку аштрафавалі на 20 базавых за бел-чырвоную палоску на штанах.


Больш за суткі гарадзенка Любоў Сарлай правяла ў ізалятары часовага ўтрымання, а ўчора суддзёй Ленінскага раёна Русланам Гурыным была аштрафаваная на 580 рублёў (20 базавых велічынь) за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў нядзелю, 17 студзеня.

У пратаколе затрымання напісана, што «колер штаноў парушае грамадска-палітычную абстаноўку», распавяла блогу Гродна s13.ru затрыманая гарадзенка.

Суд праходзіў па скайпе. Згодна з паказаннямі сведкі (супрацоўніка АМАП, які затрымліваў абвінавачваную), Любоў Сарлай выкрыквала «Жыве Беларусь». На судовым анлайн-пасяджэнні былі прагледжаныя відэазапісы.

— У той дзень я была без маскі. На відэа бачна, што я не крычу нічога. Я ішла ад кафэ «Гасцінны» да сваёй машыны. Каля моладзевага цэнтра мяне і маю знаёмую затрымалі. Завезлі ў Ленінскі РАУС. Я пыталася ў міліцыянтаў, за што мяне затрымалі. На што яны адказалі пытаннем: "Гэта значыць вы сваімі штанамі нічога не хацелі сказаць?".

Пасля Ленінскага РАУС затрыманых дзяўчат адвезлі ў Кастрычніцкі. Нягледзячы на тое, што ў Любові Сарлай маюцца двое маленькіх дзяцей (2 года і 6 гадоў), больш за суткі яна правяла ў ІЧУ. Суд адбыўся на наступны дзень.

— Я сваю віну не прызнала. Малюнак на штанах завадскі. Акрамя таго, гэтыя штаны я нашу з 2014 года і раней праблем ніколі не было, — распавядае Любоў.

Раней прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама паведамляла аб затрыманні ў гэты дзень чатырох пратэстоўцаў, якія абазначылі сябе незарэгістраванай сімволікай, у дачыненні да дваіх пачаты адміністрацыйны працэс.

— У дачыненні да дзвюх жанчын, якія агрэсіўна сябе паводзілі і выкрыквалі лозунгі, распачаты адміністрацыйны працэс, яны змешчаныя ў ІЧУ, — распавядаў Яўген Дудко, афіцыйны прадстаўнік УУС Гарадзенскага аблвыканкама.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: